Задача — быць у прызёрах в Поставах

У пачатку лістапада матчамі ў Мінску і ў Паставах распачаўся чарговы чэмпіянат Беларусі па валейболе сярод мужчын у дывізіёне “Б” вышэйшай лігі, у якім нязменна выступае каманда “Атлант”. Пра задачы на новы сезон расказаў адзін з памочнікаў галоўнага трэнера Мікалай РАМЕЙКА.

— Мікалай Станіслававіч, у папярэднім першынстве наша каманда нечаканана для многіх у чацвёрты раз за сваю гісторыю выйграла “серабро”…

—  На працягу папярэдняга сезона наша каманда набірала форму, радавала сваёй гульнёй гледачоў, а галоўнае — ігракі атрымалі вопыт і прыбавілі ў майстэрстве. Зараз ужо можна сказаць, што для нас завяршаецца няпросты перыяд змены пакаленняў, у новы сезон можна гля­дзець з пэўным аптымізмам.

  — Колькі каманд выйшла на старт і па якой формуле праводзіцца першынство?

— У новым сезоне, як і летась, барацьбу за ўзнагароды і выхад у фінальны этап зноў павядуць толькі 5 каманд. Папярэдне збіраліся гуляць яшчэ валейбалісты з Ліды і каманда Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, але па розных прычынах не сфарміравалі баяздольны склад і адклікалі свае заяўкі. Не будзе ў гэтым турніры старэйшых выхаванцаў рэспубліканскага вучы­лішча алімпійскага рэзерву, якія закончылі вучобу, а шэраг з іх папоўнілі клубы наймацнейшага дывізіёна “А”. Па аналагічнай прычыне не стала маладзёжнай зборнай Гро­дзенскай вобласці. Затое дабавіліся два на­вічкі: гомельская “Энергія” і магілёўскі «Прамень».

Формула правядзення чэмпіянату Беларусі не змянілася. Пастаўчане згуляюць 16 матчаў дома і на выездзе. Лепшыя дзве каманды дывізіёна “Б” зноў у два туры згуляюць у фінале па кругавой сістэме на пляцоўках клубаў, якія зоймуць 7-е і 8-е месцы. Тры астатнія каманды нашага дывізіёна правядуць вясной свой турнір у адзін круг на пляцоўцы бронзавага прызёра за 11-13 месцы, а набраныя раней ачкі ўлічвацца не будуць. Пастаўчане хацелі б зноў стаць прызёрамі нацыянальнага першынства.

 — Удалося захаваць папярэдні склад каманды?

 — Мы ўключылі 20 валейбалістаў, сярод якіх пяцёра кандыдатаў у майстры спорту, а большасць — першаразраднікі. Радуе, што ў страі заста­ліся ўсе моцныя ігракі леташняга складу, а вось наш ветэран і капітан у мінулым Алег Шылей, які гуляў у каман­дзе з 1993 года, завяршыў выступленні.

Пастаўчане пастараюцца не расчараваць прыхільнікаў валейбола, яны ўмеюць гуляць прыгожа і камбінацыйна і запрашаюць балельшчыкаў падтрымаць іх на матчах нацыянальнага першынства.

***

Каляндар гульняў каманды “Атлант”

Папярэдні этап. Першы круг

1 тур. 5-6 лістапада

“Атлант” (Паставы) – “Энергія” (Гомельская вобласць)

2 тур. 2-3 снежня

“Атлант” (Паставы) – “Прамень (ВК “Магілёў”)

4 тур. 16-17 снежня

“Узлёт” (Орша) – “Атлант” (Паставы)

5 тур. 13-14 студзеня

“РДВАР” (Мінск) – “Атлант” (Паставы)

Другі круг

6 тур. 20-21 студзеня

“Энергія” (Гомельская вобласць) – “Атлант” (Паставы)

7 тур. 27-28 студзеня

“Атлант” (Паставы) – “Узлёт” (Орша)

9 тур. 17-18 лютага

“Прамень” (ВК “Магілёў) – “Атлант” (Паставы)

10 тур. 24-25 лютага

“Атлант” (Паставы) – “РДВАР” (Мінск).

У 3-м і 8-м турах “Атлант” (Паставы) вольны ад гульняў.

Фінальны этап

У залежнасці ад занятых месцаў каманды-ўдзельніцы прадоўжаць барацьбу за выніковыя месцы з 7 па10 і за 11-13 у чэмпіянаце Беларусі ў двух турах 22-25 сака­віка і 19-22 красавіка.

***

Мацней — у канцоўках

“Атлант” (Паставы) — “Энергія” (Гомельская вобласць)

1 дзень. 3:0 (25:21, 25:22, 25:21)

2 дзень. 3:2 (23:25, 25:17, 25:19, 22:25, 15:11)

Пачатак чарговага чэм­піянату краіны выклікаў вялікі інтарэс у аматараў спорту, і ў першы дзень на пляцоўцы ФАКа не было свабодных месцаў. Як расказаў галоўны трэнер гасцей Андрэй Карабанёў, прыехалі ў Паставы не ў аптымальным складзе, разам з выхаванцамі абласной АСДЮШАР згулялі два іх трэнеры і яшчэ некалькі вопытных валейбалістаў. У пастаўчан не было двух лідараў — С. Шатэрніка і А. Сідарэнкі, а ў стартавым складзе побач з вопытным навічком, кандыдатам у майстры спорту Віталем Бельскім, дэбютаваў малады нападаючы Ягор Артамонаў. Перахваляваўся і наш малады лібера Пётр Марцінкевіч, стаў памыляцца на прыёме, таму яго прыйшлося замяніць. Але паўторную гульню ён правёў на высокім узроўні, надзейна згуляў у абароне.

У першы дзень гамяльчане былі наперадзе з перавагай у 3 мячы, аднак за кошт большага вопыту наша каманда намаганнямі Юрыя Рабекі, Мікалая Фітковіча, Андрэя Русака і Віталя Варанца выраўняла гульню, мацней згуляла ў канцоўках і выйграла дзве партыі. А вось у наступнай госці ледзь не пераламалі ход гульні, былі наперадзе па ачках (13:17). Галоўны трэнер “Атланта” Г. Г. Савосін вярнуў на пляцоўку капітана, распасоўшчыка Васіля Колтуна і яшчэ некалькі вядучых ігракоў. У выніку наш сапернік пацярпеў паражэнне.

У паўторнай сустрэчы гаспадары аддалі гамяльчанам стартавы сэт. Калі на пляцоўку вярнуліся мацнейшыя, у нашай каманды пайшла гульня першым тэмпам. Вось толькі занадта рана паверылі ў перамогу. Справа дайшла да рашаючай скарочанай партыі. Пры падтрымцы гледачоў пастаўчане ўвесь час былі наперадзе. Пад канец сустрэчы бліскуча згуляў нападаючы Ян Сакалоўскі, які тройчы перайграў блок гамяльчан і прынёс камандзе перамогу ў паядынку працягласцю больш за 2 гадзіны. У наступным туры “Атлант” 2-3 снежня згуляе дома з “Праменем” (Магілёў).

Уладзімір ШЫК.

Фота Сяргея ПЛЕШАКОВА.

Дата публикации: 10 Ноября, 2017

Нет комментариев