Гучаць чароўныя радкі в Поставах

Свята паэзіі ў чарговы раз сабрала яе прыхільнікаў на літаратурна-музычную сустрэчу з паэтам Віктарам Пятровічам Кейзікам, якая адбылася ў Варапаеўскай бібліятэцы.

Шэрым, золкім лістападаўскім днём чытальная зала была перапоўнена. Бо, як кажуць, паэзіі патрэбны не толькі таленавітыя людзі, якія яе ствараюць, але і таленавітыя слухачы ды чытачы, а іх у нашым Варапаеве багата.

В. П. Кейзік нарадзіўся ў вёсцы Кейзікі, але ў школу пайшоў ужо будучы варапаеўскім хлапчуком. Вельмі многа чытаў, асабліва прыгодніцкую літаратуру. У школе вершы не любіў, сур’ёзна паэзіяй зацікавіўся, калі яму было 17 гадоў. Захапляецца вершамі С. Ясеніна, У. Высоцкага, М. Рубцова, М. Багдановіча, Я. Коласа, А. Сыса.

Нягледзячы на тое, што па адукацыі інжынер-механік, Віктар Пятровіч — творчы чалавек. Любіць займацца разьбой па дрэве і кавальствам. У свой час зрабіў  панікадзілы для цэркваў у Казянах, Манькавічах, Груздаве. Прыхільнік рыбалкі і палявання. Вершы  Віктара Пятровіча друкаваліся ў газетах “Советский студент” (г.Горкі), “Пастаўскі край”, калектыўным зборніку да Дня беларускай пісьменнасці “Там, дзе Мядзелка песні пяе”. Да юбілею паэта быў выдадзены зборнік яго вершаў “Я — казак”. Дарэчы, друкуецца аўтар пад псеўданінам Віктар Казак.

Віктар Пятровіч таленавіты, уважлівы і сціплы чалавек, валодае тонкім пачуццём гумару. Святло і хваляванні сваёй душы  паэт адкрываў і дарыў слухачам падчас мерапрыемства. Асаблівае месца на сустрэчы занялі творы, прысвечаныя малой радзіме і памяці продкаў, прасякнутыя любоўю да іх. Гучалі вершы пра каханне і прыгожую палову чалавецтва, іранічна-сатырычныя і іншыя. Аўтар адшуквае тэмы ў простых з’явах, якія яго хвалююць і прымушаюць задумацца, паразважаць. Яго творы дазваляюць па-новаму ўбачыць звыклы для нас свет, зрабіць нечаканыя адкрыцці, напаўняюць станоўчымі эмоцыямі і пачуццямі.

На сустрэчы прысутнічалі паэты-землякі: Г.Э. Шылько, С.А. Аліхвер-Іванова, С. С. Скабёлкіна, М. С. Януковіч. Яны дзяліліся сваімі ўражаннямі, радавалі прысутных новымі вершамі. Гэтаму спрыяла цёплая і дружалюбная атмасфера. Музычныя паўзы былі прадстаўлены прыгожай ігрой на баяне і пранікнёна-лірычнымі песнямі ў выкананні выкладчыцы Варапаеўскай ДШМ А. В. Міхалевіч.

Паэзія — асаблівы свет. Яна адкрывае прыгажосць чалавечай душы, памнажае ў свеце дабро.

 Алена МІХАЛЕВІЧ, загадчыца

Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэкі.

Дата публикации: 5 Декабря, 2017

Нет комментариев