16 июля потеряна цепочка с крестиком. Огромная просьба: верните пожалуйста хотя бы крестик за хорошее вознаграждение. Телефон: +375 (29) 898-40-83, либо напишите на адрес редакции сайта - info@postavy.by
Огромное Вам человеческое спасибо!
Найлепшыя ў рэспубліцы, блізкія да кожнага (+фота) в Поставах

Г. А. Леўкавец уручае Ганаровую грамату А. С. Купран.

1 ліпеня сваё прафесійнае свята адзначылі кааператары краіны. Сёлета яно было асаблівым — 22 чэрвеня споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. У сувязі з гэтым у раённым Доме культуры адбыўся ўрачысты сход, на які сабраліся тыя, хто цяпер працуе ў галіне, ветэраны спажыўкааперацыі Пастаўшчыны, ганаровыя госці.

Урачыстасць пачалася з прагляду відэафільма пра работу спажывец-кай кааперацыі Беларусі. У ім расказвалася пра нялёгкую справу забяспечваць пакупнікоў якаснай прадукцыяй, пастаянна абнаўляць і расшыраць яе асартымент, што­дзень, у любое надвор’е своечасова дастаўляць прадукты харчавання і іншыя тавары жыхарам не толькі буйных гарадоў, але і маленькіх, аддаленых вёсачак.

Затым слова ўзяў заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь старшыня праўлення райспажыўтаварыства Г. А. Леўкавец. Ад імя праўлення і сябе асабіста Грыгорый Арсенцьевіч павіншаваў усіх пайшчыкаў, ветэранаў і работнікаў кааперацыі раёна са святам, зрабіўшы невялікі экскурс у гісторыю галіны, якая зарадзілася на беларускай зямлі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя і за 150 гадоў існавання прайшла доўгі і складаны працэс фарміравання.

— Сёння спажывецкая кааперацыя рэспублікі — адна з найбольш буйных грамадска-гаспадарчых структур, якая аб’ядноў­вае 665 тысяч пайшчыкаў і забяспечвае занятасць больш чым 70 тысячам работнікаў, — працягваў ён. — Спажыўцамі тавараў і паслуг Белкаапсаюза з’яўляюцца амаль 3 мільёны жыхароў краіны. Зараз нам даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з сеткавікамі. Магчыма, яны зручнейшыя па фармаце і багацейшыя па асартыменце, але ў нас ёсць адна бясспрэчная перавага: у большасці населеных пунктаў магазіны, аўталаўкі, нарыхтоўчыя пункты і аб’екты грамадскага харчавання Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў — галоўныя пляцоўкі для сустрэч і зносін мясцовага насельніцтва. Работнікі спажыўкааперацыі як ніхто іншы блізкія да простых людзей. Сустракаючыся з імі штодня, яны ведаюць усё пра іх патрэбы і інтарэсы.

Ветэраны спажыўкааперацыі раёна: Т. В. Татарчук, Г. М. Палтаржыцкая, Г. П. Дунец, Л. Р. Ляўковіч, Р. В. Дзявяткіна, Я. В. Масцяніца, Д. В. Ціхановіч, Г. А. Дунаева, Н. Л. Вялічка.

Ключавой фігурай сістэмы спажывецкай кааперацыі заўсёды быў і застаецца пайшчык. Сёння на Пастаўшчыне гэта сістэма аб’ядноўвае 12900 членаў-пайшчыкаў, мае разгалінаваную сетку прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак і прамысловасці, уласнае будаўніцтва і транспартную арганізацыю, сучасны нарыхтоўча-перапрацоўчы комплекс. На прадпрыемствах райспажыўтаварыства працуюць 800 чалавек, 540 з якіх — кадры масавых прафесій. Гэта прадаўцы, повары, кандытары, пекары, вадзіцелі, нарыхтоўшчыкі і г.д. Яны знаходзяцца на пярэднім краі сферы абслугоўвання насельніцтва. Дзякуючы іх высокай кваліфікацыі, творчаму падыходу да справы, адданасці кааператыўным прынцыпам і каштоўнасцям, да шматлікіх узнагарод, якія ўжо маюць кааператары, сёлета дабавіліся новыя.

Так, пры падвядзенні Віцеб­скім аблспажыўсаюзам вынікаў работы за 2016 год Пастаўскае рай­спажыўтаварыства, як заўсёды ва ўсім першае, атрымала заахвочвальную прэмію. На ўрачыстым сходзе ў Белкаапсаюзе яму ўручаны Ганаровы знак “За высокія дасягненні ў арганізацыі грамадскага харчавання”. Гэта значыць, што наша грамадскае харчаванне прызнана найлепшым у краіне. Невыпадкова фільм, які быў паказаны ў пачатку сходу, зняты ў асноўным на аб’ектах Пастаўскага раёна. У мінулым годзе на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката-2016” хлеб “Муромский любительский” і “Монастырский” заваявалі сярэбраныя медалі, а хлеб “Царский с сухофруктами” — гран-пры. На сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў г. Эрфурце (Германія) майстар-кандытар філіяла “Каапгандаль №2” Святлана Карандашова заняла другое месца і ўзнагароджана сярэбраным медалём, майстар-повар Галіна Зямчонак была трэцяй і атрымала бронзавы медаль. Сёлета ў фінале рэспубліканскага міжгаліновага конкурсу прафе­сійнага майстэрства “Беларускі майстар-2017” Галіна Анатольеўна ўдастоена гран-пры.

Г. А. Леўкавец падзякаваў прадстаўнікам раённай улады за тое, што ў няпростыя 1990—2000 гады пастаўская спажыўкааперацыя атрымала новае развіцце, актыўна вялося будаўніцтва вытворчых і гандлёвых аб’ектаў. Словы шчырай удзячнасці адрасаваў таксама ветэранам галіны, чыя вялікая заслуга ў тым, што сёння сістэма жыве і развіваецца. Грыгорый Арсенцьевіч уручыў ветэранам грашовыя сертыфікаты і пажадаў ім і ўсім прысутным у зале моцнага здароўя, міру, дабрабыту і працвітання.

Ніводная ўрачыстасць не абыходзіцца без гасцей. Павіншаваць кааператараў з прафесійным святам і 100-гадовым юбілеем Белкаапсаюза прыйшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў, былы старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Ф. Януковіч, начальнік разлікова-касавага цэнтра №17 у г. Паставы ААТ “Бел­аграпрамбанк” Д. М. Собаль, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №230 філіяла №216 ААБ “Беларусбанк” Л. Л. Касарэўскі і дырэктар камбіната бытавога абслугоў­вання Л. В. Федарэнка.

— Кіраўніцтву раёна вельмі прыемна, што ў вобласці і рэспубліцы пастаўскіх кааператараў адзначаюць як лепшых у краіне, — гаварыў, падняўшыся на сцэну, Віктар Пятровіч Арэхаў. — Вы робіце вялікую і складаную работу, забяспечваючы каля 40 працэнтаў агульнага тавараабароту ў раёне. Ад ваш залежыць сацыяльны спакой на сяле. Далейшых вам поспехаў, не здавайце занятых пазіцый, па-ранейшаму будзьце наперадзе, а моладзь няхай бярэ прыклад у працы з ветэранаў.

— Спажыўкааперацыя перажыла розныя часы, але заўсёды працавала для чалавека. Я лічыла і лічу яе самай складанай і вядучай галіной народнагаспадарчага комплексу, — зазначыла Ванда Фердынандаўна Януковіч і прыгадала, як стваралася база, на якую цяпер абапіраецца галіна.

Разам з пажаданнямі заўсёды быць першымі, надзейнымі і прыбытковымі яна ўручыла Г. А. Леўкаўцу невялікі падарунак. Свае віншаванні і пажаданні віноўнікам урачыстасці выказалі Л. В. Федарэнка, Л. Л. Касарэўскі і Д. М. Собаль, якія прыйшлі таксама не з пустымі рукамі. Былі зачытаны віншавальныя тэлеграмы ад старшынь праўленняў Белкаапсаюза В. М. Іванова і Віцебскага аблспажыўсаюза А. М. Шынкарэнкі. Ад імя ветэранаў выступіў Я. В. Масцяніца.

Па традыцыі на свяце адзначылі лепшых работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна. Пад апладысменты прысутных Ганаровую грамату Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь атрымала першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Ганна Мечыславаўна Сянько, Ганаровую грамату Белкаапсаюза і Прэзідыума рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі — начальнік вытворчай лабараторыі філіяла “Каапгандаль №2” Святлана Іосіфаўна Чалей, Ганаровую грамату Віцебскага аблспажыўсаюза і абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі — прадавец магазіна в. Сакуны Алена Станіславаўна Купран. Крыху раней Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання быў узнагароджаны Грыгорый Арсенцьевіч Леўкавец.

С. І. Чалей і Г. М. Сянько з узнагародамі.

Многім працаўнікам уручылі граматы і Падзякі райвыканкама і праўлення райспажыўтаварыства, грашовыя прэміі да іх. 150 чалавек атрымалі каштоўныя падарункі. Акрамя таго, рашэннем праўлення і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі раённага спажывецкага таварыства 9 работнікам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё галін дзейнасці і дабіліся найлепшых вынікаў у працы, прысвоены ганаровыя званні па намінацыях. Так, лепшым камерцыйным работнікам прызнаны намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” А. П. Дрозд, інжынерна-тэхнічным — інжынер па ахове працы гэтага ж філіяла А. І. Кусяк, лепшым вытворцам — начальнік участка (хлебазавод) Н. У. Марціна. Адпаведных званняў удастоены эканаміст па цэнах філіяла “Каапнарыхтпрамгандаль” І. П. Аляксеева, бухгалтар філіяла “Каапгандаль №2” А. У. Маслоў­ская, прадавец магазіна в. Юнькі Л. А. Бондар, повар С. В. Журомская, кандытар Я. І. Гушча, вадзі­цель У. Л. Лашук.

Завяршылася ўрачыстасць святочным кан-цэртам. Перад пры-сутнымі выступілі, яшчэ больш узняўшы усім настрой, Рыма Собалева, Аксана Гінько, Наталля Свілёнак, Дар’я Гагалінская, узорная цыркавая студыя “Каскад”, узорная вакальная студыя “Юніта”, народная эстрадная група “25 плюс-мінус” і самыя юныя ўдзельнікі канцэртнай праграмы — танцавальны калектыў “Карамелькі”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

Дата публикации: 8 Июля, 2017

Нет комментариев