“Жывая гісторыя” в Поставах

Пад такой назвай пры раённым краязнаўчым музеі створаны грамадскі клуб. Ініцыятарамі гэтага выступіла кіраўніцтва музея і раённага савета ветэранаў.

5 кастрычніка адбылося арганізацыйнае пасяджэнне. У недалёкім мінулым знакавыя ў жыцці раёна асобы, а зараз ветэраны працы, сабраліся ў адной з залаў музейнай экспазіцыі, размешчанай у былым палацы Тызенгаўзаў, каб абмеркаваць канцэпцыю дзейнасці грамадскага фарміравання. Сярод іх былі Ала Эдмундаўна Кейзік, Наталля Мікалаеўна Булавінцава, Вольга Казіміраўна Мышко, Уладзімір Яраслававіч Магільніцкі, Пётр Міхайлавіч Розынка, Луіза Аляксандраўна Пабядзінская, Уладзімір Міхайлавіч Скоўпень.

Звяртаючыся да запрошаных, дырэктар музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка падкрэсліла, што музей — гэта якраз тое месца, дзе можна і трэба ствараць гісторыю, дзяліцца ўспамінамі і экспанатамі, арганізоўваць сустрэчы і разнастайныя мерапрыемствы. Стварэнне клуба — новая старонка ў дзейнасці ўстановы, таму вельмі важна ўсім праявіць актыўнасць, далучыць да патрэбнай справы як мага большую колькасць зацікаўленых людзей. Аналагічныя меркаванні выказалі навуковы супрацоўнік музея Раіса Леанідаўна Курачэнка і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ганна Францаўна Літвіновіч.

Ала Эдмундаўна Кейзік звярнула ўвагу на тое, што і ў гісторыка-храналагічнай кнізе “Памяць. Пастаўскі раён”, і ў экспазіцыях музея ёсць прабелы. Трэба шукаць новыя звесткі, выпраўляць недакладнасці, пісаць гісторыю так, каб яна дайшла да нашчадкаў поўнай і праўдзівай. І гэта пад сілу, калі ўзяцца за справу разам.

У кожнай сям’і, установы або прадпрыемства ёсць свая гісторыя, з якіх і складваецца гісторыя краіны. Чаму б не падзяліцца ёй з іншымі? Музей з удзячнасцю прыме самыя розныя экспанаты. Шкада аддаваць рэліквіі назусім? У такім разе можна прапанаваць іх на часовае карыстанне, а пасля забраць. Каштоўнымі з’яўляюцца працы краязнаўцаў, кнігі мясцовых аўтараў пра іх родныя вёсачкі і аднавяскоўцаў.

У арганізацыйным пасяджэнні грамадскага клуба сяброў музея прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён ухваліў ідэю і пажадаў паспяховай работы.

Вельмі важна не толькі збіраць гістарычныя звесткі, але і даносіць іх да маладога пакалення, каб сённяшнія школьнікі і студэнты ведалі, чым жылі іх дзяды і прадзеды, якой была краіна. З гэтай мэтай у музеі будуць арганізоўвацца новыя выставы, стварацца фільмы, праводзіцца мерапрыемствы. Пры плённай дзейнасці клуба “Жывая гісторыя”. Яго дзверы адчыненыя для кожнага зацікаўленага. Праявіце актыўнасць і далучайцеся. Пра дату чарговага пасяджэння  (плануецца, што яно будзе праходзіць штомесяц) паведамім праз газету. Кіраўніком клуба выбрана Раіса Леанідаўна Курачэнка, якая будзе адказваць за арганізацыйную частку, а старшынёй савета клуба — Ала Эдмундаўна Кейзік (ідэйны натхняльнік). Абедзве — на грамадскіх пачатках. Указваем нумар тэлефона, па якім вы можаце пазваніць і даць слушную параду, унесці канкрэтную прапанову, падзяліцца цікавымі звесткамі: 8(029)6497176.

“Жывой гісторыі” — жыць!

Фаіна КАСАТКІНА.

Дата публикации: 10 Октября, 2017

Нет комментариев