Па-сястрынску в Поставах

У адной вёсцы жывуць дзве пажылыя сястры, кожная ў сваёй хаце. На зіму іх забіраюць да сябе ў горад дзеці. Бабулям цяжка пакідаць родныя мясціны, упарцяцца, адцягваюць пераезд да апошняга. “А чаму б ім не сысціся ў адну хату, каб разам перажыць зіму?” — спытала я ў дачкі адной з іх. І пачула катэгарычнае: “Не ўжывуцца!”

У процівагу гэтаму расказваю гісторыю дзвюх сясцёр з вёскі Вярэнькі. Гэта Лідзія Фёдараўна Жалубоўская і Галіна Фёдараўна Галай, якія з’ехаліся ў адзін дом 13 гадоў назад  і выдатна сябе пачуваюць. Маё пытанне, ці складана было пачынаць сумеснае жыццё, вельмі здзівіла іх: “Мы ж родныя сёстры!”

Яны са Смаленшчыны, але роднай стала і Беларусь. Старэйшая, Лідзія, пераехала на Пастаўшчыну, дзе жыла сястра, у 1963-ім, малодшая, Галіна, — у 1974-ым. Лідзія працавала рахункаводам у калгасе імя Чапаева, а па сумяшчальніцтве — кінамеханікам. Галіна пачынала на кансервавым заводзе, затым 18 гадоў была кантралёрам АТК на “Беліце”. Калі прадпрыемства пачало развальвацца, вырашыла шукаць новую работу. Пераехалі з мужам у калгас імя Чапаева. Праўленне вы­дзеліла дом. Але ён быў стары і халодны, таму, калі надарылася магчымасць, купілі ў Вярэньках дом, у якім зараз і жывуць сёстры.

Абедзве даўно аўдавелі. У Ліды мужа не стала ў 2001-ым, у Галіны — яшчэ раней. Жыць у вясковым доме адной жанчыне няпроста, таму і вырашылі аб’яднацца. Пытанне, у чый дом з’язджацца, спрэчным не стала. Лідзіі надакучыла суседства з магазінам, куды рэгулярна наведваюцца аматары спіртнога. Да таго ж яе дом цагляны, сыры, шмат клопатаў з паравым ацяпленнем. А Галінін — на самым ускрайку Вярэнек. Ціхае, спакойнае, прыгожае месца.

І сёстрам тут жывецца прыгожа і спакойна. Старэйшай — 75, падводзіць здароўе. Але не ў яе характары бяздзейнічаць. Гатуе абеды, робіць нарыхтоўкі, праполвае градкі. А яшчэ яна “прафесар народнай медыцыны”, як жартоўна называюць  некаторыя вяскоўцы. Збірае лекавыя травы, ведае, якія настоі з іх прыгатаваць і што дапаможа пры тым ці іншым захворванні. Малодшая (ёй 69) — адказная за дастаўку прадуктаў з магазіна і кветнік, які палымнее з вясны да позняй восені. Зімой таксама не застаюцца без справы. Ліда займаецца вязаннем, скубе пер’е, а Галя шые насыпкі і навалочкі. Агульнымі намаганнямі ствараюць падушкі. Вядома ж, хапае і іншых гаспадарчых спраў, з якімі сёстры спраўляюцца разам.

З гаспадаркі зараз трымаюць толькі курэй і качак. А яшчэ сабаку Палкана і дзвюх кошак, да якіх, па ўсім бачна, адносяцца з вялікай любоўю, бо ўвесь час, што мы гаварылі, кошкі песціліся на каленях у гаспадынь. А некалькі гадоў таму сёстры выхадзілі маленькае скалечанае бусляня, якое ім прывезла Галініна дачка. Выклікалі ветурача, куплялі ў магазіне рыбу для птушаняці, рабілі перавязкі зламанай ножкі. Восенню крылаты гадаванец паляцеў са сваімі суродзічамі на поўдзень, а вясной, у знак удзячнасці, заглянуў да сваіх выратавальніц. У тым, што гэта быў іх бусел, сёстры не сумняваюцца. 

Лідзію і Галіну аб’ядноўвае і тое, што  абедзве — цудоўныя пявунні. Падступае самота — адганяюць песняй. Нешта ўзрадавала — і зноў песня просіцца на волю. “Вельмі любім лірычныя песні, — гаварылі яны. — Але, бывае, і жартоўнымі прыпеўкамі павесялімся. Заўсёды слухаем па радыё перадачу “Сустрэча з песняй”, канцэрты па заяўках. Тыя, якія асабліва падабаюцца, перапісваем. Каб паспець запісаць, кожная “схоплівае” па радку.

Упрасіла выканаць хаця б адну песню і расчулілася да слёз — так пранікнёна спявалі яны пра апусцелую родную вёсачку. А якія галасы! Шкада, што такіх таленавітых, улюбёных у песню жанчын ніхто, акрамя блізкіх ім людзей, не чуе. На сцэну б такія народныя таленты. Але ў Вярэньках нават клуба ўжо даўно няма…

У госці да мацярок прыязджаюць дзеці, унукі. У Лідзіі — сын Ігар, у Галіны — дачка Таня. Жывуць з сем’ямі ў Паставах. Жанчыны аднолькава клапатліва адносяцца да ўсіх. А іх дарослыя дзеці  жартуюць, што ў кожнага па дзве мамы, радуюцца, што ім камфортна разам. А гэта так важна — не адчуваць у старасці сябе адзінокім.

— Ну якое мы выключэнне? — здзіўляюцца Лідзія і Галіна. — Гэтак жа аб’яднацца могуць і іншыя родныя людзі. Паверце, жыццё становіцца святлейшым.

Я — веру.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара.     

Дата публикации: 14 Ноября, 2017

Нет комментариев