Адчыніце хутчэй — Лена ля дзвярэй в Поставах

Сказаць, што Алена Гваздова прыйшла працаваць у паштовую сувязь па прызванні, будзе няпраўдай. Да гэтага падштурхнулі сямейныя абставіны.

— І ніколькі не шкадую, што змяніла прафесію, — гаворыць яна сёння, калі за плячыма 15 гадоў паштальёнскага стажу. — Пасля заканчэння Пастаўскага каледжа чатыры гады была прадаўцом у Дунілавічах. Работа ў магазіне таксама падабалася. Лічу, што любая прафесія стане любімай, калі будзеш аддаваць ёй душу.

А душа ў Лены светлая і адкрытая. Пра гэта гавораць людзі, якіх яна абслугоўвае ў Лучаі і Гаўрылавічах, і заўсёды рады сустрэчы з паштальёнам. Ну як ёй адмовіць падпісацца на газету або купіць які тавар, калі прапануе так шчыра? Больш за тое, людзі дзеляцца сваімі радасцямі і трывогамі, нават сакрэтамі, бо ведаюць, што Лена не разнясе іх патаемнае далей, а захавае ў сабе.

— Некаторыя асабліва сумныя прызнанні асядаюць у маім сэрцы, а гэта цяжар, — прызнавалася Алена. — Але я разумею, як хочацца чалавеку выгаварыцца. Да таго ж многія — адзінокія, не маюць ні родных, ні блізкіх.

За 15 гадоў работы паштальён добра вывучыла ўсіх і да кожнага знаходзіць падыход. Ці не таму і з планамі, якія даводзяцца, яна, нягледзячы ні на якія цяжкасці, спраўляецца. А па выніках 2015-га выйшла пераможцай раённага спаборніцтва.

— Сёлета да Сусветнага дня пошты мы прадставілі Алену Чаславаўну Гваздову да ўзнагароджання Ганаровай граматай рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта”, — гаварыла начальнік раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Мікалаеўна Гайлюн. — Не сумняваюся, што наша хадайніцтва будзе задаволена. Гваздова адказная, працавітая, дысцыплінаваная, карэктная. У яе заўсёды высокія паказчыкі.

Алена не толькі паспяховая ў прафесіі, але і шчаслівая ў сям’і. Пра яе мужа Юрыя Гваздова наша газета пісала неаднойчы. Ён адзін з лепшых механізатараў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Іх старэйшая дачка Да­ша сёлета закончыла школу і паступіла ў Мінскі лін­гвіс­тычны ўні­версітэт, і што немалаважна — на бюджэт. Да таго ж атрымала месца ў студэнцкім інтэрнаце. Гэта і стала самымі радаснымі падзеямі ў сям’і. Для малодшай, Машы, сёлетні навучальны год таксама асаблівы — пайшла ў пяты клас і ў першыя тыдні даволі складана прывыкала да новых настаўнікаў і прадметаў. Але ж на тое і мама, каб дапамагчы дачушцы ада­птавацца да новых умоў. “А як нас усіх любіць Юра! — свеціцца радасцю Ле­­на. — Кажа: “Мае тры дзяў­чынкі”. І мы яго вельмі любім. Праўда, падчас асабліва напружаных работ у гаспадарцы рэдка бачым дома — ён ад цямна да цямна на працы. Бывала, што Маша раніцой пыталася: “А тата сёння начаваў дома?” Бо клалася спаць і ўставала, а таты ўсё не было.

На падвор’і Гваздовых шмат жыўнасці. Алена паспявае ўпраўляцца і ў агародзе, кветніку, робіць шмат нарыхтовак, ахвотна дзеліцца з іншымі сваімі рэцэптамі.

Пасля знаёмства з Аленай Чаславаўнай у маёй памяці ўсплыла і ніяк не адступала некалі папулярная песня, першыя радкі якой гучаць так: “Отворите скорей — почтальон у дверей, он вам письма принёс от родных и друзей”. Лена пісьмы прыносіць рэдка. Па той прычыне, што зараз, у век інтэрнэт-тэхналогій, іх мала хто піша ў ранейшым выглядзе. Але дзверы ёй усе адчыняюць ахвотна. Паштальён прыносіць газеты, часопісы, афармляе падпіску, прымае плацяжы, прапануе розны тавар. А ў дадатак да ўсяго — абавязкова ўсмешку, якая ёй так пасуе.

Тэкст і фота Фаіны КАСАТКІНАЙ.

Дата публикации: 6 Октября, 2017

Нет комментариев