Беларускай чыгунцы — 155 в Поставах

Гісторыя Беларускай чыгункі пачалася з 27 (15) снежня 1862 года, калі ў складзе Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў уведзены ў эксплуатацыю перагон Парэчча—Гродна даўжынёй 32 кіламетры. У 1863-м на гэтай чыгунцы эксплуатаваліся 36 пасажырскіх і 700 таварных вагонаў.

11 лістапада 1895 года па пабудаванай вузкакалейцы працягласцю 66 кіламетраў Свянцяны—Паставы праз Лынтупы першы цягнік прыйшоў і да нас. Далей да Беразвечча (цяпер станцыя Глыбокае) была пабудавана другая чарга даўжынёй 53 кіламетры. Хуткасць руху цягнікоў складала 30 кіламетраў у гадзіну. Пракладваў чыгунку ўраджэнец Лынтупшчыны, інжынер і дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Баляслаў Антонавіч Ялавецкі. Дзякуючы яго актыўнай пазіцыі, вялікаму вопыту, будаўніцтва ўсёй амаль 120-кіламетровай лініі з шырынёй каляіны 750 міліметраў было скончана 1 ліпеня 1897 года. На станцыі Лынтупы, напрыклад, мелі­ся чыгуначныя майстэрні, дэпо, паваротны круг для паравозаў, памяшканні для адпачынку машыністаў і кандуктараў, тэлефон і тэлеграф. На той чыгунцы працавалі больш за паўтысячы чалавек у асноўным з нашага раёна і суседніх літоўскіх. Спачатку дарога належала Расіі, потым — Польшчы, СССР, зараз — Беларусі. Адпаведна, мянялася і шырыня каляіны: 600 дзюймаў (1524 мм), 1435 мм і 1520 мм. Колькі грузаў і пасажыраў было перавезена, злічыць немагчыма, але вядома, што за першыя пяць гадоў эксплуатацыі (з 1896 па 1900-ы) яна акупіла ўсе расходы на будаўніцтва. А самае галоўнае, што жыхары нашага краю маглі выязджаць па чыгунцы ў Маскву і Санкт-Пецярбург, еўрапейскія сталіцы і буйныя гарады. Тое, што пры ўсіх уладах і рэжымах наша чыгунка выконвала свае функцыі, і ёсць асноўны паказчык яе стабільнасці. Праўда, у розныя гады і аб’­ёмы перавозак былі розныя. У польскія часы  — невялікія, хоць чыгуначнікам даводзілася працаваць вельмі цяжка, па 12 гадзін. Пра гэта расказваў былы брыгадзір Саланенка з Шарабаёў. Падчас фашысцкай акупацыі работай чыгункі кіравалі ваенныя. Пры СССР аб’ёмы перавозак значна ўзраслі, цягнікі пайшлі важкія, графік руху захоўваўся з дакладнасцю да хвіліны. Акрамя гаспадарчых, ішлі грузы ваенна-тэхнічнага прызначэння, бо на Пастаўшчыне дыслацыраваліся ракетныя і авіяцыйныя часці. У 1932 го­дзе завяршылася будаўніцтва лініі Варапаева—Друя даўжынёй 89 кіламетраў, а Варапаева стала вузлавой станцыяй.

Усе станцыі (за выключэннем Лынтуп) абсталяваны электрычнай цэнтралізацыяй стрэлак, перагоны — паўаўтаматычнай блакіроўкай з дыспетчарскім кантролем, укладзены самыя цяжкія рэйкі і стрэлкі, пабудаваны шэраг новых вакзалаў і зборных памяшканняў, кантор для пуцейцаў, паступілі цеплавозы 2М-62, а паравозы адпраўлены на базы захоўвання, уведзены новыя формы аплаты работнікам.

У 1944 годзе для ўмацавання нашай чыгункі кадрамі накіравалі шмат спецыялістаў з усходніх раёнаў Беларусі. У іх ліку быў начальнік Варапаеўскай дыстанцыі пуці Грыгорый Сямёнавіч Сакалюк, які шмат гадоў нязменна кіраваў прадпрыемствам, а пасля выхаду на заслужаны адпачынак узначальваў савет ветэранаў. У наш час узрасла колькасць работнікаў і іх кваліфікацыя.

З ліку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны чыгуначнікі Яўгенія Мікалаеўна Петух, Віктар Мацвеевіч Красоўскі, Антон Іосіфавіч Рубанік. Добра працуюць былыя воіны-інтэрнацыяналісты Леанід Сцяпанавіч Дзехцяронак і Станіслаў Часлававіч Кішко (абодва маюць урадавыя ўзнагароды і вышэйшыя галіновыя адзнакі), Генадзь Станіслававіч Гваздзеўскі, Сяргей Уладзіміравіч Хоміч і многія іншыя. Знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі” ўзнагароджаны В. М. Башаў, А. І. Ушкур, А. М. Сакалоўскі, К. Г. Канаш і іншыя. Некаторыя былыя варапаеўскія пуцейцы зараз працуюць у аддзяленнях і апараце Беларускай чыгункі.

Хочацца павіншаваць былых і цяперашніх работнікаў са 155-годдзем Беларускай чыгункі, падзякаваць за іх добрасумленную працу, пажадаць моцнага здароўя, шчасця, невычэрпнай жыццёвай энергіі, бадзёрасці і аптымізму.

Леанід СЕМЯНАС, былы начальнік

2-га ўчастка Варапаеўскай дыстанцыі пуці.            

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев