Натхнілі дунілавіцкія краявіды в Поставах

21 кастрычніка ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя Альфрэда Ромера было мнагалюдна. Нагода для сустрэчы даўніх сяброў — чарговы рэгіянальны восеньскі пленэр. Акрамя гаспадароў, у ім прынялі ўдзел дырэктары, выкладчыкі і вучні Глыбоцкай і Круляўшчынскай дзіцячых школ мастацтваў.

Вітала ўсіх дырэктар установы Жанна Уладзіміраўна Курдо. Яна ўзгадала гісторыю правядзення восеньскіх пленэраў на Пастаўшчыне. Першы прайшоў у 2012 годзе ў рамках мастацка-асветніцкага праекта, прысвечанага 180-годдзю з дня нара­джэння Альфрэда Ромера. Узначаліў яго мастак-акварэліст, член Беларускага саюза мастакоў Ула­дзі­мір Рынкевіч. Фарбы восені, перададзеныя ўдзель- нікамі пленэру ў мастацкіх работах, уразілі сваёй прыгажосцю і цёплым каларытам. Таму і было вырашана праводзіць замалёўкі на прыродзе менавіта ў гэтую пару года. Спачатку пленэр меў статус раённага і ўдзельнічалі ў ім выключна вучні “художкі”. А пачынаючы з 2015-га, калі школа адзначала 35-гадовы юбілей, пленэр вырашылі праводзіць у фармаце рэгіянальнага. Сёлета ў такім статусе ён прайшоў у другі раз. Яго арганізацыя, харчаванне ўдзель­нікаў, набыццё прызоў і арэнда аўтобуса для выезду на месца замалёвак сталі магчымымі дзякуючы ўласным сродкам школы мастацтваў.

У пачатку творчай сустрэчы пазітыўны пасыл і добры настрой удзельнікам мерапрыемства забяспечылі вуч­ні і дырэктар яшчэ адной дзіцячай школы мастацтваў райцэнтра — імя Антонія Тызенгаўза. У выкананні ўдзельнікаў дзіцячага фальклорнага ансамбля і Анатолія Анатольевіча Собаля прагучалі мелодыі, запісаныя ад вядомых груздаўскіх музыкаў: вальс “Ніначка”, полька “Петраградка”, груздаўская кадрыля. Даспадобы прысутным прыйшоўся і менуэт французскага кампазітара Жана Філіпа Рамо, які на скрыпцы выканала навучэнка шостага класа Паліна Кірплюк.

Пра тое, што гэты пленэр — добрая нагода для зносін, абмену ідэямі і вопытам, знаёмства з маляўнічымі краявідамі і помнікамі архітэктуры нашага раёна, а таксама магчымасць атрымаць задавальненне ад творчага працэсу і парадаваць усіх удзельнікаў выдатнымі сонечнымі эцюдамі, гаварылі ў прывітальным слове загадчыца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская і дырэктар Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Язэпа Драздовіча Жанна Уладзіміраўна Балабуева. Яны жадалі ўсім пазітыўнага настрою, які б адлюстраваўся потым у работах, у поўнай меры раскрыць свой мастацкі талент, паказаць, чаму навучылі настаўнікі, і каб штрыхі і фарбы лёгка клаліся на паперу.

І вось удзельнікі пленэру накіроўваюцца да месца яго правядзення. Сёлета ім сталі Дунілавічы. Жанна Курдо, якая папярэдне расказала пра ўнікальную гісторыю гэтай мясцовасці, не можа нарадавацца юнымі мастакамі: “Нікога не трэба кантраляваць, указваць, якую выбраць пазіцыю, падштурхоўваць рабіць эскізы і пісаць. Адным словам, пануе творчая атмасфера”. Адны малююць неверагоднай прыгажосці восеньскую прыроду, большая ж частка — касцёл Святой Тройцы, будаўніцтва якога доўжылася з 1769 па 1773 год. Ён не мог не прывабіць творча адораных дзяцей і падлеткаў сваёй велічнасцю і барочнай вытанчанасцю.

— Кожная работа атрымалася непаўторнай, прыгожай і ўдалай у плане каларыту і кампазіцыі, — гаварыла, падводзячы вынікі, старшыня журы Г. М. Чаплінская. — Амаль усе настолькі ўразілі, што камісія доўга спрачалася, перш чым вынесці канчатковы вердыкт. Але конкурс ёсць конкурс: найлепшымі прызнаныя эцюды, якія ў большай ступені змаглі адлюстраваць дакладнасць натуры і яе каляровую гаму.

У рэгіянальным пленэры прынялі ўдзел 40 навучэнцаў мастацкіх школ. У малодшай узроставай групе найлепшым прызнаны эцюд пастаўчанкі Аляксандры Непачатавай. Дыпломамі другой  і трэцяй ступеняў адзначаны Алег Нікалаеў і Таццяна Казак (Паставы). Сярод мастакоў сярэдняга ўзросту не было роўных Таццяне Паўлавай (Паставы). Другое і трэцяе месцы адпаведна ў Валерыі Доўмант (Паставы) і Элы Пашковіч (Круляўшчына). Падзячныя лісты атрымалі Аліна Александровіч (Круляўшчына), пастаўчанкі Кацярына Жук і Карына Гваздзеўская.  За плённае супрацоўніцтва адзначаны Жанна Балабуева і Аляксандр Дзеравянка (былы выкладчык Пастаўскай школы мастацтваў). У падарунак усе атрымалі грунтоўныя выданні пра сусветнавядомых мастакоў з рэпрадукцыямі іх карцін.

Паколькі час правядзення пленэру быў абмежаваны (замалёўкі на прыродзе доўжыліся толькі дзве гадзіны), яго канчатковыя вынікі, у тым ліку і прысу­джэнне Гран-пры, падвядуць вясной, калі адбудзецца выстава дапрацаваных работ.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара і Ганны ДРЭЛІНСКАЙ.

Дата публикации: 10 Ноября, 2017

Нет комментариев