«Удзельнічаць у конкурсах — крута!» в Поставах

23-24 лістапада ў горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці праходзіў 31-ы рэспубліканскі конкурс прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў  сістэмы спажыўкааперацыі. Анастасія Папова з пастаўскага ўніверсама “Цэнтральны” заняла ў ім чацвёртае месца сярод 24 удзельніц.

— Вельмі шкада, што зусім крышачку не дацягнула да прызавога, — прызнаецца дзяўчына. — Але гэта падштурхне мяне яшчэ больш настойліва рыхтавацца да наступных конкурсаў, у якіх абавязкова буду ўдзельнічаць і яшчэ лепш прадстаўлю наша спажыўтаварыства.

Анастасія закончыла Пастаўскі прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “Бухгалтар”, але працаваць пайшла прадаўцом. Вабіў Мінск, там і ўладкавалася. Праўда, у сталіцы затрымалася ўсяго на паўтара года. “Зразумела, што хачу дадому, у свае Дунілавічы і Паставы, — гаворыць. — Таму і вярнулася. Прынялі прадаўцом універсама “Цэнтральны”.

Актыўная, жыццярадасная, увішная, яна не магла не прыцягнуць да сябе ўвагу. І калі кіраўніцтва райспажыўтаварыства прапанавала  паўдзельнічаць у абласным конкурсе прафесійнага майстэрства прадаўцоў, ахвотна згадзілася. Падрыхтавалася грунтоўна, выступіла ўпэўнена і заняла другое месца сярод дваццаці ўдзельніц, уступіўшы толькі прадстаўніцы Лепельскага спажыўтаварыства.

— Рыхтавацца да абласнога і рэспубліканскага конкурсаў мне шмат дапамагалі вядучы таваразнаўца  Наталля Леанідаўна Артамонава і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Людміла Мікалаеўна Касцюкова. Пастаянна адчувала падтрымку першага намесніка старшыні райспажыўтаварыства Ганны Мечыславаўны Сянько, жадаў поспеху старшыня таварыства Грыгорый Арсенцьевіч Леўкавец, — расказвала Насця. — Усё гэта вельмі многа значыла для мяне. На абодвух конкурсах хвалявалася, было складана, але я паспяхова справілася з усімі заданнямі. А гэта было прадстаўленне візітнай картачкі, рэклама тавару, тэсты і выкладка тавару.

Да саперніцтва Насці не прывыкаць. Яна захапляецца спортам і неаднаразова ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, займала прызавыя месцы яшчэ будучы навучэнкай прафтэхкаледжа. Мінулым летам удзельнічала ў абласной спартакіядзе работнікаў спажыўкааперацыі і заняла трэцяе месца ў мнагаборстве і першае — у бегу. А яшчэ яна вучыцца  ў Гомельскім гандлёва-эканамічным  універсітэце. Перайшла на другі курс.

— Насця, а што табе даў удзел у конкурсе? — пытаюся.

— Вельмі яркія ўражанні і эмоцыі, новыя знаёмствы, упэўненасць у сваіх сілах. І шмат-шмат падарункаў не толькі ад арганізатараў, але і ад пастаўшчыкоў тавару. А ў райспажыўтаварыстве  мяне сустрэлі з кветкамі. Таму ўдзельнічаць у конкурсах — крута!

Фаіна КАСАТКІНА.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев