Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Падарожнічалі з Чырвонай Шапачкай в Поставах

Казкі любяць усе: і дзеці, і дарослыя. А калі іх інсцэніруюць мясцовыя самадзейныя артысты, то цікавасць узрастае ў шмат разоў.

Пацвярджэннем таму штогадовыя прадстаўленні напярэдадні Новага года на сцэне раённага Дома культуры. Гледачам да гэтага часу помняцца яркія эпізоды “Марозкі”, “Снежнай Каралевы”, “Папялушкі” і іншых казак. Сёлета гаспадарыла “Чырвоная Шапачка”.

— Яшчэ ў пачатку 2017 года мы ведалі, што будзем рыхтаваць менавіта гэту казку, — расказвала дырэктар Дома культуры Ала Баляславаўна Чарнюк. —  Калектыўна абмяркоўвалі сцэнарый (яго аўтар — мастацкі кіраўнік РДК Алена Слядзеўская) на сучасны лад, імкнуліся задзейнічаць вядомыя і любімыя калектывы, самых талена­вітых дзетак, стварыць адпаведныя дэкарацыі, падабраць лю­дзей на выкананне роляў, думалі, чым яшчэ здзівіць гледача.

Тыя, хто ў тыя два дні пабываў на прадстаўленні (а гэта каля паўтары тысячы чалавек), і сапраўды засталіся ў захапленні, адкрылі для сябе новых артыстаў. Такіх, напрыклад, як выканаўцу ролі Ваўка Паўла Міхалевіча. Яго артыстызм работнікі Дома культуры запрыкмецілі падчас адной са спартыўных эстафет на свяце прыёмных сем’яў. І хоць іграў ён у “Чырвонай Шапачцы” адмоўнага героя, гледачы аддалі яму свае сімпатыі.

Некаторым давялося выконваць па дзве ролі. Як і ў мінулыя гады, яркай была ігра супрацоўніцы РДК Таццяны Кухальскай (бабуля Чырвонай Шапачкі), Алены Слядзеўскай (мама Ваўка і Чырвонай Шапачкі), спецыяліста райгазу Веранікі Сіланавай (журналіст). Удала справіліся з ролямі Чырвонай Шапачкі вучаніца СШ № 4 Лера Яфімава, Снягуркі  — вучаніца СШ №1 Анастасія Гарус, Дзеда Мароза і Айбаліта — майстар лясгаса Адзіл Валіеў, егера — старшы лейтэнант Аляксандр Баглікаў з 1-га ваеннага шпіталя, Мядз­ведзя — настаўнік СШ № 1 Аляксандр Бандарэнка і іншыя.

Парадавалі выступленні ансамбля барабаншчыц Пастаўскай дзі­цячай школы мастацтваў, танцавальнага калектыву і Златы Ярашэвіч з Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай школы мастацтваў, выхаванцаў ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”, удзельнікаў узорных студый “Юніта” і “Каскад”, вакальных і танцавальных ансамбляў “Карамелькі”, “Ім­пульс”, “Экспромт” (кіраўнікі — Алеся Глазко, Наталля Сіўко, Алена Салавей, Сяргей Сядых, Алёна Дзіль), выпускніцы цыркавой студыі — паветранай гімнасткі Вікторыі Захарыч, якая з’яўляецца студэнткай другога курса Віцебскага медуніверсітэта, былога ўдзельніка студыі “Юніта” — выхаванца сувораўскага вучылішча Мікіты Аўгусціно­віча і іншых выканаўцаў. Весела сустракалі гледачы Міньёна і Зябу.

Эмоцыі “зашкалілі”, калі на сцэну выйшаў Бамблбі. Многія дзеці знаёмыя з жыхаром Сусвету Трансформераў, які прапісаўся ў клубе лазертаг “Грыфон” сям’і Селіванавых. І цяпер былі радыя новай сустрэчы з ім. Сапраўдным падарункам стала адзінае ў Беларусі лазернае 3D-шоу «Лазермэн». Яго прадэманстраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў у Парыжы, Рыме, Монтэ-Карла Сяргей Загорскі.

— У падрыхтоўцы свята дапамагалі сотні людзей: бацькі юных артыстаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, — гаварыла А. Б. Чарнюк. — Гэта УП ЖКГ, райгаз, дзіцячай школы мастацтваў імя Альфрэда Ромера і іншыя. А дзякуючы старшыні райвыканкама Сяргею Васільевічу Чэпіку літаральна за тыдзень да прадстаўлення было набыта светлавое абсталяванне. Словы шчырай падзякі нашым гледачам (некаторыя нават прыяз­джаюць з іншых гарадоў спецыяльна на прадстаўленні). Іх давер  — самы вялікі стымул да творчых знаходак. 

Анна АНІШКЕВІЧ

Дата публикации: 12 Января, 2018

Нет комментариев