Цёпла, дружна, творча в Поставах

Былыя і сённяшні дырэктары школы: В. Ч. Пякарскі, Л. А. Балот¬нікава, С. К. Вярцінскі.

Па-сапраўднаму святочнай, цікавай, багатай на гасцей і падарункі атрымалася ўрачыстасць з нагоды 50-гадовага юбілею пастаўскай СШ №4, якая прайшла 24 лістапада ў раённым Доме культуры.

Якая яна, чацвёртая гарадская школа? Адказ на гэта пытанне даў відэафільм, зняты мужам і жонкай Казак. Ірына Станіславаўна, настаўніца пачатковых класаў, напісала выдатны сцэнарый, у якім было дадзена слова і прадстаўнікам адміністрацыі, і цяперашнім і былым педагогам, і вучням. А Віктар Іванавіч выступіў у ролі аператара. Дапоўнілі ўяўленне пра навучальную ўстанову пачаткоўцы, якія са сцэны ў вершах расказалі пра свой другі дом і за што яны яго любяць, а таксама дырэктар В. Ч. Пякарскі. Узгадаўшы гісторыю школы і яе сённяшні дзень, Вячаслаў Часлававіч пажадаў дружнай школьнай сям’і моцнага здароўя, мэтанакіраванасці, дабрабыту і веры ў сябе. Настаўнікам — не стаяць на месцы, пастаянна ўдасканальваць сваё педагагічнае майстэрства, вучням — выдатнай вучобы і добрых ведаў, бацькам — узаемаразумення з дзецьмі, а выпускнікам — не забываць родныя пенаты.

За палову стагоддзя ў сценах чацвёртай школы атрымалі адукацыю больш за дзве тысячы юнакоў і дзяўчат. Пачынаючы з 2000 года, калі ўстанова стала сярэдняй, з залатым або сярэбраным медалём яе закончылі 14 чалавек. Многія былыя вучні з удзячнасцю ўспамінаюць сваю альма-матар і любімых настаўнікаў, з розных куткоў Беларусі і нават з замежжа пры­ехалі і прыляцелі на юбілей. Паказальна, што сабраліся восем самых першых выпускнікоў тады яшчэ васьмігадовай школы. Падняўшыся на сцэну, яны ўспомнілі сябе за школьнымі партамі, у вершах павіншавалі СШ №4 з 50-годдзем.

Разам з былымі і цяперашнімі вучнямі, бацькамі і педагогамі ў зале прысутнічала нямала ганаровых гасцей. У іх ліку прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Смаргонскай пагранічнай групы і 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, дырэктары школ горада, ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі або намеснікі кіраўнікоў шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый, колішнія старшыня райвыканкама Э. П. Казура і яго намеснік А. Э. Кейзік. Усе яны прыйшлі не з пустымі рукамі — з грашовымі сертыфікатамі, аргтэхнікай і інш., вельмі цёпла гаварылі пра СШ №4, жадалі ёй далейшых поспехаў і працвітання. Свой падарунак школе перадаў з Масквы і сын камандзіра 32-ой ракетнай дывізіі генерала В. Ф. Франтова, па ініцыятыве і пры актыўным удзеле якога быў узведзены будынак навучальнай установы.

Па традыцыі на ўрачыстасці шэраг педагогаў узнагародзілі Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, аддзела адукацыі, спорту і турызму, Па­дзякамі Віцебскага абласнога і Пастаўскага раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Атрымалі іх і ветэраны педагагічнай працы, сярод якіх былыя дырэктары школы С. К. Вярцінскі і Л. А. Балотнікава. У знак удзячнасці ім і іншым ветэранам за ўклад у справу навучання і выхавання многіх пакаленняў школьнікаў ад адміністрацыі навучальнай установы паднеслі букеты кветак. А В. Ч. Пякарскаму і С. І. Машкову як куратару і аднаму з кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага класа ўручылі нагрудныя знакі, вырабленыя з нагоды 25-годдзя з дня ўтварэння Смаргонскай пагранічнай групы, якая цесна супрацоўнічае са школай.

У агульную канву свята цудоўна ўпісаліся музычныя нумары, падрыхтаваныя настаўнікамі, а таксама вучнямі чацвёртай і іншых гарадскіх школ, якія займаюцца ў студыях раённага Цэнтра дзяцей і моладзі і Дома культуры. У прыватнасці, вельмі кранальна ў выкананні А. В. Сцяпанавай, Ю. В. Новікавай, І. С. Казак і К. С. Патаровіч прагучалі вядомыя песні “Учительский вальс” і “Семейный альбом”, у якім слова “семейный” замянілі на “школьный”. А ў канцы свята ўсе педагогі, выйшаўшы на сцэну, пад апладысменты прысутных выканалі гімн СШ №4.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев