Адна ў годзе пятніца в Поставах

Збіты з панталыку такім загалоўкам? Таму ўдакладняю: “Чорная пятніца” і тлумачу, што такі тэрмін азначае дзень распродажу тавараў з вялікімі скідкамі ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, які аб’яўляецца ў апошніх чыслах лістапада.

Пастаўскія кааператары практыкуюць “чорную пятніцу” з 2015 года. Сёлета яна прыпала на 24 лістапада. “І як прайшла?” — цікаўлюся ў намесніка старшыні раённага спажывецкага таварыства па гандлі Г. М. Сянько. “Выдатна. Нават лепш, чым разлічвалі, — адказвае Ганна Мечыславаўна. — У два папярэднія гады атрымлівалі ў такі дзень меншую выручку, чым сёлета. 30-працэнтную скідку на тавары ў Паставах прадастаўлялі ўнівермаг і магазіны “Абутак”, “Культтавары”, “Мэбля”, “Гаспадарчы двор”. Назаву лічбы. Напрыклад, тавараабарот універмага за кастрычнік склаў 57 тысяч рублёў, а за пятніцу — 47 тысяч рублёў. У Варапаеве акцыя прайшла на адзін дзень раней. Там дзённая выручка склала 8,5 тысячы рублёў, а тавараабарот за кастрычнік — 9,4 тысячы рублёў. Спаўна скарысталіся скідкай і лынтупчане”.

Найбольшым попытам карысталіся дробнабытавая тэхніка, ювелірныя і панчошна-шкарпэтачныя вырабы, адзенне, бялізнавы трыкатаж, цюлегардзіннае палатно.

Расказваючы пра “чорную пятніцу”, Ганна Мечыславаўна Сянько падкрэсліла, што гэта сапраўды самая буйная акцыя, якая праводзіцца адзін раз у год, але, акрамя яе, у сетцы спажыўкааперацыі ажыццяўляецца шмат іншых мерапрыемстваў, накіраваных на стымуляванне і рост продажу нехарчовых тавараў. Пакупнікам добра вядомыя акцыі “Тавар аднаго дня”, “Тавар тыдня”, практыкуюцца скідкі на пэўныя групы тавараў па выхадных днях або па пятніцах. Асабліва шмат акцый пройдзе ў снежні, напярэдадні калядных і навагодніх свят. Напрыклад, у гандлёвых прадпрыемствах, аснашчаных камп’ютарнай сістэмай, пры пакупцы тавару на агульную суму ад 40 да 50 рублёў прадугледжана скідка 3%, 60-79 рублёў — 5%, звыш 80-ці — 7%. Будуць скідкі і ва ўнівермагу. Пастаўчане, якія робяць пакупкі ў магазіне “Ветразь” (мікрараён будаўнікоў), могуць разлічваць і на падарункі, кошт якіх будзе залежаць ад сумы, на якую зроблены пакупкі. Калі  ў перыяд з 1 па 25 снежня вы набудзеце тут тавараў на суму ад 100 да 200 рублёў, можаце разлічваць на падарунак коштам ад 7 да 8 рублёў, ад 200 да 300 — 18, больш за 300 — 25 рублёў.

Ёсць і будуць у гандлёвых кропках райспажыўтаварыства і іншыя акцыі. Таму, калі маеце грошы і патрэбу ў пакупках, сачыце за аб’явамі  і набывайце тавар са скідкамі.

Фаіна КАСАТКІНА.

Дата публикации: 1 Декабря, 2017

Нет комментариев