У гонар Еўфрасінні і праваслаўнай веры в Поставах

На мінулым тыдні споўнілася 1025 гадоў з дня ўтварэння Полацкай епархіі. З гэтай нагоды 9 лістапада ў раённым Доме культуры адбылася ўрачыстасць, якая сабрала не толькі прыхаджан храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы і вучняў нядзельнай школы пры ім, але і іншых гараджан.

Мерапрыемства пачалося з літаратурна-драматычнай кампазіцыі “Спеў аб Еўфрасінні”, падрыхтаванай выхаванцамі нядзельнай школы. З іх дапамогай прысутныя ў зале перанесліся больш чым на восем стагоддзяў назад, у старажытны Полацк, які сёння мы называем калыскай беларускай духоўнасці. Тут у сям’і віцебскага князя Святаслава Усяславіча нарадзілася дзяўчынка Прадслава, якой па волі нябёсаў было наканавана стаць першай святой з усходнеславянскіх жанчын — Прападобнай Еўфрасінняй Полацкай. Пра яе жыццё, прысвечанае служэнню Богу і веры, а таксама справе асветніцтва, расказалі Летапісец, Настаўніца, Вучні і іншыя дзеючыя асобы пастаноўкі.

Благаславенная полацкая зямля падарыла нам не толькі Святую Прападобную Еўфрасінню. Яна ўзгадавала нямала іншых знакамітых людзей, чый уклад у дзяржаўнае, культурнае, духоўнае і адукацыйнае жыццё Беларусі быў і застаецца велізарным. Сярод іх Сімяон Полацкі і Францыск Скарына, чые імёны вядомыя далёка за межамі нашай краіны.

— Мы шчыра ўдзячныя ўсяму праваслаўнаму свету за шматвяковую стваральную працу па фарміраванні духоўна-маральнага фундамента беларускай нацыі, — гаварыў, віншуючы землякоў з юбілейнай датай, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Ні для кога не сакрэт, што лепшыя якасці беларусаў, і не толькі іх, сфарміраваліся на аснове хрысціянскай веры. Полацкая епархія — адна з самых старажытных на нашай тэрыторыі. Яна вядзе свой адлік з далёкага 992 года, калі ў Полацку была заснавана епіскапская кафедра. З гісторыі мы ведаем, што гэта падзея дабратворна паўплывала на развіццё зямель. Ужо ў 1007 годзе мы знаходзім у летапісах упамінанне аб будаўніцтве ў названым вышэй горадзе царквы Багародзіцы, а ў сярэдзіне ХІ стагоддзя там узво­дзіцца велічны храм — Сафійскі сабор. Гэта быў чацвёрты сабор ва ўсім хрысціянскім свеце. У яго сценах пачынала сваю дзейнасць Святая Прападобная ігумення Еўфрасіння Полацкая, у якой было шмат паслядоўнікаў — вялікіх дзеячаў багаслоўя, навукі, асветы, дзяржаўных асоб. А сёння праваслаўная царква з’яўляецца гарантам стабільнасці ў нашым грамадстве і залогам яго паспяховага развіцця.

Ад імя раённай улады і сябе асабіста Юрый Мікалаевіч падзякаваў усім праваслаўным святарам, і ў першую чаргу настаяцелю храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца айцу Валерыю, за шматгадовую плённую працу ва ўстановах адукацыі і сацыяльных установах па духоўна-маральным выхаванні школьнікаў і моладзі, узгадаўшы праекты, якія рэалізуюцца сумесна з праваслаўнай царквой. Падкрэсліў важнасць таго, што ў Паставах і Варапаеве пры храмах працуюць нядзельныя школы, якія нясуць шмат карысці як дзецям, так і іх бацькам. Яшчэ раз павіншаваўшы ўсіх прысутных са знамянальнай падзеяй, Ю. М. Кісялёў пажадаў ім духоўнай моцы, дабрабыту, шчасця і каб спадарожнікамі ў жыцці заўсёды былі добрыя, светлыя пачуцці.

— Юбілей Полацкай епархіі для нас — не толькі свята, але і нагода зрабіць аналіз і падвесці вынікі. Мы павінны паглядзець, як жылі нашы продкі, і параў­наць з тым, як жывём самі, — адзначыў у сваім выступленні айцец Валерый і заклікаў чэрпаць з гісторыі ўсё самае лепшае, таму што “свой дом мы павінны пабудаваць на трывалым фундаменце веры ў Бога, любові да яго і блізкіх”. — На жаль, у сучасным свеце шмат негатыўнага, ня­вартага хрысціяніна: п’янства, наркаманія, праблема распаду сем’яў і іншае, — працягваў ён. — І кожнаму неабходна ўсвядоміць гэта, спыніцца і задумацца пра сваё жыццё.

Айцец Валерый са свайго боку па­дзякаваў адміністрацыі раёна, работнікам культуры і райаддзела па надзвычайных сітуацыях, казакам Пастаўскага казацкага аддзела, воінам-пагранічнікам і іншым, хто 22 кастрычніка прыняў удзел у хрэсным ходзе з абразом Прасвятой Багародзіцы “Дзісненская Адзігітрыя” і каўчэгам з мошчамі святога пакутніка Канстанціна. Таксама выказаў удзячнасць усім, хто прыйшоў на ўрачыстасць, каб з любоўю ў сэрцы звярнуцца да нашай маці — Прападобнай Еўфрасінні, заступніцы полацкай зямлі.

Па благаславенні архіепіскапа Феадосія на ўрачыстасці ў Паставы прыехаў госць з Мінска — кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Мікалаевіч Цітавец, якому таксама далі слова. Ён расказаў пра тое, як Святая Еўфрасіння ў адно імгненне дзіўным чынам перавярнула яго свядомасць, змяніла менталітэт і адносіны да навакольнага свету. Аднойчы дакрануўшыся да яе мошчаў, упарты атэіст, выкладчык марксізму-ленінізму стаў глыбокаверуючым, уцаркоўленым чалавекам, паступова вылечыўся ад многіх хранічных захворванняў.

— Полацкая епархія — гэта эпіцэнтр сусветнай духоўнасці. І вам вельмі пашанцавала жыць на астраўку духоўнай бяспекі, — звярнуўся ён да прысутных у зале. — Вы бачыце, што адбываецца сёння ва Украіне, у Заходняй Еўропе, іншых краінах. Палітычная карта свету мяняецца амаль штодня: разбураюцца, здавалася б, непахісныя дзяржаўныя сістэмы, на асколках якіх узнікаюць новыя дзяржавы, мяняюцца эканамічныя прыярытэты, узнікаюць вя­лізныя патокі міграцыі. І ў гэтым калейдаскопе многія людзі, асабліва маладыя, губляюцца, не разумеюць, што адбываецца, загразаюць у моры інфармацыі, якую прадастаўляе інтэрнэт.

Аляксандр Мікалаевіч абазначыў шэраг небяспечных для духоўнасці і ўнутранага свету чалавека з’яў, якія існуюць на сённяшні дзень. Спыніўся таксама на праблеме мэтанакіраванага вынішчэння славян на планеце, а з імі — і ідэалаў праваслаўя.

— Выратавацца мы можам толькі з’яднаўшыся, — канстатаваў ён. — Накіроўваючыся да нашага Творцы, мы становімся бліжэй адно да аднаго, адной сям’ёй, братамі і сёстрамі. А па меры аддалення ад Бога павялічваецца адлегласць паміж намі, растуць эгаізм, агрэсія, зайздрасць, сквапнасць. Як толькі народ адыходзіць ад веры ў Бога, яго спасцігаюць нейкія ўзрушэнні і няшчасці. Гэта даказвае наша гісторыя.

Бог ёсць любоў, і ён жыве ў кожным з нас. Мы адкрываем яго для сябе ў тым ліку дзякуючы мілагучнай мелодыі і прыгажосці спеваў. Добрая музыка аблягчае ўспрыняцце слова Божага. Таму вельмі арганічным на свяце было выступленне навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Многія з іх, дарэчы, наведваюць нядзельную школу. У выкананні юных артыстаў прагучалі класічныя і сучасныя творы, якія напоўнілі сэрцы слухачоў яшчэ большай радасцю і цеплынёй.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Дата публикации: 14 Ноября, 2017

Нет комментариев