«Хоць  у  Афрыцы  падабаецца, дамоў  абавязкова  вярнуся» в Поставах

З жыхаром горада Прэторыя, што ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Генадзіем Эдуардавічам Жаўрыдам я пазнаёмілася пры сумных для яго абставінах — мужчына прыехаў у Паставы на пахаванне сваёй маці Святланы Грыгор’еўны. Паколькі ведала памерлую і яе мужа Эдуарда Сцяпанавіча (двойчы пісала пра іх у газету), вырашыла патэлефанаваць і выказаць спачуванні, а заадно і спытаць у Генадзія Эдуардавіча, ці не згадзіцца сустрэцца і расказаць пра сябе і жыццё ў Афрыцы. Ён быў не супраць і неўзабаве завітаў у рэдакцыю.

На афрыканскі кантынент Г. Э. Жаўрыд трапіў 17 гадоў таму, можна сказаць, выпадкова. Закончыўшы політэхнічны інстытут у Мінску, працоўную дзейнасць пачынаў майстрам сталічнага будаўнічага ўпраўлення №246. Узводзіў амаль усю Серабранку, крыху Зялёны Луг. Калі ў Літве пачалося будаўніцтва Ігналінскай АЭС, яго як лейтэнанта запасу прызвалі ў армію. У суседнюю рэспубліку адправіўся разам з жонкай і маленькім сынам. Спачатку працаваў прарабам, але хутка пайшоў угару і за некалькі гадоў даслужыўся да начальніка ўчастка па будаўніцтве ў званні маёра.

— У той час якраз з’явіліся першыя камп’­ютары, — расказваў Генадзій Эдуардавіч. — Яны мяне так захапілі, што стаў самастойна вучыцца таму, што з імі можна рабіць. А пасадзейнічала гэтаму пакупка гульнявой прыстаўкі, якая аказалася зламанай. Каб яе запусціць, трэба было самому напісаць праграму, якая знікала кожны раз пасля выключэння прыстаўкі. Ствараць уласныя праграмы вельмі спадабалася. Патрэніраваўшыся дома, напісаў праграму па разліку заработнай платы для свайго будаўнічага ўчастка. І яе пачалі выкарыстоўваць.

Але неўзабаве разваліўся Савецкі Саюз, і ваеннаслужачых папрасілі пакінуць Літву. Г. Э. Жаўрыда перавялі ў Нова-Варонеж, дзе калісьці збіраліся будаваць атамную электрастанцыю. Толькі ў пачатку 90-ых пра гэта ўжо не магло быць гаворкі. Пачалося вялікае скарачэнне з радоў Узброеных Сіл, хто жадаў, мог звольніцца ў запас. І Генадзій Эдуардавіч скарыстаўся такой магчымасцю. Вярнуўшыся ў Вісагінас, атрымаў прапанову ад кіраўніцтва аддзела высокіх тэхналогій (так званага ІТ-аддзела) Ігналінскай АЭС пайсці да іх праграмістам. На гэтай пасадзе працаваў да самага закрыцця станцыі ў снежні 2009 года. Пасля прапанавалі ўзначаліць ІТ-дэпартамент у буйной літоўскай ІТ-кампаніі “Пяць кантынентаў”, якая займалася продажам па ўсёй тэрыторыі былога СССР нямецкіх банкаматаў і праграмнымі распрацоўкамі.

— На адной з выстаў у Германіі да мяне звярнуўся наш партнёр з Зімбабвэ з просьбай накіраваць да іх вопытнага праграміста. Падумаўшы, вырашыў паехаць туды сам, — працягваў апавядаць пра перыпетыі свайго лёсу Г. Э. Жаўрыд. — Адпрацаваў 8 месяцаў, а калі вярнуўся, маё месца было ўжо занятае. Не заставалася нічога іншага, як згадзіцца на чарговую камандзіроўку — на гэты раз на 3 месяцы ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, каб навучыць мясцовае насельніцтва працаваць з банкаматамі. Пад канец яе кіраўніцтва кампаніі, работнікаў якой вучыў, прапанавала застацца яшчэ на некаторы час, паабяцала дапамагчы з рабочай візай і абуладкаваннем на новым месцы. Пагаварыўшы з жонкай, зга­дзіўся, бо думаў, што гэта ненадоўга — максімум на год-паўтара.

Але камандзіроўка зацягнулася. Аддаўшы каля 10 гадоў згаданай вышэй кампаніі, у 2011-ым Генадзій Эдуардавіч адкрыў уласную ІТ-кампанію, якая займаецца ў асноўным кансультаваннем банкаў па ўсемагчымых праграмных прадуктах. Яе паслугі сёння запатрабаваныя не толькі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, але і ў іншых краінах афрыканскага кантынента.

У Прэторыі — адміністрацыйнай сталіцы ПАР — Г. Э. Жаўрыд жыве разам з жонкай і малодшым сынам Аляксеем, якіх перавёз да сябе, калі атрымаў рабочую візу. Жонка кіруе аддзелам у той жа кампаніі, у якой раней працаваў сам. Сын закончыў мясцовую школу і тэхналагічны ўніверсітэт. Уладкаваўся на сталеліцейны камбінат памочнікам інжынера і за 3 гады вырас да начальніка цэха. Але нядаўна камбінат закрылі, і цяпер Аляксей у пошуках работы ў гэтай жа сферы. Старэйшы сын Жаўрыдаў — Дзмітрый — на момант пераезду сям’і ў Паўднёвую Афрыку быў студэнтам-трэцякурснікам радыётэхнічнага інстытута ў Мінску. Таму застаўся давучвацца ў Беларусі. А атрымаўшы дыплом, ажаніўся і асталяваўся на радзіме жонкі, у Літве. Некалькі гадоў таму з дапамогай бацькі адкрыў у Вільнюсе ўласную ІТ-кампанію, якая стала вельмі паспяховай. Летась яе купіла буйная амерыканская фірма.

— Дзмітрый — выдатны спецыяліст у сферы інфармацыйных тэхналогій, — з гордасцю расказваў пра сына Генадзій Эдуардавіч. — Напісаныя ім камп’ютарныя праграмы ўстаноўлены ў банках Румыніі, Казахстана, многіх паўднёва-афрыканскіх краін. Мая і яго кампаніі — партнёры. Я знаходжу кліентаў і займаюся праектамі па распрацоўцы для іх праграмнага забеспячэння, а сын стварае самі праграмныя прадукты.

Нягледзячы на цеснае супрацоўніцтва, бачацца бацька з сынам не вельмі часта. У абодвух сур’ёзны і адказны бізнес, наладжаныя з кліентамі сувязі, якія не даюць магчымасці надоўга кудысьці з’ехаць. Тым не менш Дзмітрый кожныя паўгода абавязкова наведваецца ў Прэторыю, а Генадзій Эдуардавіч раз у год прыяз­джае на пару тыдняў у Паставы і Вільнюс, каб праведаць блізкіх.

— Сумуеце па Радзіме? — паціка­вілася ў свайго суразмоўцы.

— На гэта асабліва няма часу, — шчыра прызнаўся ён. — Але з наступленнем восені цягне на Пастаўшчыну — хочацца пайсці ў грыбы. Таму стараюся ўзяць водпуск у верасні — пачатку кастрычніка, каб пахадзіць з кошыкам па лесе. На жаль, такіх лясоў, як у нас, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы няма. Хоць прырода там вельмі разнастайная: у адной краіне можна ўбачыць пустыні, саваны, горы, лясы, акіян. Мясціны і клімат — унікальныя! Мы жывём у субтропіках на вышыні каля 1500 метраў над узроўнем мора, і спёка асабліва не даймае. Летам у пінжаку і гальштуку адчуваеш сябе дастаткова камфортна, бо паўсюль: дома, у машыне, на рабоце — устаноўлены кандыцыянеры.

Спытала ў Генадзія Эдуардавіча і пра тое, ці думае ў будучым вярнуцца на Ра­дзіму.

— Хоць у Афрыцы мне вельмі падабаецца, такая думка была і ёсць. Праўда, пакуль не магу сказаць дакладна, калі гэта адбудзецца і куды менавіта пае­дзем. Хутчэй за ўсё, у Вільнюс, дзе сын і ўласная кватэра. Але ў тым, што мы вернемся, не сумняваюся, — адказаў ён.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота з сямейнага архіва Г. Э. Жаўрыда.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев