“Свет уратуе дабрыня” в Поставах

41 год. Закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 20 гадоў стажу на адным прадпрыемстве. Пачынаў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў, дарос да кіраўніка калектыву. Знаёмцеся: дырэктар вядучага ў раёне прадпрыемства — адкрытага акцыянернага таварыства “Пастаўскі малочны завод” — Георгій Пятровіч Касцень.

— Мяркую, у вашай працоўнай кніжцы адзін запіс аб прыёме на работу.

— Не, працоўную кніжку мне выдалі ў акцыянерным таварыстве “Забудова”, калі я пасля чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта праходзіў практыку і працаваў, дарэчы, простым рабочым. А на малочным заводзе пачынаў слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў. Работа была звязана непасрэдна з маёй спецыяльнасцю “Аўтаматызацыя вытворчых працэсаў”, атрыманай ва ўніверсітэце.

— На малочны завод трапілі па размеркаванні?

— Размеркаванне я і яшчэ сем аднакурснікаў атрымалі на цэментны завод у Касцюковічах, але яно было неабавязковым, таму ўсе мы выбралі іншыя месцы работы. Мне хацелася дамоў, у Паставы. Прывабіў малочны завод, які толькі ў 1992 годзе пачалі аднаўляць, але ён развіваўся вельмі дынамічна. Удзячны тагачаснаму дырэктару Эдуарду Пятровічу Казуру, што ўзяў у штат, хаця ведаў, што праз пару месяцаў мяне прызавуць у армію.

— І што дала армія?

— Вельмі многае. Ніколі не пагаджуся з тым, што гэта дарэмна патрачаны час. Служба ў арміі дысцыплінуе, вучыць зносінам у больш экстрэмальных умовах, загартоўвае сілу волі, мабілізуе арганізм. А што значыць армейская дружба! Яна захоўваецца праз дзесяцігоддзі. Я служыў у артылерыйскіх войсках на БМ-21, або, як яе называлі, “Град”. У мяне былі два палявыя выхады, за два гады службы выпусціў каля сотні снарадаў.

Ну, а залатыя гады — гэта, канешне ж, студэнцкія. Цікавая вучоба, добры інтэрнат, надзейныя таварышы. Усе пяць гадоў жылі ў адным пакоі з земляком Ігарам Самбуравым, з якім пазнаёміліся на ўступных экзаменах. Зараз сябруем сем’ямі. Падтрымліваю кантакты і з іншымі аднакурснікамі.   

— Як складваўся ваш шлях пасля службы ў арміі?

— 6 лістапада 1998 года дэмабілізаваўся і зноў прыйшоў на завод. Была вакансія інжынера па ахове працы. Згадзіўся. Акрамя таго, кантраляваў аддзел аўтатранспарту. На той час было ўсяго 7 вадзіцеляў і 12-13 адзінак аўтатранспарту. Людзі вопытныя, згуртаваныя, з імі было лёгка. Калі ў красавіку 2001-га назначылі галоўным інжынерам, аб’ём работы намнога ўзрос. Новае абсталяванне, шмат невядомага. Трэба было ведаць і тэхналогію вытворчасці. Удзячны спецыялістам, якія працавалі ў той час, а многія і зараз працягваюць працаваць. Яны вельмі дапамаглі — падтрымлівалі, раілі, падказвалі. Амаль 15 гадоў знаходзіўся на гэтай пасадзе. А калі летась звольніўся дырэктар прадпрыемства, давялося ўзначаліць калектыў. Вельмі хваляваўся, і на тое былі прычыны. Усім вядома, што сітуацыя абвастрылася ў сувязі з тым, што валявым рашэннем зверху планавалася аб’яднаць завод з ААТ “Камайскі-агра”, у якога мільярдныя даўгі перад дзяржавай і іншымі крэдыторамі. І калі б гэта сталася, завод аказаўся б банкрутам.

— Але хіба “Камайскі-агра” не далучылі да завода?

— Не далучылі. Месяц назад малочны завод назначаны кіруючай кампаніяй у адносінах да ААТ “Камайскі-агра”. Прасцей кажучы, мы кіруем гэтай гаспадаркай і дапамагаем ёй  (фінансава, тэхнікай, кансультатыўна), адказваем за размеркаванне фінансаў, атрыманне сельгас­прадукцыі. Але ў нас раздзельныя балансы. Трэба прама сказаць, што апошнія шэсць гадоў гаспадарка кацілася ўніз, і зараз вельмі складана папраўляць становішча. Укладваем вялікія сродкі. Кіраўніком прадпрыемства назначылі Канстанціна Генрыхавіча Гайлеўскага, які да гэтага працаваў на заводзе галоўным эканамістам. Ён мае вопыт работы і ў сельскай гаспадарцы — раней узначальваў саўгас “Відзаўскі” Браслаўскага раёна. Радуе тое, што многія людзі паверылі ў перспектыву, і ў іх з’явілася жаданне працаваць з поў­най аддачай. Зразумела, што за месяц ці нават паўгода справы паправіць немагчыма, тым больш што гаспадарку пакінулі многія спецыялісты. Але будзем рабіць усё для таго, каб “Камайскі” стаў на ногі.

— Звычайна, новы кіраў­нік фарміруе сваю каманду. Вы не выключэнне?

— А мне не трэба было яе фарміраваць. Каманда прафесіяналаў, якія ведаюць, што і як трэба рабіць, расла гадамі. Галоўны тэхнолаг Святлана Віктараўна Германовіч, начальнік вытворчасці Таццяна Пятроўна Багданава, галоўны інжынер Сяргей Вацлававіч Шубелька, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксандр Іванавіч Танана, намеснік дырэктара па ідэалогіі Васілій Уладзіміравіч Катовіч, галоўны бухгалтар Галіна Георгіеўна Станюш. Пералічыць усіх немагчыма, але кожны на сваім месцы, і ўсе службы працуюць, як належыць.

— Ці падтрымліваеце стасункі са сваімі папярэднікамі?

— Абавязкова! Кожны дырэктар унёс свой вялікі ўклад у развіццё завода, і кожнаму ніколі не будзе абыякавым лёс прадпрыемства. А мне — іх меркаванне. З удзячнасцю прымаю парады па далейшым развіцці завода, рабоце з людзьмі. Заўсёды кіруюся парадай Эдуарда Пятровіча Казуры “Не памятаеш — запісвай!”  і акуратна запаўняю штотыднёвік. Узнікае праблема — узгадваю Івана Юльянавіча Юхно, які ў такіх выпадках патрабаваў: “Уключай мазгі!”. Напрыклад, і зараз помніцца такі выпадак. Іван Юльянавіч даручыў мне распрацаваць схему па прыёмцы малака. Я два тыдні хадзіў да яго з гэтай схемай, а дырэктар усё патрабаваў дапрацоўкі — аптымізаваць. І калі спачатку прадугледжвалася дзевяць пнеўматычных клапанаў, якія пераключалі на розныя лініі, то пасля маіх бясконцых дапрацовак — толькі чатыры, і гэта схема паспяхова вырашала ўсе задачы. Знаходзілі мы паразуменне і з Валянцінам Францавічам Пылінскім.

— Якія далейшыя перспектывы завода?

— Рыхтуемся вырабляць новыя гатункі сыроў. Зрабілі і ў чэрвені запусцілі невялікую так званую цёплую камеру для вытворчасці сыроў кшталту швейцарскіх. Падпісалі кантракт на пакупку абсталявання  — будзем расшыраць цэх па нарэзцы сыроў, ідзе рамонт памяшкання, у якое перанясём маслацэх, расшырым камеру цэльнамалочнай прадукцыі. У той час, калі будаваўся цэх прыёмкі малака, ніхто і падумаць не мог, што яго будзе паступаць 260-280 тон у суткі. Малако закупліваем не толькі на Пастаўшчыне, але і ў некаторых гаспадарках Браслаўскага, Аршанскага раёнаў і нават у Мінскай вобласці. Бо калі не будзе поўнай загрузкі абсталявання — не бу­дзе і эканомікі. У бліжэйшых планах і набыццё абсталявання для цэха вытворчасці малака. На днях у мікрараёне вуліцы Юбілейнай адкрыем фірменны магазін “Малочны рай”, пяты па ліку ў райцэнтры.    

— Гаворым пра справы вытворчыя. А мне хацелася б больш даведацца і пра вас асабіста. Усё пачынаецца з дзяцінства. Якім яно было ў вас?

— Шчаслівым. У мяне былі брат, мама і тата, дзве бабулі і два дзядулі. Тата працаваў старшынёй калгаса, мама — тэхнікам АТК на заводзе “Беліт”. Усё лета з родным братам і двума стрыечнымі праводзілі ў бабулі з дзядулем у вёсцы Ідаліна. Дзень быў распісаны па гадзінах: касілі, сушылі сена, збіралі грыбы і ягады, купаліся, загаралі, гулялі. І ў горадзе падчас вучобы ў школе ў нас быў пастаянны рух — на спортпляцоўцы, у лесе, на рэчцы. Таму цяперашніх інтэрнэт-залежных дзяцей мне вельмі шкада.

— Кожнаму чалавеку працуецца лягчэй, калі ў яго ёсць надзейны тыл. Раскажыце, калі ласка, пра сям’ю.

— Сёлета ў красавіку нашай сям’і споўнілася дзесяць гадоў. Жонка Оля закончыла Віцебскі медуніверсітэт, працуе ўрачом-нефролагам (загадчыкам) ад­дзялення гемадыялізу паліклі­нікі цэнтральнай раённай бальніцы. Сыну Сашу дзевяць гадоў, а дачушцы Машы — пяць. Дзеці — гэта тое, дзеля чаго варта жыць.

— А як вы адпачываеце?

— Найлепшы адпачынак — на прыродзе з дзецьмі. Палюбілі сям’ёй ездзіць на спартыўна-турыстычны комплекс “Азёркі”. Малым там вельмі падабаецца — столькі забаў! Ды і нам з Оляй прыемна пабыць на прыродзе. Я лічу, што адпачынак — гэта змена заняткаў. Жывём у бацькоўскім доме, і мне ў ахвоту ўсё ў ім рабіць сваімі рукамі. Вось і нядаўна, калі браў два тыдні водпуску, то нікуды не паехаў, а цяслярыў, узвёў у двары альтанку. А сын усе бярвенцы апрацаваў антысэптыкам. Мяне радуе, што хлопчык хінецца да мужчынскай працы.

— Што найбольш цэніце ў людзях?

— Сумленнасць, працавітасць, адказнасць, нераўнадушныя адносіны да людзей і да справы. А вось ілжывасць і нахабства выводзяць з сябе. Нікому не дараваў бы здрады.

— Вашы адносіны да інтэрнэта?

— Мне ён патрэбны толькі як сродак атрымання інфармацыі,  а вось інтэрнэт-зносіны, а тым больш гульні, зусім не цікавяць. Праўда, неяк зарэгістраваўся ў “Аднакласніках” з той мэтай, каб сабраць на сустрэчу былых аднакласнікаў з прычыны 20-годдзя заканчэння школы. Пася­дзеў у сетках некалькі месяцаў — і ўсё, далей нецікава. Я лепш па тэлефоне пагавару, пачую голас, інтанацыі. І дзяцей абмяжоў­ваю ў карыстанні інтэрнэтам.

— Вядомая прымаўка сцвярджае: прыгажосць уратуе свет. Вы згодныя з гэтым?

— Прыгажосць, канешне, цудоўна, і яна павінна быць. Але, на маю думку, свет уратуе дабрыня. Калі людзі стануць дабрэйшымі, калі будуць менш клапа­ціцца пра багацце, а больш пра сваіх блізкіх, то і свет стане іншым. Мне даводзілася сустракаць на сваім жыццёвым шляху багатых, дагледжаных, прыгожых, а душы ў іх — пустыя. І гэта сумна…

— Ці верыце вы ў тое, што кожнаму чалавеку нейкай вышэйшай сілай прадвызначаны лёс?

— Веру. Калі аналізую шэраг пэўных падзей, то думаю: ну, не маглі ж яны адбыцца выпадкова. Напрыклад, маё знаёмства з будучай жонкай. Малады, фізічна загартаваны, а раптам прастудзіў­ся. Ды так, што злёг і быў вымушаны выклікаць урача на дом. Прыехала Оля, хоць яна не павінна была дзяжурыць у той дзень, але папрасілі замяніць. Той выклік урача стаў лёсаносным…

— Дзякуй за шчырую гутарку. Вытворчых поспехаў малочнаму заводу і ААТ “Камайскі-агра”, а вам — аса­бістага шчасця.

Фаіна КАСАТКІНА.

Дата публикации: 14 Июля, 2017

Нет комментариев