Яе народазнаўства пачыналася на Пастаўшчыне… в Поставах

Кожны раз, калі даводзілася  сустракаць  Ванду Бароўка ў залах Віцебскай абласной бібліятэкі — а яна тут вельмі часты госць — я міжволі ўзгадваў сцвярджэнне філосафа  Д. Дзідро: “Людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць”. А Ванда Юльянаўна,  наведваючы бібліятэкі  ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, не проста чытае — сама піша навуковыя даследаванні, метадычныя працы для студэнтаў ВНУ, супрацоўнічае з часопісамі, часта выступае на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях. Яна вядомы айчынны літаратуразнаўца, па-сапраўднаму аддадзены Яе Вялікасці Кнізе. І каб напісаць чарговую кнігу ці артыкул даследчага характару, нярэдка гадамі збірае  неабходныя звесткі, перачытвае мноства старых і новых выданняў, падымае  колішнюю перыёдыку.

Гэты артыкул — нагода перачытаць і асэнсаваць літаратуразнаўчыя працы В. Бароўка і звярнуць увагу не толькі на нейкія прыёмы і аналітычныя алгарытмы, але і на філалагічную культуру: успрыняцця, тлумачэння і інтэрпрэтацыі ёю як літаратурнай класікі, так і сучасных кніг.

Яе малая радзіма — вёска Васілеўшчына Пастаўскага раёна.  Любоў да літаратуры прывяла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння з 1981 года працавала настаўніцай у Віцебску, затым — выкладчыцай Віцебскага педінстытута, прая­віўшы сябе на поўную моц падараванага ёй лёсам таленту, з рэдкай цягавітасцю і ўпартасцю. Скончыла аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме: “Праблема характару ў беларускай прозе пачатку ХХ стагоддзя”. Даследчыца на матэрыяле айчыннай прозы адзначанага перыяду прэзентавала панараму створаных у гэты перыяд літаратурных характараў і тыпаў, здолела скрупулёзна і паглыблена асэнсаваць мастацкую канцэпцыю асобы як сістэму эстэтыка-філасофскіх поглядаў на чалавека. У дысертацыі ўтрымліваюцца некаторыя новыя падыходы да інтэрпрэтацыі мастацкіх з’яў, народжаных у гэту вірлівую эпоху.

У 1993 годзе ёй было прысвоена званне дацэнта. Дактарантуру скончыла ў 2004-ым. Абараніла доктарскую дысертацыю па тэме: “Мастацкае народазнаўства ў беларускай прозе ХХ стагоддзя”. У 2011-ым стала доктарам філалагічных навук. Навукоўца на багатым фактычным матэрыяле абгрунтавала, што ў многіх творах ХХ стагоддзя створана шырокая панарама народнага жыцця, праўдзіва перада­дзены як каларыт і асаблівасці гістарычных эпох, так і характары герояў. Дысертацыя прываблівае сваёй багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем малавядомых фактаў, якія даследчыца здабывала ў выніку карпатлівых пошукаў.

У ёй аўтар вызначыла мастацкае народазнаўства як адметную рысу беларускай прозы ХХ стагоддзя, асэнсавала феномен народазнаўства як шматзначнай, рознаўзроўневай і поліфункцыянальнай з’явы, важнай крыніцы ўзбагачэння нацыянальна-самабытных асноў  нацыянальнага мастацтва з улікам прыроды літаратурнай вобразнасці. Яна грунтоўна разгледзела літаратурныя творы з улікам іх агульнастылявой спецыфікі (рамантычнай — Карусь Каганец, ранні Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі, Уладзімір Караткевіч, Вольга Іпатава; рэалістычнай — Якуб Колас, Лукаш Калюга, Іван Мележ, Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык; мадэрнісцкай — поліфанічныя творы Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Віктара Казько). Дала выдатнае тлумачэнне шматстайнасці народазнаўчага матэрыялу ў празаічных жанравых формах,  распрацавала класіфікацыю тыпаў, вызначыла асноўныя функцыі ў сістэме літаратурнага твора,вылучыла сродкі і прыёмы ўвасаблення ў беларускай прозе, што, безумоўна, узбагачае метадалогію вывучэння агульна-тыпалагічнага і нацыянальна-спецыфічнага ў іншых літаратурах свету.

Нельга не адзначыць, што літаратуразнаўчы аналіз вучонага заўсёды вызначаецца аб’ектыўнасцю, высокім узроўнем мастацкіх і этычных крытэрыяў, уменнем выявіць канкрэтна-гістарычнае і тыповае, раскрыць філасофскую напоўненасць думкі пісьменніка. Характэрным для яе стылю з’яўляецца амаль пастаянны зварот да аналагічных прац літаратуразнаўцаў, іх асноўных ідэй, выяўленне моцных і слабых бакоў, што робіцца заўсёды далікатна і тактоўна. Яе працы значныя тым, што яна выступае адначасова і скрупулёзным даследчыкам, і аўтарам, захопленасць якога роднай літаратурай перадаецца і нам, чытачам.

Да Уладзіміра Дубоўкі — свайго земляка, ураджэнца вёскі Агароднікі — у даследчыцы прыязнасць асаблівая. “О Беларусь, мая шыпшына”, — напісаў некалі знакаміты папярэднік. Гэтыя словы можна лічыць эпіграфам да ўсёй яго творчасці. В. Бароўка напісала працу “Кніга У. Дубоўкі “Пялёсткі” як жанрава-стылявы феномен”. Даследчыца паказвае, што ён стварыў выдатную кнігу хрэстаматыйных апавяданняў, у аснову якіх ляглі па­дзеі, факты, перажытыя самім пісьменнікам, у тым ліку на Пастаўшчыне. Такая аўтабіяграфічнасць і дала падставу вызначыць жанр кнігі — апавяданні-ўспаміны. Усе гэтыя творы цікавыя сваёй пазнавальнасцю, мастацкай асэнсаванасцю фактаў і пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці.

Кола імёнаў, на фоне якіх В.Бароўка разглядае айчынную прозу, паэзію, пастаянна пашыраецца: Л. Рублеўская, В. Вальтар, Т. Шаўчэнка, М. Багдановіч, У. Крастоўскі, С. Жэромскі, Я. Ніедрэ, Я. Купала, Я. Райніс, У. Арлоў, В. Ластоўскі, У. Дубоўка і многія іншыя. Сур’ёзна вывучае даследчыца і дзейнасць вядомых у Беларусі літаратуразнаўцаў, піша артыкулы пра вядомых вучоных Віктара Каваленку, Івана Навуменку, што працавалі ў Інстытуце літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, яна ведала іх асабіста. Даследуе і спадчыну Яўгена Барычэўскага. (Дарэчы, у 1927 годзе ў Мінску былі выдадзены яго працы “Тэорыя санету” і “Паэтыка літаратурных жанраў”, якія даволі грунтоўна ў тагачасным беларускім літаратуразнаўстве тлумачылі прыроду мастацтва ў яго сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі з’явамі.) Піша даследаванне “Праблема ўзаемаадносін мастацтва слова і рэчаіснасці ў артыкулах Вацлава Ластоўскага”.

Аднак важная не колькасць акрэсленых імёнаў сама па сабе, а глыбіннае адчуванне іх прысутнасці ў літаратурным кантэксце, што дало даследчыцы магчымасць паказаць маштабы пісь­мен­ніцкага кругагляду, зацікаўленасць многіх мастакоў фундаментальнымі праблемамі народнага існавання. Яе зацікавілі сур’ёзна, глыбока і надоўга менавіта “народнае існаванне”, народа­знаўства, сама шматграннасць адлюстравання вобразаў беларускага народа. Прычым вельмі асабіста, эмацыянальна, інтэлектуальна-ацэначна. У даследчыцы В. Бароўка бачым рэальны, з павагай да першакрыніц выкананы аналіз узораў беларускага пісьменства. І гэтае ідэйна-эстэтычнае даследаванне значнае і паспяховае, дзякуючы абавязковай для добрага філолага культуры ўспрыняцця, суперажывання, разумення, а затым індывідуальнай інтэрпрэтацыі.

Яе надзвычай хвалюе адлюстраванне гісторыі ў літаратуры. Напісала даследаванні “Мастацкая інтэрпрэтацыя паўстання 1863 года ў беларускай, рускай і польскай літаратурах XIX стагоддзя”, “Мастацкая інтэрпрэтацыя паўстання 1863 года ў рамане Усевалада Крастоўскага “Крывавы пуф” і ў творах Стэфана Жэромскага”. Не магла абмінуць увагай і крывавыя падзеі ХХ стагоддзя — Першую сусветную і Другую сусветную войны. Піша працы “Першая сусветная вайна ў мастацкім адлюстраванні беларускіх празаікаў першай трэці ХХ стагоддзя”, “Беларуская літаратура пра Вялікую Айчынную вайну ў асэнсаванні пісь­мен­нікаў першай паловы 1940-ых гг.” Напрыклад, даследчыца паказала, што неад’емнай і вызначальнай часткай жыццёвага вопыту многіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя стаў іх асабісты ўдзел у Першай сусветнай вайне, і, глыбока ўзрушаныя бязмежнай жорсткасцю франтавой рэчаіснасці, яны не маглі не адлюстраваць гэтыя ваенныя драмы ў сваёй творчасці.

Аспекты яе даследаванняў надзвычай шматгранныя: “Мастацкі этнаграфізм як прадмет даследавання”, “Эстэтычная рэпрэзентацыя этнанацыянальнай рэчаіснасці ў беларускім рамане XXI стагоддзя”, “Горад у мастацкім асэнсаванні беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя”, “Віцебск у творах пісьменнікаў Беларусі ХІХ стагоддзя”, “Раман “Народжаныя пад Сатурнам” Віктара Вальтара як жанрава-стылявы феномен”, “Вобраз творцы ў аповесцях Т. Шаўчэнкі і ў апавяданнях М. Багдановіча”, “Літаратурныя сувязі Віцебшчыны і Латгаліі ў першай палове ХІХ стагоддзя”, “Латгалія ў рамане “I вецер гуляе на пажарышчы…” Яніса Ніедрэ і ў аповесці “Дзень, калі ўпала страла” Уладзіміра Арлова”, “Іншанацыянальная рэчаіснасць у творчасці сучасных беларускіх празаікаў”, “Мастацкае народа­знаўства ў лірыцы: на матэрыяле вершаў Янкі Купалы і Яна Райніса”, “Вершы, прысвечаныя пісь­меннікам, у паэзіі Янкі Купалы”, “Асоба і творчасць класіка на фоне эпохі”, “Мастацкі этна­графізм у сучасным беларускім рамане”, “Асоба і творчасць Якуба Коласа ў асэнсаванні Петруся Броўкі і Міхася Лынькова” і многія іншыя.

Як жанчыну даследчыцу не маглі не зацікавіць літаратурныя папярэдніцы і сучасніцы-творцы: “Мастацкая інтэрпрэтацыя асобы Цёткі ў рамане “Крыж міласэрнасці” В. Коўтун”, “Раманы Л. Рублеўскай як мастацкі дыялог з жанравай традыцыяй”. Яна выяўляе суадносіны дэкаданснага рамана і твора Л. Рублеўскай “Дагератып”.

Навуковыя інтарэсы прафесара В. Бароўка заўсёды былі шматграннымі і надзвычай насычанымі: літаратуразнаўства, літаратура і гістарычная рэчаіснасць, літаратура і этнас, этнаграфія, гісторыя, філасофія. Аднак найбольш яна паглыбілася ў наступныя ракурсы: стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ХХ стагоддзя, узаемадзеянне літаратуры і этнаграфіі, даследаванне мастацкага этнаграфізму як важнай ідэйна-сэнсавай асаблівасці беларускай прозы. Яна стварыла цэлую школу ў ВДУ імя П.Машэрава — “Мастацкае народа­знаўства”.

Нельга не сказаць і пра талент Ванды Юльянаўны як выкладчыцы. Прафесар чытае студэнтам Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта наступныя дысцыпліны: тэорыя літаратуры, уводзіны ў літаратуразнаўства, этналітаратуразнаўства, кампаратыўнае літаратуразнаўства, гісторыя сусветнага літаратуразнаўства, метадалогія сучаснага літаратура­знаўства. Прычым распрацавала дапаможнікі і даведнікі па гэтых дысцыплінах: “Этналітаратуразнаўства: спецыфіка, шляхі развіцця”, “Кампаратыўнае літаратуразнаўства”, “Гісторыя сусветнага літаратуразнаўства”, “Уводзіны ў літаратуразнаўства”, “Выкладанне гісторыі літаратуры ў сучасных умовах”, “Метадалогія сучаснага літаратуразнаўства”. На сваіх лекцыях імкнецца перадаць студэнтам агеньчык сваёй шчодрай і неабыякавай душы, паказаць і даказаць ім, што без сапраўднай літаратуры жыць сумна і нецікава.

Ванда Бароўка плённа працуе, любіць Бацькаўшчыну і народ, родную Пастаўшчыну, яе непаўторную прыроду, верыць у шчаслівы заўтрашні дзень сінявокай Беларусі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г. Віцебск.

Дата публикации: 8 Июля, 2017

Нет комментариев