Валанцёрству — развівацца в Поставах

Дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская перадае сродкі рэабілітацыі намесніку галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Алегу Віктаравічу Дарафееву.

На працягу года Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вялася работа па рэалізацыі праекта “Аказанне валанцёрскай дапамогі былым вязням”. Яго спонсарам выступаў германскі фонд “Памяць, адказнасць і будучыня” пры непасрэднай падтрымцы міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” і ў рамках праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”.

— Гэта не першы вопыт ТЦСАН па рабоце з замежнай бязвыплатнай дапамогай, але першы праект, які рэалізоўваўся сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”, — расказвала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Дзіяна Іванаўна Пякарская. — За гэты час праведзена мноства мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку былых вязняў. Найперш стаяла задача прыцягнуць да рэалізацыі праекта максімальную колькасць грамадзян вызначанай групы, выявіць і вывучыць іх патрэбы. Калі праект стартаваў, у раёне пражывала 1128 адзінокіх і 4445 адзінокапражываючых грамадзян, з іх 105 — былыя вязні. Спачатку быў распрацаваны комплекс медыка-сацыяльных, аздараўленчых паслуг з выкарыстаннем розных масажораў, міні-трэнажораў, лячэннем арома-, магнія-, фіта-, спелеатэрапіяй. Аздараўленне ажыццяўлялася ў аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра.

Аднак не ўсе жадаючыя маглі яго наведваць па прычыне далёкага пражывання, абмежаваных фізічных магчымасцей. Улічваючы пажаданні грамадзян, каардынатары праекта арганізавалі валанцёрскія групы. У іх склад увайшлі школьнікі, навучэнцы каледжа, гімназіі, наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. З імі правялі вучобу па аказанні аздараўленчых паслуг у дамашніх умовах. Урач-тэрапеўт цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Міхайлаўна Нікалаева на занятках даступна, кваліфікавана расказвала валанцёрам пра розныя віды і формы медыка-сацыяльнай дапамогі, вучыла правілам догляду пажылых людзей. Урэшце кліентам прапанавалі паслугу “Санаторый на даму”, якой могуць карыстацца жыхары нават самых аддаленых пунктаў. На дом дастаўляюцца прадукты, на месцы аказваюцца паслугі цырульніка. Да рэалізацыі праекта былі прыцягнуты шматлікія зацікаўленыя арганізацыі.

У рамках праекта работнікамі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН пажылым аказвалася дапамога па апрацоўцы прысядзібных участкаў, абкошванні прыдамавой тэрыторыі, праполцы градак, нарыхтоўцы сена. Ні адна просьба не засталася без увагі. Арганізоўваліся таксама віншаванні з днём нараджэння, дзяржаўнымі святамі.

— Хочацца адзначыць жаданне моладзі ўдзельнічаць у валанцёрстве, — працягвала Дзіяна Іванаўна Пякарская. — Падчас рэалізацыі праекта мы змаглі ўмацаваць сувязь пакаленняў, пераняць шматлікія традыцыі продкаў. Валанцёры імкнуліся забяспечыць максімальна індывідуальны падыход пры аказанні сацыяльна-бытавой дапамогі на даму, палепшыць якасць жыцця падапечных, наладзіць з імі даверлівыя адносіны. І гэта ўдалося.

На падвядзенні вынікаў частка набытых за кошт спонсарскай дапамогі сродкаў была перада­дзена партнёру праекта — цэнтральнай раённай бальніцы, частка засталася для карыстання тым, хто пражывае ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

З новага года стартуе чарговы праект германскага фонда “Памяць, адказнасць і будучыня”, які будзе зноў жа рэалізоўвацца сумесна з ТЦСАН. Фондам вы­дзелена больш за 11 тысяч еўра. Іх накіруюць на стварэнне валанцёрскага цэнтра, бясплатнага пункта пракату рэабілітацыйных сродкаў і прадаўжэнне пачатай у бягучым годзе работы — аказанне аздараўленчых паслуг і сацыяльна-бытавой дапамогі былым вязням.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев