Для чалавека 75 гадоў — гэта цэлае жыццё, для газеты — цэлая эпоха. Неаднаразова мяняліся назва выдання, яго галоўныя рэдактары, карэспандэнты. Але нязменнай заставалася папулярнасць раёнкі. Нягледзячы на тое, што ўжо 30 гадоў пастаянна не жыву на Пастаўшчыне, я заўсёды з цікавасцю чытаю газету, стараюся не прапусціць ніводнага нумара. Стала добрай традыцыяй, што маці збірае ўсе нумары, я прыязджаю і ўважліва перачытваю. Дзякуючы газеце ў нейкай ступені захоўваецца повязь з малой радзімай. Асаблівае стаўленне да раённай газеты было закладзена яшчэ ў дзяцінстве. Наколькі я памятаю, бацькі ўсё жыццё выпісвалі  раённую “Звязду”, пасля — “Пастаўскі край” і з нецярпеннем чакалі газету.  Найперш чыталі раённыя навіны, а затым чарга даходзіла да іншых рэспубліканскіх і саюзных выданняў. Пачуццё паважлівых адносін да раёнкі перадалося і мне. Праўда, з гадамі ўспрыманне газеты мянялася. Зразумела, што ў школьныя гады грамадска-палітычныя і эканамічныя падзеі мала цікавілі, але засталося ў памяці тое, як пільна сачылі вяскоўцы за сельскагаспадарчымі дасягненнямі калгасаў раёна, што асвятляліся на старонках газеты. Заўсёды радаваліся, калі наш калгас “Сцяг Перамогі” займаў лідарскія месцы па ўборцы збожжавых або надоях малака, сачылі за прозвішчамі пераможцаў. Як сапраўдная падзея ўспрымаліся артыкулы, прысвечаныя аднавяскоўцам.

Мне не хапала роднай газеты падчас службы ў арміі на далёкім касмадроме “Байканур”. Сярод чужых казахскіх стэпаў гэта асабліва востра адчувалася. Памятаю, з якім вялікім задавальненнем і радасцю атрымаў нумар газеты, у якім і я стаў героем: камандаванне вайсковай часці ў якасці падзякі за добрую службу даслала на адрас рэдакцыі ліст. Да гэтага часу той нумар газеты захоўваецца ў сямейным архіве. Сёння гляджу на раёнку ўжо крыху па-іншаму:  з пазіцый жыццёвага вопыту, узросту і прафесіі. Радуе, што “Пастаўскі край” ідзе ў нагу з часам, удала спалучае традыцыі і інавацыі.

У газеце заўсёды можна знайсці інфармацыю на любы густ: палітычныя навіны, навіны сацыяльнай сферы, гістарычныя звесткі, кранальныя матэрыялы пра лёсы нашых землякоў, лю­дзей розных прафесій і прадстаўнікоў розных пакаленняў, карысныя парады, забаўляльную інфармацыю. А галоўнае — газета выступае асноўным інфарматарам пра жыццё нашага раёна. Перыядычна з’яўляюцца новыя рубрыкі, ідзе пастаянны творчы пошук. І гэта радуе. Пахвальна, што з’явілася электронная версія газеты, і цяпер з яе зместам можна азнаёміцца ў любым кутку планеты.

За гады свайго існавання для многіх “Пастаўскі край” стаў надзейным  дарадцам і верным сябрам, з якім дзеляцца сваёй радасцю, звяртаюцца ў часіны смутку. Я заўсёды з цікавасцю чытаю пра жыццё і лёс пастаўчан, літаратурную старонку, віншаванні. Не абмінаю ўвагай і рэкламу. Нягледзячы на яе ўніверсальны характар, заўважаецца і мясцовы каларыт. Асаблівую цікавасць выклікаюць края­знаўчыя матэрыялы Ігара Пракаповіча. Некаторыя звесткі, апублікаваныя на старонках раённай газеты,  выкарыстоўваю і ў сваёй рабоце. З нецярпеннем чакаў у свой час выхаду публікацыі Яўгена Чарэнкі “Логавінскія валокі”. Гэты пазнавальны матэрыял пэўным чынам падштурхнуў мяне да стварэння ў сааўтарстве з С. А. Жук кнігі пра родную вёску Пятрагі, якая, упэўнены, дапаможа захаваць на многія гады памяць пра яе жыхароў і старонкі вясковага жыцця. Хацелася б, каб яшчэ больш месца на старонках газеты адводзілася ўспамі­нам нашых старажылаў.

Хачу адзначыць узорнае моўнае аблічча газеты, высокі прафесіяналізм яе рэдактараў і карэктараў. Часта нават у знакамітых рэспубліканскіх выданнях адзначаюцца моўныя хібы. Адметная рыса, што на старонках нашага “Пастаўскага краю” пільна сочаць за захаваннем чысціні мовы. Разам з тым у мяне выклікае пэўную занепакоенасць павелічэнне колькасці рускамоўных публікацый.

Жадаю газеце шматлікай аўдыторыі падпісчыкаў і доўгіх-доўгіх гадоў жыцця, а яе стваральнікам — здароўя, аптымізму, натхнення, новых творчых ідэй і праектаў, шчасця і дабрабыту.

Ігар КАПЫЛОЎ,  вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры 

імя Я. Коласа і Я. Купалы 

Дата публикации: 1 Октября, 2014

Нет комментариев