Крыўдная асечка в Поставах

З мячом капітан Уладзімір Карага.

“Камунальнік” (Сянно) — ФК “Паставы-ПМЦ” — 3:1

Футбол — парадаксальная гульня, бо на полі можна выглядаць лепш за свайго саперніка, але тым не менш не дабіцца поспеху. Такое здарылася ў гэтым выязным матчы ў Сянно, дзе пастаўчане, асабліва ў першым тайме, перайгравалі лідара першынства — двухразовага чэмпіёна і ўладальніка Кубка вобласці. На жаль, перад свістком на перапынак госці ўпершыню памыліліся, парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы, і паў­абаронца сенненцаў Яўген Кулік з пенальці адкрыў лік. Наша каманда адыгралася на 39-й хвіліне пасля ўдалага розыгрышу штрафнога ўдару, калі на верхнюю перадачу адгукнуўся Ігар Павініч і пераправіў мяч у вароты галавой. Праз імгненне мог вызначыцца нападаючы пастаўчан Раман Пасевіч, але не перайграў варатара гаспадароў. У наступнай контратацы сенненцы зноў выйшлі наперад, а гол, забіты Яўгенам Самарыным, стаў копіяй папярэдняга ўзяцця варот у выкананні гасцей.

У другім тайме першыя 15 хвілін пастаўчанам не ўдаліся, бо адбіліся стомленасць пасля далёкай дарогі і адсутнасць запасных футбалістаў. Вопытны сапернік гэтым скарыстаўся, і Міхаіл Канстанцінаў пасля розыгрышу стандарту павялічыў перавагу сваёй каманды. Пастаўчане змагаліся да канца, стварылі чатыры галявыя моманты, двойчы мог вызначыцца Віталь Дубін, але сенненцам удалося прадухіліць пагрозы.

Нягледзячы на паражэнне, на высокім узроўні, як адзначыў галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі, правялі гульню Лубко, Голубеў, Жарскі, Дубін, Цітовіч, Хмельнік (Казлоў), Зелянкевіч, Карага (к), М. Якаўлеў, Павініч, Пасевіч. Сенненцы засталіся лідарамі, а наша каманда апусцілася на 7-е месца ў турнірнай табліцы. Іншыя матчы тура таксама праходзілі ва ўпартай барацьбе і прынеслі такія вынікі: ФК “Лепель”—“Газавік” (Віцебск) — 4:4, “Прамень” (Гарадок)—ФК “Глыбокае” –— 3:2, ФК “Шуміліна”—“Полацк­газ” — 2:2. Наступны важны паядынак “Паставы-ПМЦ” правядзе заўтра, 8 кастрычніка, дома ў 15.30 з камандай Гарадка і чакае падтрымкі сваіх прыхільнікаў.

Уладзімір ШЫК.

Фота Антона ЧАЛЕЯ.

Дата публикации: 6 Октября, 2017

Нет комментариев