Парадавалі матуль в Поставах

“Мама, мамачка, матуля”— самыя дарагія на свеце словы. Словы, зразумелыя  на ўсіх мовах свету. У іх — пя­шчота,  любоў і надзея. Для кожнага з нас мама — самы родны і любімы чалавек. Ад калыскі — і назаўсёды. І колькі б ні было табе гадоў, заўсёды патрэбна мама, яе ласка, погляд…

На мерапрыемства, якое прахо­дзіла ў нашай бібліятэцы, мы запрасілі дыспетчара Варапаеўскай дыстанцыі пуці Анастасію Аляксандраўну Кузміч з дзецьмі Аняй і Лёшам, медсястру мясцовай бальніцы Ірыну Леанідаўну Шкорнік з дачушкай Аняй,  агента-кансультанта Зою Леанардаўну Кімбар з Насцяй, Ванем і Аленкай і Вольгу Томашаўну Брэскую, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па догля­дзе дзіцяці, са старэйшымі сынамі Ігарам і Максімам.

Вядучыя вечара — бібліятэкары Л. С. Жук і А. А. Пашкова — падрыхтавалі цікавую конкурсную праграму. А пачалася яна з песні “Наступае свята нашых мам» у выкананні вучаніцы 2 класа Ані Кузміч. Мамы і дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах: “Мая мама — лепшая за ўсіх!” (за дзве хвіліны кожнаму юнаму ўдзель­ніку патрэбна было пераканаць прысутных у тым, што яго мама  — самая лепшая, пасля чаго матулям уручылі медалі “Найлепшая ў свеце мама”); “Разважалкі” (з трох спроб трэба было ўгадаць якасць чалавека); “Абганялкі” (на хуткасць назваць аўтараў кніг, прозвішчы літаратурных герояў і іншае).

Усе мы добра ведаем, як любяць загадкі дзеці. А вось мамы хваляваліся, калі загадкі і прымаўкі  прапанавалі менавіта ім. З пастаўленай задачай усе ўдзельніцы справіліся выдатна. З гумарам прайшоў конкурс “Я дасканала памятаю вобраз твой”. Дзецям трэба было расказаць усё пра сваіх мам, не гле­дзячы на іх. Сапраўднымі тэатраламі паказалі сябе мамы, калі ім прапанавалі з дапамогай жэстаў апісаць кухонныя прылады, а дзецям — здагадацца, пра што ідзе размова. Была і бяспройгрышная вершаваная латарэя.

Гучалі вершы-прызнанні, вершы-віншаванні. У выкананні трэцякласніцы Ані Шкорнік прагучала песня “Мама і дачка”. Напрыканцы сустрэчы кожная мама атрымала букет кветак і грамату “Залатой маме”.

Хочацца спадзявацца, што такія  сумесныя мерапрыемствы выхоўваюць у нашых дзяцей павагу і гонар за сваіх матуль. Усё,  што ёсць у нас, — дзякуючы маці. Здароўя і радасці, цярпення і мудрасці, узаемнай любові і павагі шчыра жадаю ўсім мамам і іх дзецям.

Алена МІХАЛЕВІЧ, загадчыца

Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэкі.

Дата публикации: 14 Ноября, 2017

Нет комментариев