Ім маму неба падарыла в Поставах

У канцы кастрычніка ў раённым Доме культуры прайшло мерапрыемства, накіраванае на падтрыманне прэстыжу сямейных форм уладкавання дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без апекі біялагічных бацькоў. Удзел у конкурсе прынялі пяць прыёмных сем’яў.

Першае знаёмства адбылося ў фае, дзе сем’і прэзентавалі сябе фотаздымкамі, вырабамі, выпечкай і многім іншым, чым захапляюцца. Затым свята перамясцілася ў залу. Канкурсантаў і гледачоў вітаў на сцэне першы намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён падзякаваў прыёмным бацькам за тое, што прынялі ў свае дамы і сэрцы чужых дзетак, ахінаюць іх любоўю, ласкай і клопатам, а таксама за ўдзел у конкурсе, пажадаў удачы і поспехаў.

Пасля жараб’ёўкі сем’і ў вершаванай форме расказвалі пра сябе, заняткі ў вольны час, здольнасці дзяцей. Візіткі суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй. Наступным этапам стаў спартыўны конкурс, які правёў выкладчык фізкультуры СШ №1 Павел Францавіч Міхалевіч. Усе паказалі добрую фізічную загартоўку і спрыт. Падчас трэцяга задання дэманстраваліся творчыя здольнасці дзяцей. Дапамагалі ім у гэтым прыёмныя бацькі, сябры, аднакласнікі. 

Гармонія Жукавых

Таццяна Міхайлаўна Жукава прыёмнай мамай для Вадзіма стала 9 гадоў назад. Знайшла падыход, разгледзела яго здольнасці, дапамагае іх развіваць. Хлопчык таленавіты: добра спявае, грае на скрыпцы. Сябруе з унукамі Жукавай — Соняй і Рэнатам. У сям’і пануе поўная гармонія. Даказалі гэта Жукавы і на сцэне, выступаючы адной дружнай камандай. Разам спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Іх артыстызму і ўзаемаразуменню можна было толькі пазайздросціць.

Выступленне гэтай сям’і гледачы суправа­джалі гучнымі апладысментамі і воклічамі, а журы высока ацаніла яе творчасць і прысудзіла першае месца.

Карабель Вараб’ёвых

Практыка работы прыёмнай мамай у Наталіі Антонаўны Вараб’ёвай распачалася амаль 20 гадоў таму. Яна была трэцяй у раёне, хто рашыўся  прытуліць у сябе абяздоленых дзетак. За гэты час першыя прыёмныя дочкі выраслі, выйшлі замуж. А ў сям’і з’явіліся сёстры Аліна і Даша, пазней узялі Яну. Дзяўчынкі разам з мамай прадставілі сваю сям’ю ў выглядзе каманды карабля. Адпавядала зместу і форма — усе ў цяльняшках. Наталія Антонаўна і дзяўчынкі даказалі, што ім не страшныя ніякія буры, бо на караблі — моцная каманда, якой кіруе надзейны і мудры капітан — мама.

Кожны дзень — адкрыццё

Сярожку Быкава выхоў­ваў тата. А калі ён раптоўна памёр, хлопчыка прынялі да сябе Таццяна Міхайлаўна Магушкова і Вячаслаў Віктаравіч Салаў. Адаптаваўся няпроста. Але прыёмныя бацькі змаглі зацікавіць яго футболам. Цяпер Сяргей у ліку лепшых ігракоў. А як выдатна танцуе, спявае!

Калі органы апекі забралі ад біялагічных бацькоў Паліну, яна была падобная да дзікага звярка. Кожны дзень у новай сям’і стаў для дзяўчынкі адкрыццём чагосьці новага. Творчыя здольнасці на сцэне дружна дэманстравалі і бацькі, і дзеці.

З мамай, як з сяброўкай

Першыя прыёмныя дочкі Таццяны Міхайлаўны Кустра ўжо замужам. Цяпер жанчына займаецца выхаваннем Маргарыты і Марыі. Для дзяўчынак яна не проста мама, а самая блізкая і надзейная сяброўка. На фота­здымках, што адзін за другім мяняліся на экране, можна было ўбачыць, як цікава і весела ў гэтай сям’і ўмеюць адзначаць святы, якія арыгінальныя касцюмы рыхтуюць, як весела адпачываюць на прыродзе, актыўна ўдзель­нічаюць у розных культурных мерапрыемствах, падарожнічаюць і дружна працуюць. Ініцыятар і натхняльнік — мама.

Сямейная роўнядзь Стрэж

На гербе сям’і Стрэж — галуб з зялёнай галінкай у дзюбе. Ён — сімвал міру, згоды, узаемаразумення. Двое родных сыноў Стрэж — дарослыя. Трэці — школьнік. Усе з дабрынёй і любоўю прынялі ў сям’ю Максіма і Дзіяну. На конкурсе яны чыталі вершы, расказвалі пра заняткі ў вольны час, сямейныя традыцыі. Тут з вялікай павагай адносяцца адно да другога, з нецярпеннем чакаюць з камандзіровак тату Ігара Анатольевіча, які з’яўляецца прыкладам сапраўднага мужчыны. Анёл-ахоўнік — мама Ірына Віктараўна. Дэвіз сям’і — рабіць дабро іншым.

Па выніках конкурсу месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе раздзялілі паміж сабой Стрэж і Кустра, на другім — Вараб’­ёвы і Магушковы, першае прысуджана Жукавым. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённых грамадскіх арганізацый “Белай Русі”, “Беларускага саюза жанчын”, БРСМ, Чырвонага Крыжа, фонда міру прыёмныя сем’і атрымалі куфэркі з прадуктамі і каштоўныя падарункі. А маму кожнаму з гэтых дзяцей падарыла неба. 

Арганізатары конкурсу ўдзячны за спонсарскую дапамогу індывідуальным прадпрымальнікам Н. Танана, А. Шульскай, А. Свірыдавай, Н. Бухавецкай.   

                                                                Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

Дата публикации: 10 Ноября, 2017

Нет комментариев