«Дзе нарадзілася, там і спатрэбілася» в Поставах

Словы, вынесеныя ў загаловак, належаць старшыні Валкоўскага сельскага Савета Таісе Браніславаўне Баторы. Сапраўды, усё яе жыццё звязана з роднай старонкай. Закончыла Валкоўскую сярэднюю школу, а затым выкладала ў ёй, з 2005-га па 2007-ы з’яўлялася дырэктарам. І вось ужо больш за 10 гадоў — старшыня мясцовага сельскага Савета. Наша сённяшняя размова з Таісай Браніславаўнай — пра работу, сям’ю, захапленні.

— Колькі населеных пунктаў размешчана на тэрыторыі сельсавета і колькі чалавек у іх пражывае?

— 33 вёскі і 825 чалавек. Самыя шматлікія: Ляхаўшчына (183 жыхары), Валкі (138), Норыца (124). А ў 17 вёсачках пражывае па 10 і менш чалавек. З усёй колькасці — працаздольных 432. Некалькі населеных пунктаў ужо зніклі з карты сельсавета і яшчэ чатыры (Жукава, Заруддзе, Марцінелевічы, Маштаркі) на цяперашні час засталіся без жыхароў.

— Якімі ўстановамі прадстаўлена інфраструктура?

— На тэрыторыі сельсавета ёсць Валкоўскае лясніцтва, тры фельчарска-акушэрскія пункты, Дом культуры і сельскі клуб, дзве бібліятэкі, пяць магазінаў, комплексны прыёмны пункт, абслугоўваюць два перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі, размешчана сельгаспрадпрыемства “Ляхаўшчына-агра” і аддзяленне “Дунілавічы-агра”. Школы ў выніку аптымізацыі, на жаль, закрыты: у 2014 го­дзе — Валкоўская, сёлета — Ляхаўшчынская.

— Штатная колькасць работнікаў сельвыканкама невялікая?

— Усяго чатыры чалавекі. Калектыў зладжаны і праца­здольны. Найбольшы стаж, каля 20 гадоў, у справавода Людмілы Іванаўны Палянінай. Яна дасканала выконвае сваю работу, пайменна ведае ўсіх жыхароў сельсавета. Адказная, кампетэнтная, пунктуальная кіраўнік спраў Алена Іванаўна Мянчынская, як сабе, давяраю бухгалтару Людміле Вініямінаўне Счаснай. Ніхто не абмяжоўваецца толькі сваімі абавязкамі. Пры патрэбе дапамагаем адна адной.

— А як з самакіраваннем?

— Пастаянна прыцягваем старэйшын вёсак і дэпутатаў да вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насель­ніцтва. За кожнай вёскай замацаваны старэйшына і дэпутат. Найперш размова ідзе пра падтрыманне парадку, добраўпарадкаванне вуліц і населеных пунктаў, утрыманне прыдамавых тэрыторый. У вёсках Хрыстова, Заўлічча, Даравое, Сасноўшчына, Сарокі, Жданы, Жукава, Ласіца па ініцыятыве старэйшын і дэпутатаў добраўпарадкаваны могілкі. Гэтыя аўтарытэтныя людзі таксама ўдзельнічаюць у падворных абходах, удакладняюць даныя для вядзення пагаспадарчых кніг, даво­дзяць неабходную інфармацыю да ведама насельніцтва і адначасова інфармуюць сельскі Савет пра звароты, якія паступаюць ад грамадзян.

— Назавіце, калі ласка, самых актыўных старэйшын.

— Напрыклад, Людміла Веніямінаўна Счасная з Хрыстова. Шмат увагі яна надае добраўпарадкаванню і навя­дзенню парадку ў вёсцы, утрыманню могілак. Актыўныя ў грамадскіх справах старэйшыны вёсак Норыца — Люцыя Браніславаўна Паганько, Даравое — Ганна Пятроўна Турчыновіч, Гігалы — Сафія Францаўна Гігола, Заўлічча — Ядвіга Іванаўна Курцэвіч.

— Як арганізавана работа са зваротамі грамадзян?

— Работнікі сельвыканкама  адказна падыходзяць да разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, вырашэння ўзнятых пытанняў. Паколькі сорак працэнтаў насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі сельсавета, пенсійнага ўзросту, многія звяртаюцца з пытаннямі па афармленні завяшчанняў, дакументаў на валоданне зямлёй, па розныя кансультацыі. Просяць дапамагчы спілаваць аварыйныя дрэвы, бываюць звароты па грэйдзіраванні і рамонце дарог, вулічным асвятленні. Уважліва выслухоўваем кожнага,  стараемся дапамагчы ў вырашэнні пытання. На жаль, гэта не заўсёды магчыма.

— У праекце “15 пытанняў ад “Пастаўскага краю” мы імкнёмся расказаць не толькі пра работу, грамадскія абавязкі чалавека, але і раскрыць яго асобу. Вярніцеся ў думках у дзяцінства, бо ўсё пачынаецца з яго.

— Я нарадзілася ў вёсачцы Гігалы Валкоўскага сельсавета ў шматдзетнай сям’і, маю дзвюх старэйшых сясцёр і малодшага брата. Жылі не бедна, бо трымалі вялікае ўласнае падвор’е: кароў, каня, свіней, птаства. Бацькі шмат працавалі, дапамагалі ім і мы, дзеці. На жаль, вельмі рана, у 49 гадоў, пайшла з жыцця мама. Нядоўгім быў і татаў век — 64 гады.

Што да роднай вёскі, то ў ёй жылі вельмі добрыя і дружныя людзі. Праводзіны ў армію, вяселлі, пахаванні — ва ўсім дапамагалі адно аднаму. Жартавалі, што ў кожным доме быў клуб, бо па чарзе ладзіліся танцы, на якія збіралася шмат моладзі. Наша вёсачка Гігалы і раней была невялікай, а зараз у ёй засталіся ўсяго тры жылыя хаты, у якіх толькі чатыры чалавекі. Гэты куточак вельмі дарагі майму сэрцу, з ім звязаны ўсе дзіцячыя і падлеткавыя ўспаміны.

— Гора, напэўна, яшчэ больш загартавала і згуртавала вас, дзяцей?

— Гэта сапраўды так. Усе мы атрымалі адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці, падтрымліваем цесныя сувязі паміж сабой. Сястра Лена працуе эканамістам у ААТ “Камайскі-агра”, Ніна — поварам у Валкалатах, Алег — участковым інспектарам Глыбоцкага РАУС. Усе маюць сем’і. Пастаянна сазвоньваемся, разам адзначаем юбілеі, іншыя важныя падзеі. Кожны год на Радаўніцу абавязкова прыязджаем на магілы нашых бацькоў і родных, бываем у бацькоўскім  доме, каля якога падтрымліваем парадак.

— Як складваўся ваш шлях у жыцці?

— Марыла стаць настаўніцай. Паступала на філалагічны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага, але не прайшла па конкурсе. Каб не губляць дарэмна час да наступнага года, падала дакументы ў Полацкае прафтэхвучылішча швейнікаў. Можа, таму, што мама марыла, каб мы, дзяўчынкі, умелі шыць. Умею і часам займаюся гэтым і зараз. Але з марай пра настаўніцтва не рассталася і ажыццявіла яе. Ужо выйшаўшы замуж і нарадзіўшы сыночка, паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага пед­інстытута. Вучылася і адначасова працавала ў Валкоўскай сярэдняй школе.

— Замуж выйшлі зусім маладзенькай?

— Так, мне было ўсяго васямнаццаць. Аляксей на пяць гадоў старэйшы. Абое па знаку задыяка Казярогі, але жывём мірна. Вельмі ўдзячная Алёшавым маме і тату Марыі Васільеўне і Івану Іванавічу, якія прынялі мяне, як родную. Раздзялялі і раздзяляем з імі ўсе трывогі і радасці, традыцыйна збіраемся ў іх доме на рэлігійныя святы. Тры гады жылі разам, а потым купілі дом, таксама ў Валках. Цікавая заканамернасць — да нас у ім жыла Яніна Іосіфаўна Траццякова, якая працавала старшынёй сельскага Савета, яшчэ раней — Мікалай Іванавіч Кісялёў, і ён у свой час займаў гэту пасаду. Зараз на ёй — я. Атрымліваецца “сельсавецкі” дом. Жартую, што, можа, які знак у падмурку закладзены.

— За што вам бывае крыўдна?

— За няпраўду. Я — чалавек прамы і рашучы, заўсёды адстойваю справядлівасць і не пераношу хлусні. Але разумею, што ёсць такая катэгорыя людзей, на якіх не варта крыўдаваць. Яны, можа, нават не разумеюць, што крыўдзяць сваімі словамі або ўчынкамі. У такіх выпадках стараюся праяўляць  цярплівасць і тактоўнасць.

— А што радуе?

— Сям’я, родныя і блізкія людзі. У шлюбе я ўжо 23 гады. У мяне вельмі добры муж, у яго залатыя рукі. Ён умела выканае будаўнічыя работы, адрамантуе машыну, выдатна разбіраецца ў электрыцы. Ва ўсім адчуваю яго падтрымку. Нашаму адзінаму сыну Максіму — 21. Ён вучыўся ў Полацкім дзяржуніверсітэце па спецыяльнасці “Інжынер-сістэматэхнік”. Зараз праходзіць тэрміновую службу.

Стараюся ва ўсім знаходзіць пазітыў, у пэўных сітуацыях дапамагае пачуццё гумару, а то і проста ўсмешка. А якая прыгожая ў нас прырода! У кожнай пары года сваё хараство. Зімой радуе вока снег, падбадзёрвае мароз, вясной усё ажывае, летам — квітнее, восень дорыць ураджай. Прыемна збіраць яго са свайго сада і агарода, рабіць на зіму нарыхтоўкі.

— А яшчэ вы добра спяваеце…

— Так, спяваць вельмі люблю з дзяцінства. У школу хадзіла ў Заўлічча, што за тры кіламетры ад нашай вёскі. Дарога пралягала каля могілак, якіх вельмі баялася. Каб заглушыць страх, спявала. І зараз прытрымліваюся такога прынцыпу: калі спяваю — значыць, жыву. Дарэчы, добра спяваюць і мой муж і сын. Спяваю, калі гатую ежу на кухні, за шыццём, у гасцях. Перавагу аддаю лірычным, задушэўным песням. І ў людзях найбольш цаню душэўную прыгажосць. Не магу сядзець без справы. Пастаянна стаўлю перад сабой задачы і ажыццяўляю іх.

— На завяршэнне размовы зноў звернемся да вашай прафесійнай дзейнасці. Што найбольш складанае ў рабоце старшыні сельскага Савета?

—  Складанасцей дастаткова ў любой сферы. Рэальна ацэньваю магчымасці сённяшняга дня. Выйсце шукаю ў адпаведнасці з абставінамі.  Канешне, хацелася б замены службовага аўтамабіля, дастатковага фінансавання для добраўпарадкавання тэрыторыі сельсавета, вулічнага асвятлення, утрымання і рамонту дарог. Аднак, зыходзячы з рэалій, даводзіцца эканоміць. Многія пытанні вырашаю дзякуючы адказнасці кіраўнікоў, неабыякавасці грамадзян. Асабіста я кіруюся прынцыпам: лепш зрабіць і пашкадаваць, чым не зрабіць і шкадаваць пра гэта. А ў людзях найбольш цаню прыстойнасць і дабрыню. Упэўнена: хто робіць дабро, той дабром і жыве.

— Указам Прэзідэнта Беларусі на 18 лютага 2018 года назначаны выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Як пачынаеце падрыхтоўку да іх?

— Усе выбарчыя кампаніі на тэрыторыі нашага сельсавета праходзілі паспяхова, галасаванне — актыўна. Упэўнена, што не стане выключэннем і гэта. Ужо сфарміравалі сельскую выбарчую камісію, 23 лістапада правялі першае пасяджэнне. І далей будзем працаваць па каляндарным плане, зацверджаным Цэнтрвыбаркамам. Што да дэпутацкага корпуса, то ён у нас дастаткова стабільны. Але будзем вылучаць і новыя кандыдатуры.

— Дзякуй за гутарку. І далейшых поспехаў у працы, асабістага шчасця.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі Філановіч.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев