Не раздзялілі граніцы і палітыка в Поставах

26 верасня члены савета і актывісты раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” прымалі ў сябе “афганцаў” з літоўскага горада Вісагінас — кіраўніка клуба “Саланг” Сігітаса Дудкявічуса і яго сябра і паплечніка Сяргея Варапаева.

Клуб ветэранаў вайны ў Афганістане “Саланг” (названы так у гонар знакамітага перавалу ў гэтай паўднёвай краіне) існуе ў Віса­гінасе ўжо 15 гадоў і аб’ядноўвае ў сваіх радах 21 чалавека. Яны штогод прымаюць удзел у міжнародным злёце воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які збіраюцца прадстаўнікі трох прыбалтыйскіх рэспублік, а заснавальнік і кіраўнік клуба С. Дудкявічус з’яўляецца яшчэ і актывістам міжнароднай арганізацыі “Баявое братэрства”. Менавіта яму прыйшла ў галаву ідэя расшырыць сяброўскія сувязі ветэранаў-прыбалтыйцаў і запрасіць на сустрэчу “афганцаў” з прыгранічных раёнаў Беларусі — Пастаўскага і Браслаўскага, а таксама расіян з Калінінградскай вобласці.

— Зразумела, мы не маглі не прыняць гэтага запрашэння, тым больш што сёлета злёт праходзіў у горадзе-пабраціме Пастаў — Рокішкіс, і ў пачатку жніўня адправіліся ў Літву, — расказваў старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валерый Лушчык. — Пагля­дзелі, як там усё адбываецца. А вярнуўшыся дамоў, пачалі абмяркоўваць парадак нашых далейшых дзеянняў у плане сумеснай работы воінаў-інтэрнацыяналістаў прыгранічча, знайшоўшы падтрымку ў намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Мікалаевіча Кісялёва. І вось новая сустрэча, цяпер ужо на пастаўскай зямлі.

Спачатку літоўскіх гасцей запрасілі ў раённы выканаўчы камітэт, дзе адбылося знаёмства з прадстаўні­камі мясцовай адміністрацыі і былі яшчэ раз агавораны магчымасці супрацоўніцтва. Каб замежныя сябры атрымалі ўяўленне пра наш раён, яго гісторыю і культуру, кожнаму падарылі кнігу “Памяць”. Са свайго боку літоўцы прывезлі ў падарунак цікавы фотаальбом, створаны членамі рокішскай арганізацыі ветэранаў. Адзін яго экзэмпляр уручылі В. А. Лушчыку, другі — кіраўніку музея баявой і працоўнай славы СШ №2 г. Паставы Р. Н. Ластоўскай. Але перш чым адправіцца ў музей, госці ў суправаджэнні гаспадароў наведалі Алею славы па вуліцы Гагарына ў райцэнтры і ўсклалі кветкі да помніка загінулым у Афганістане і Сірыі пастаўчанам. Паглядзелі таксама выстаўленую тут жа баявую тэхніку, якая выкарыстоў­валася ў тым ліку падчас афганскай вайны.

Экскурсія ў школьным музеі, якую правяла Рэгіна Норбертаўна, пачалася з гісторыі Пастаў. А найбольшая ўвага была ўдзелена  экспазіцыі, прысвечанай воінам-інтэрнацыяналістам. Гэты раздзел адкрылі ў 1990 годзе, неўзабаве пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Тут сабраны багаты матэрыял пра нашых землякоў, якія вярнуліся з вайны жывымі і “грузам-200”: іх асабістыя рэчы, фотаздымкі, дакументы і іншае. Затым усе накіраваліся ў музей у падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў, дзе навуковы супрацоўнік Вадзім Шышко расказаў пра былых гаспадароў Пастаў — Антонія і Канстанціна Тызенгаўзаў, дзейнасць лет­ніх лагераў Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы, што размяшчаліся ў былым паляўнічым замку графа Пшэздзецкага, і паказаў невялікі дакументальны фільм пра лагер, зняты ў 1908 годзе. Больш падрабязна спыніўся на падзеях Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне, якая пакінула ў нас больш слядоў, чым Вялікая Айчынная.

Завяршала праграму знаходжання літоўцаў на Пастаўшчыне наведванне спартыўна-турыстычнага комплексу “Азёркі”. Там яны пазнаёміліся з інфраструктурай аб’екта, што неў­забаве можа стаць месцам правядзення сумеснага мерапрыемства “афганцаў”, якіх не раздзялілі ні Дзяржаўныя граніцы, ні палітыка ўлад.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

Дата публикации: 10 Октября, 2017

Нет комментариев