Шукалі папараць-кветку в Поставах

Чамусьці ў гэту чароўную купальскую ноч пануе такая казачная атмасфера, што няма сумнення, што ўсе загаданыя жаданні абавязкова здзейсняцца.

Вось і сёлетнім вечарам 6 ліпеня, хоць надвор’е было не зусім летняе, у гарадскім парку сабралася некалькі соцень чалавек. Атмасфера атрымалася святочная, дзякуючы работнікам культуры, якія зладзілі канцэрт з народнымі песнямі ды танцамі. Сярод найпрыгажэйшых дзяўчат выбралі Купалінку, якая выканала некалькі песень. А выбіралі старанна: правялі некалькі конкурсаў, адзін з якіх гаварыў: у каго каса даўжэй, тая дзяўчына прыгажэй.

Далей на сцэне з’явіўся чорт, у якога дапытваліся, дзе ж знайсці папараць-кветку, але ён доўга не прызнаваўся. Зладзілі конкурсы для нежанатых хлопцаў, каб яны змаглі прадэманстраваць свой спрыт. Дзяўчаты сплялі вяночкі, якія пусцілі ў раку. Кажуць, калі паплыве, то сёлета — замуж.

Напрыканцы свята запалілі традыцыйнае купальскае вогнішча. Усе сабраліся вакол яго, грэліся ў халодную ліпеньскую ноч, фатаграфаваліся ды радаваліся. Прыемна было бачыць усмешкі людзей, а таксама сур’ёзныя і задуменныя вочы, у якіх адлюстроўваліся агонь і шчырае жаданне здзяйснення мар.

А вы калі-небудзь шукалі папараць-кветку? І ці знаходзілі?

Ганна ПРАКАПОВІЧ.

Фота аўтара.

Дата публикации: 14 Июля, 2017

Нет комментариев