Горад творчасці і талентаў (+ фота) в Поставах

Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” — бадай, адзіны час, калі ў нашым горадзе з’яўляецца яшчэ адзін “горад” — майстроў. Ён пачынае працаваць у суботу і заканчвае з апошнімі акордамі свята ў нядзелю.

Штогод прадэманстраваць шматлікім гасцям  і ўдзельнікам  музычнага форуму свае вырабы, а магчыма, нешта з іх і прадаць, у Паставы з’яз­джаюцца дзясяткі ўмельцаў з усяго раёна, а таксама з суседніх куточкаў Віцебшчыны. Не стаў выключэннем і сёлетні фестываль. Гуляючы суботнім надвячоркам па цэнтральнай плошчы горада, чаго толькі ні ўбачыла на прылаўках мясцовых і прыез­джых майстроў!

Так, разьбяр па дрэве Віктар Шашура з вёскі Кашыцы прывёз на свята драўляны посуд: кубкі, талеркі, браціны (шарападобныя сасуды, якія выкарыстоўваліся ў XVI—XIX стагоддзях для піцця на ўсю брацію), а таксама выразаныя дзіцячыя цацкі. Разам з ім дэкарыраваныя падсвечнікі, марскія грабеньчыкі, пано, рамкі для фотаздымкаў прадставіла жонка Наталля, якая займаецца дэкупажам. Жыхарка Гуты Леанарда Уладзіміраўна Іванова каля пяці гадоў пляце і вышывае бісерам. За гэты час стварыла сотні работ, лепшыя з якіх ужо не ўпершыню выстаўляе на фестывалі. Пад яркім чэрвеньскім сонцам асабліва вабілі вока яе незвычайна прыгожыя вышываныя карціны і абразы. Захапленне Галіны Сцяпанаўны Калдышкінай з Пастаў — вязанне кручком у тэхніцы “бругскія карункі”. Сурвэткі, кофты, паланціны, дзіцячыя шапачкі, какеткі да сукенак, берэты — усё гэта было на яе прылаўку. Яшчэ адна жыхарка райцэнтра, Анжаліка Рагута, выставіла на продаж зваленыя з рознакаляровай воўны завушніцы, брошкі, пацеркі, бранзалеты, чахлы для мабільных тэлефонаў, жаночыя сумачкі, капелюшы і нават камізэльку.

З кожным годам усё больш папулярным становіцца выраб дамашняга мыла. Вось і на сёлетнім фестывалі адразу дзве пастаўчанкі — Ларыса Шаруева і Алена Чарэнка — прадавалі яго ручной работы, не толькі звычайнае, але і з рознымі дабаўкамі: натуральнымі клубніцамі, кавай, шакаладам, настоем рамонку і іншымі інгрэдыентамі. Апошняя, акрамя таго, правяла для ўсіх жадаючых майстар-клас па мылаварэнні, паказаўшы і расказаўшы ўсю тэхналогію. Таксама ў “Горадзе майстроў” можна было купіць прыгожыя, распісаныя ўручную раздзелачныя дошкі (імі гандлявала Таццяна Сакалоўская, а зрабіў яе сваяк са Слоніма), карціны на спілах дрэва з натуральных камянёў і мінералаў рамеснай майстэрні “Самоцветы” з Віцебска, сшытыя і звязаныя кручком мяккія цацкі, самаробныя заколкі для валасоў, вырабы з папяровай лазы, кампазіцыі з халоднага фарфору і фаамірану і шмат чаго яшчэ. Свае работы па традыцыі прадставілі майстры Пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын” і “навічок” фестывалю — аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу­гоў­вання насельніцтва. Набыць іх можна было ў тым ліку прыняўшы ўдзел у бяспрой­грышнай латарэі.

Яшчэ багацейшую палітру народнай творчасці падарыў наведвальнікам “Горад майстроў” у нядзелю, перамясціўшыся ў гарадскі парк. Тут побач з пастаўскімі ўмельцамі разнастайныя вырабы прэзентавалі жыхары суседніх раёнаў. Напрыклад, шаркаўчане прывезлі кера­міку, ткацтва, разьбу па дрэве, браслаўчане — мастацкую апрацоўку скуры, міёрцы — ганчарства, вязанне кручком і бісерапляценне.

Як заўсёды, вялікую плошчу займалі работы самай вядомай у нашым раёне вышывальшчыцы Ліліі Радзівонаўны Зарэцкай з аграгарадка Навасёлкі. Праўда, прыехаць на фестываль майстрыха не змагла з-за праблем са здароўем, яе вырабы прадстаўляла дачка Таццяна Сарока. Побач новую калекцыю маляванкі выставіў наш Дом рамёстваў. Наталля Цярлюк праводзіла майстар-клас па халодным фарфоры. А ўсіх наведвальнікаў “горада” весялілі песнямі і прыпеўкамі пад гармонік і запрашалі пачаставацца разнастайнымі прысмакамі ўдзель­нікі клубаў нацыянальнай беларускай кухні з Пастаўскага, Глыбоцкага, Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Многія, хто пабываў на выставе-кірмашы, не маглі ўтрымацца ад спакусы штосьці купіць або пакаштаваць.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

Дата публикации: 11 Июля, 2017

Нет комментариев