Адказнасць ўзрастае в Поставах

Гібрыдныя войны, адказнасць за напісанае або сказанае, пытанне маральнага выбару журналіста. Гэтыя тэмы ўзняў Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка на пленарным пасяджэнні ХІХ Сусветнага кангрэса рускай прэсы, які з 11 па 15 ліпеня праходзіць у Беларусі.

Ключавым мерапрыемствам маштабнага форуму стала пленарнае пасяджэнне, якое адбылося ў Мінску 12 ліпеня і ў якім пашчасціла прыняць удзел і аўтару гэтых радкоў. Пра статус мерапрыемства можна меркаваць нават па тым, што ў папярэднія гады сталіцамі кангрэса былі такія гарады, як Масква, Нью-Йорк, Берлін, Парыж, Кіеў, Пекін і іншыя. На гэты раз з 52 краін у Мінск прыехалі 2238 журналістаў, якія гавораць і пішуць па-руску.

Выступаючы перад удзельнікамі кангрэса, Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што ўсё большую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі адыгрывае прэса, якая ўплывае ў тым ліку і на лідараў дзяржаў. У сувязі з гэтым на парадак узрастае адказнасць за публічнае слова і ў палітыка, і ў журналіста. Таму каласальнае значэнне набываюць прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей са сферы масмедыя. Яны пішуць гісторыю сучаснасці, абагульняюць з’явы і падзеі, ствараюць карціну свету.

Гаворачы пра так званыя гібрыдныя войны, якія вядуцца ў медыя, эканоміцы, палітыцы, кіберпрасторы, А. Р. Лукашэнка падкрэсліў, што “…важнейшай, можа, першай ступенню гэтых сучасных войнаў з’яўляюцца войны ў медыяпрасторы. Ідзе не артылерыйская падрыхтоўка, а падрыхтоўка ў СМІ, перш чым той ці іншай дзяржаве, групоўцы развязаць вайну”. На інфармацыйным полі складваецца няпростая сітуацыя. У гэтых умовах ад журналістаў шмат у чым залежаць маральныя і грамадзянскія арыенціры ў грамадстве. Таму заўсёды важны пра­вільны выбар: рэйтынг або праўда, аб’ектыўнасць або асабістыя інтарэсы? Да праўдзівага аб’яднання людзей словам і заклікаў беларускі лідар журналістаў.

У той жа дзень удзельнікі кангрэса прынялі актыўны ўдзел у дзвюх панэльных сесіях: “Выклікі і магчымасці: суверэнітэт, інтэграцыя, глабалізацыя” і “СМІ ва ўмовах лічбавай рэвалюцыі”. У наступныя наведалі Віцебск і Полацк, ААТ “БелАЗ” і парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”.

Фаіна КАСАТКІНА. 

Дата публикации: 14 Июля, 2017

Нет комментариев