Вучыла жыццю в Поставах

Сёмага лістапада 95-ы дзень нараджэння адзначыла Ядвіга Казіміраўна Гарэль. Юбілярку добра ведае некалькі пакаленняў пастаўчан, бо амаль сорак гадоў яна прысвяціла школе. Педагагічную дзейнасць пачынала ў Пятрагскай школе, дзе з 1946-га па 1949-ы год выкладала рускую мову і гісторыю. Затым доўгі час працавала ў СШ №1. На пенсію выйшла са школы-інтэрната, якая калісьці была ў райцэнтры. 

Падзякаваць Ядвізе Ка­зіміраўне за веды і вопыт, якімі яна ахвотна дзялілася з вучнямі і калегамі, адданасць прафесіі, павагу да людзей, актыўную грама­дзянскую пазіцыю прыйшла вялікая дэлегацыя настаўнікаў СШ №1 на чале з дырэктарам Паўлам Юр’евічам Травам. Шчырыя словы, кветкі, салодкія і творчыя падарункі, увага і клопат прынеслі імянінніцы хвіліны радасці, узнялі настрой. У ліку гасцей была і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч. Яна далучылася да віншаванняў і ўручыла Ядвізе Казіміраўне Падзяку старшыні райвыканкама і грашовую прэмію.

Я. К. Гарэль увесь час імкнулася не толькі прывіваць вучням цікавасць да школьных прадметаў, але і вучыла жыццю. І я дакладна ведаю, што ў яе атрымалася і тое, і другое — многія, прыязджаючы на малую радзіму, абавязкова наведваюць Ядвігу Казіміраўну, дзякуюць за ўсё. Хіба гэта не найвышэйшая ацэнка яе настаўніцкай працы?

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Дата публикации: 14 Ноября, 2017

Нет комментариев