16 июля потеряна цепочка с крестиком. Огромная просьба: верните пожалуйста хотя бы крестик за хорошее вознаграждение. Телефон: +375 (29) 898-40-83, либо напишите на адрес редакции сайта - info@postavy.by
Огромное Вам человеческое спасибо!
Прайграўшых не было в Поставах

У апошні дзень чэрвеня мне выпала рэдакцыйнае заданне асвятляць раённы турыстычны злёт моладзі. Сёлета ён упершыню праводзіўся на базе спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі”. Адкрыццё мерапрыемства было запланавана на гадзіну дня. Саджуся ў аўтамабіль, еду. На паўдарозе пачынаецца дождж, ён залівае лабавое шкло, шчоткі дворнікаў не спраўляюцца з патокамі вады. Не магу ўявіць, як у такіх умовах будуць праходзіць спаборніцтвы. Які настрой можа быць ва ўдзельнікаў? Але трывога была нядоўгай. Надвор’е ў чарговы раз пацвердзіла свой пераменлівы характар. Пакуль прыбыла на месца, дождж амаль поўнасцю спыніўся.

Спачатку член судзейскай калегіі Леанід Жук прадставіў каманды-ўдзельніцы, пазнаёміў іх з праграмай і ўмовамі праходжання асноўных этапаў. Пасля ўзяў слова намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў:

— На вялікі жаль, у гэтым годзе ў турыстычным злёце ўдзельнічаюць толькі шэсць каманд. Гэта мала. Хацелася б, каб пазіцыю здаровага ладу жыцця падзялялі ўсе жыхары нашага раёна, каб моладзь больш актыўна ўдзельнічала ў такіх мерапрыемствах. А для гэтага неабходна дэталёва перагледзець сітуацыю з развіццём спорту і турызму на Пастаўшчыне. Першы крок да лепшага ў гэтым напрамку — будаўніцтва комплексу “Азёркі” з выдатнай базай.

Сапернічалі каманды сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра”, 1-га ваеннага шпіталя, ААТ “Пастаўскі малочны завод”, ААТ “Паставымэбля”, УП “Завод Беліт” і УП ЖКГ. Праграма была разлічана на два дні. У першы прайшлі спаборніцтвы па пляжным валейболе, эстафета па арыентаванні ў зададзеным кірунку, летні біятлон. Упершыню на раённым турыстычным злёце быў арганізаваны этап праходжання вяровачнага гарадка. Такая навінка спадабалася як самім удзельнікам, так і гледачам, якія прыехалі ў «Азёркі», каб акунуцца ў атмасферу спартыўнага азарту.

Бліжэй да вечара спорт саступіў месца творчасці: на сцэнічнай пляцоўцы комплексу распачаўся конкурс мастацкай самадзейнасці. Кожная каманда прадстаўляла сваю візітку на тэму “Навука — эканоміцы”. Па праўдзе кажучы, асабіста мяне такая тэматыка наўрад ці натхніла б, аднак каманды падрыхтавалі дастаткова крэатыўныя выступленні. Журы ацэньвала не толькі рэпертуар, але і выканальніцкае майстэрства, валоданне музычнымі інструментамі і, канешне ж, гумар. Гэты конкурс стаў завяршальным у праграме першага дня спаборніцтваў, аднак музыка і галасы турзлётаўцаў яшчэ доўга напаўнялі лес, тут і там гарэлі вогнішчы і разносіўся прыемны пах юшкі і шашлыкоў.

Раніцай наступнага дня суддзі ацанілі, як каманды арганізавалі свой быт: расставілі палаткі, абуладкавалі кухню і вогнішча. Яшчэ перад пачаткам турзлёту ў арганізатараў былі пэўныя сумненні наконт таго, наколькі турыстам будзе зручна абжывацца на новым месцы. Аднак хваляванні аказаліся дарэмнымі.

— Турыстычны злёт — свое­асаблівая праверка магчымасцей для спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі”, — дзяліўся назіраннямі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Станіслаў Чымбург. — Нам было цікава паглядзець, ці гатовы ён прымаць мерапрыемствы падобнага роду. З упэўненасцю можна сцвярджаць, што гатовы, хаця наперадзе чакае яшчэ вялікі аб’­ём работ. У прыватнасці, у самы бліжэйшы час плануем адкрыць тут палатачны гарадок, для зручнасці турыстаў зробім насцілы пад палаткі, установім яшчэ некалькі альтанак. З апошніх здзейсненых задум — кемперная стаянка. Яна ўжо гатова прымаць аўтатурыстаў.

Нястомны энтузіяст пастаўчанін Уладзімір Кароль, які пастаянна прадстаўляе наш раён на абласных турыстычных спабор­ніцтвах і актыўна ўдзельнічае ў якасці суддзі на раённых турзлётах, таксама высока ацаніў базу комплексу “Азёркі”:

— Тут проста выдатная спартыўная карта, надзвычай дакладная. Яна дазваляе праводзіць спаборніцтвы не толькі мясцовага, але абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Я ўпэўніў­ся ў гэтым, рыхтуючы эстафету па арыентаванні і распрацоўваючы спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагаборстве. Гэтыя этапы маюць найвышэйшы каэфіцыент складанасці і, як правіла, пераадолець іх могуць толькі самыя вопытныя турысты.

 Турысцка-прыкладное мнагаборства (ТПМ) — не толькі самае складанае, але і відовішчнае спаборніцтва. Камандзе з пяці чалавек (4 мужчыны і жанчына) неабходна было распаліць вогнішча, закіпяціць ваду, паставіць палатку, прадэманстраваць уменне вязаць розныя турыстычныя вузлы, затым, арыентуючыся па карце, знайсці ў лесе два кантрольныя пункты, пераадолець гаць, перанесці ўмоўнага пацярпелага, а таксама прайсці этапы “паралельныя вяроўкі” і “маятнік”.

Размаўляючы з удзельнікамі і арганізатарамі турзлёту, мне не раз даводзілася чуць думку пра тое, што сучаснай моладзі не хапае турыстычных навыкаў. ТПМ гэта пацвердзіла. Лепшы вынік паказалі тыя каманды, у скла­дзе якіх выступала “старая гвардыя” турыстаў. У прыватнасці, лакаматывам у камандзе малочнага завода пры праходжанні гэтага этапа стаў Валерый Мечыслававіч Каліцкі, а дунілаўцаў павёў за сабой Сяргей Васільевіч Бамбізаў. Відаць, у нейкі момант перарвалася сувязь пакаленняў, няма ў нас спецыяльных гурткоў і клубаў, дзе б “старажылы” турыстычнага руху маглі перадаваць свой вопыт моладзі. 

Недахоп турыстычных навыкаў маладыя турзлётаўцы кампенсавалі запалам, весялосцю і энергетыкай. Нягледзячы на агульную стомленасць, завяршальныя этапы раённага тур­спаборніцтва (дартс, падняцце гіры і перацягванне каната) прайшлі на адным дыханні. Падводзячы вынікі турзлёту, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская адзначыла:

— Сёлетні турыстычны злёт прадэманстраваў высокі ўзровень карпаратыўнай культуры, уменне ўдзельнікаў каманд прыйсці адно аднаму на дапамогу, падтрымаць. Гэта дорага каштуе. Таму лічу, што ў гэтым спаборніцтве тых, хто прайграў, няма. Усе пераможцы!

  У агульным заліку месцы размеркаваліся так: першае заняў малочны завод, другое — УП ЖКГ, трэцяе — “Дунілавічы-агра”. Лідарам уручылі прызы ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

Дата публикации: 11 Июля, 2017

Нет комментариев