Калі марыце стаць следчым в Поставах

Пастаўскі раённы аддзел Следчага камітэта быў утвораны ў студзені 2012 года ў выніку зліцця следчых пракуратуры і міліцыі. Сёння з улікам праведзенай 1 верасня гэтага года аптымізацыі ў ім працуюць 8 следчых, у абавязкі якіх уваходзіць расследаванне ўсіх катэгорый крымінальных спраў, здзейсненых на тэрыторыі раёна. Работа патрабуе ўседлівасці, уважлівасці, скрупулёзнасці, умення аналізаваць, наладжваць кантакт з людзьмі, ведання не толькі юрыспрудэнцыі і норм дзеючага заканадаўства, але і псіхалогіі, эканомікі. Яна вельмі адказная, паколькі следчы вырашае лёсы людзей шляхам прымянення меры стрымання, накіравання справы ў суд для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Нездарма гэта работа адна з самых высокааплатных у раёне сярод дзяржслужачых.

Як супрацоўнікі міліцыі і ваеннаслужачыя, на пенсію следчыя могуць выходзіць у 48 гадоў. У стаж службы ўключаецца час навучання на следча-экспертным факультэце Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, куды запрашаем паступаць выпускнікоў школ. Тэрмін навучання на вочнай форме па спецыяльнасці “Правазнаўства” з наступным прысваеннем кваліфікацыі “Юрыст” складае 4 гады. Каб стаць курсантам Акадэміі МУС, неабходна да 1 красавіка 2018 года звярнуцца ў Пастаўскі РАСК для атрымання даведкі-рэкамендацыі на паступленне і падрабязных растлумачэнняў аб парадку неабходных дзеянняў.

Пасля заканчэння вучобы, якая залічвае службу ў арміі і атрыманне вышэйшай юрыдычнай адукацыі, выпускнікі факультэта размяркоўваюцца ў тэрытарыяльныя аддзелы Следчага камітэта. Таму, пры наяўнасці вакантных месцаў і жадання вярнуцца ў Паставы, можна прыехаць працаваць у наш аддзел. Ёсць магчымасць працаўладкавацца ў іншых гарадах і райцэнтрах вобласці.

Яўгеній СІНІЛА, намеснік начальніка

раённага аддзела Следчага камітэта.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев