Зямным каханнем знітаваныя в Поставах

17 чэрвеня споўнілася 50 гадоў, як Мікалай Цімафеевіч і Марыя Міхайлаўна Чарэнка згулялі вяселле і з таго часу поруч крочаць па жыцці. Дзеці і ўнукі вырашылі зрабіць ім падарунак і арганізаваць урачыстую цырымонію рэгістрацыі юбілейнага шлюбу, правесці якую ў бацькоўскую хату запрасілі работнікаў Курапольскага  сельвыканкама і мясцовага Дома культуры.

Падыходзім да дых-тоўнага дома. Вакол яго — ідэальны па-радак. Як высветлі-лася потым, першае ўражанне не было памылковым — Мікалай Цімафеевіч і Марыя Міхайлаўна сапраўды надзвычай дбайныя гаспадары: іх дом па выніках агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан неаднойчы прызнаваўся пераможцам у намінацыі “Дом узорнага парадку”. Гэтак жа светла і ўтульна і ў самім будынку, дзе вельмі ветліва і шчыра сустрэлі гасцей.

І вось апошнія прыгатаванні завершаны. У залу пад марш Мендэльсона ўваходзяць залатыя юбіляры разам з дачкой Наталляй, зяцем Генадзіем, нявесткай Інай і ўнучкай Веранікай. Старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык, якому выпаў гонар рэгістраваць залаты шлюб, запрашае “маладажонаў” стаць на ручнік, бо спрадвеку лічыцца, што зрабіць гэта ў пары — значыць, выбраць сабе спадарожніка на ўсё жыццё, прапануе ўзгадаць сваё вяселле.

Нават праз паўстагоддзя муж і жонка без замінкі ўспамінаюць, якое стаяла надвор’е, колькі было гасцей і што яны зычылі маладым. Выдатна памятаюць юбіляры і сваю першую сустрэчу, што адбылася на танцах у Васі­лінах. Тады Мікалай толькі вярнуўся з тэрміновай службы ў марфлоце і, як толькі убачыў Марыю, адразу сказаў сябрам: “Гэта мая”. І ён спадабаўся дзяўчыне: малады, прыгожы, з кучаравым чубам. Каханне ўскружыла галовы абаім. Ды так, што не было ніякіх сумненняў: яно сапраўднае, на ўсё жыццё. Таму і з вяселлем марудзіць не сталі — згулялі праз тры месяцы пасля знаёмства.

Марыя Міхайлаўна 25 гадоў адпраца-вала спачатку шва- чкай, затым — за- гадчыцай Курапольскага камбіната бытавога абслугоўвання, потым былі трыкатажны цэх і склад гаруча-змазачных матэрыялаў. Мікалай Цімафеевіч усё жыццё шчыраваў у калгасе, у тым ліку чвэрць стагоддзя — на камбайне падчас жніва. Дома трымалі вялікую гаспадарку. Доўгі час былі найлепшымі малаказдатчыкамі ў гаспадарцы. Зараз засталіся толькі куры, качкі, агарод ды сабачка Люся — на большае не хапае здароўя.

 — Ведалі б вы, якая ў мяне ўдалая жонка, — з гонарам гаварыў Мікалай Цімафеевіч. — Паглядзіце, якія градкі клубніц насадзіла. Усе вяскоўцы тэлефануюць ёй, нібы аграному, каб параіцца, калі высаджваць тую ці іншую агародніну, які гатунак выбраць. За ёй і я жыццё пражыў лёгка. Вядома, і сам умеў касіць, араць ды дровы шчапаць.

Залатыя юбіляры з дачкой, зяцем, нявесткай і ўнучкай.

З яшчэ большым гонарам і пяшчотай юбіляры гавораць пра дзяцей, унукаў і праўнукаў. Сын Анатолій з жонкай жывуць у Кураполлі, іх дачушка Даша з трыма дзеткамі і мужам — ва Украіне. Дачка Наталля з сям’ёй — у Літве. Усе яны частыя госці ў бацькоўскім доме. А калі не атрымліваецца зайсці або прыехаць, абавязкова тэлефануюць, цікавяцца жыццём-быццём.

— Мінула шмат яркіх і памятных дзён. У залатую мудрасць выспеў ваш жыццёвы вопыт. Ніякія цяжкасці і выпрабаванні, якіх таксама было нямала, не здолелі азмрочыць радасць сумеснага жыцця, — гаварыў М. М. Яльчык. — Але перш чым зарэгістраваць залаты шлюб, мушу запытаць: ці згодны вы і надалей любіць і шанаваць адно аднаго, быць мужам і жонкай?

Канешне ж, згодны! Што і пацвердзілі сваімі подпісамі ў кнізе рэгістрацыі. Тое ж самае зрабілі іх дачка і ўнучка. Мікалай Мікалаевіч павіншаваў усіх з памятнай падзеяй, уручыў юбілейнае пасведчанне аб заключэнні шлюбу, прапанаваў “маладажонам” замацаваць яго пацалункам, а таксама запаліць свечкі, бо агонь з’яўляецца сімвалам сямейнага ачага, вечнага кахання і сяброўства. А затым, як і пяцьдзясят гадоў таму, сямейную пару за­кружыў вясельны вальс…

Ад шчырага сэрца сваіх родных і любімых віншавалі дачка, зяць, нявестка і ўнуч- ка. І дзякавалі за тое, што заўсёды былі прыкладам, дапамагалі вырашаць любыя праблемы, падтрымлівалі, вучылі.

Навучэнка мясцовай школы Дзіяна Вілюліс выканала для “маладажонаў” мілагучную лірычную песню, а загадчыца ДК Марына Антонаўна Смулько і мастацкі кіраўнік гэтай установы Валянціна Уладзіміраўна Міхалевіч — жартоўную, у якой зычылі юбілярам, каб да іх хаты не ведалі сцежкі ні ўрач, ні адвакат і каб на ўсім вяку ім было лёгка на сэрцы і цяжка ў кашальку. Віншавальную эстафету завяршылі Ніка Гінько, Крысціна і Лэйла Савасцьянавы, якія паднялі ўсім настрой запальным танцам маленькіх качанят.  

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

Дата публикации: 8 Июля, 2017

Нет комментариев