Дыялог бізнесу і ўлады в Поставах

У канцы снежня ў Мінску, у Палацы Незалежнасці, прайшла сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі дзелавых колаў. У іх ліку быў і індывідуальны прадпрымальнік з Пастаў Алег Колесень.

— Запрашэнне на такі высокі форум стала прыемнай нечаканасцю, — гаварыў Алег Іосіфавіч. — Я быў уключаны ў склад дэлегацыі Віцебскай вобласці. Тэма развіцця прадпрымальніцтва на высокім узроўні абмяркоўваецца нярэдка, але ў такім шырокім фармаце дыялог быў арганізаваны ўпершыню. Сярод прысутных — прадстаўнікі ўлады і ўсіх сфер бізнесу — больш за 250 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны ад рамеснікаў да ўладальнікаў буйных прыватных кампаній. Веліччу і прыгажосцю ўразіў Палац Незалежнасці. З дакладам перад прысутнымі выступіў Аляксандр Грыгор’евіч Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы закрануў шмат надзённых пытанняў. У прыватнасці, гаварыў пра развіццё прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, цэнаўтварэнне, павышэнне актыўнасці ІТ-тэхналогій. Але галоўная ўвага была звернута на змены ў заканадаўстве, унесеныя ў 2017 го­дзе: восенню Прэзідэнт падпісаў пакет дакументаў, якія павінны даць імпульс развіццю прыватнага сектара эканомікі. Яны накіраваны на выкараненне лішніх адміністрацыйных бар’ераў, якія тармазілі дзелавую ініцыятыву. А Дэкрэт “Аб развіцці прадпрымальніцтва” з’яўляецца ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне.

— Як даўно займаецеся прадпрымальніцтвам?

— З 1991 года. Тады зарэгістраваўся ў райвыканкаме пад нумарам 002 і аказваў паслугі па будаўніцтве, або, як прынята казаць, шабашыў. Потым прыганяў з-за мяжы аўтамабілі на продаж. У 1998-ым набыў камфартабельныя аўтобусы для міжнародных перавозак. Калі ў 2007 годзе ў Беларусі стаў развівацца агра­экатурызм, вырашыў таксама паспрабаваць. І зноў быў сярод першаадкрывальнікаў. У маляўнічым месцы Казлоўшчынскага сельсавета — у Навіках — пабудаваў дом. Спачатку з вялікіх гарадоў, каб адпачыць ад мітусні і шуму, прыязджалі знаёмыя, затым яны сталі прывозіць сваіх сяброў. “Сарафаннае радыё” хутка разнесла ўражанні пра адпачынак на ўлонні прыроды, з экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання, лазняй, возерам. І колькасць адпачывальнікаў павялічылася. Два гады таму прымаў удзел у абласным конкурсе аграэкасядзіб. Мая “Хата пад клёнамі” была прызнана адной з лепшых. Ёсць камфортная сядзіба і бліжэй да горада — у Чартах. Аказваю і паслугі шынамантажу.

— Але што датычыла аграэкатурызму, напэўна, слухалі асабліва ўважліва?

— Вядома. Прэзідэнт заклапочаны развіццём гэтага напрамку, і на яго ўзроўні прымаюцца канкрэтныя меры. Са­дзейнічае гэтаму і ўказ пра бязвізавае наведванне Гро­дзенскай і Брэсцкай абласцей, які пачаў дзейнічаць з пачатку года. Ёсць надзея, што ў будучым такая практыка пашырыцца і ў нашу вобласць будзе ехаць больш замежных турыстаў. Важным з’яўляецца расшырэнне пераліку аказваемых паслуг, у прыватнасці святкаванне юбілеяў, вяселляў, правядзенне іншых мерапрыемстваў. Людзі прыязджаюць з гарадоў, расслабляюцца, любуюцца прыродай, адпачываюць. А мы, гаспадары, плацім у бюджэт адну базавую велічыню ў год.  Апошнім часам колькасць аграэкасядзіб у раёне вырасла ў некалькі разоў. Яны карыстаюцца попытам як у беларусаў, так і ў замежных грамадзян.

— Часам некаторыя сцвярджаюць, што ў прадпрымальнікаў лёгкі хлеб. Гэта так?

— Сапраўды, некаторыя думаюць, што зарэгіструюцца — і хутка разбагацеюць. Але нішто не даецца дарма. Ва ўсё трэба ўкласці і фінансы, і сілы. І калі тыя, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах, пасля васьмігадзіннага рабочага дня вяртаюцца дадому і адпачываюць, то ў нас, прадпрымальнікаў, бывае мноства бяссонных начэй, расчараванняў, здараюцца банкруцтвы. Гэта пастаянная цяжкая праца. Але калі маеш мэту, ідзеш да яе, то штосьці атрымліваецца. Важна, што аказваецца падтрымка з боку дзяржавы. І на гэты раз Прэзідэнт Беларусі прапанаваў не абмяжоўваць ініцыятыву прадпрымальных лю­дзей, развіваць сямейны бізнес.

— А якія пытанні ўздымалі прысутныя?

— Розныя. Напрыклад, выступленне Валерыі Крыцуновай, якая з’яўляецца кіраўніком аб’­яднання “Адпачынак у вёсцы”, гаварыла пра развіццё менавіта аграэкатурызму і стварэнне ў краіне індустрыі турызму ўражанняў і гасціннасці. Дырэктар бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Куняўскага падняла праблемы ўласнасці, неабходнасці змен Падатковага кодэкса, няроўнасці крытэрыяў ліцэнзавання ўрачоў 1-ай і 2-ой катэгорый у прыватнай і дзяржаўнай медыцыне. Дырэктар гандлёвага дома “Вясёлка-Свет” Андрэй Заяц падзякаваў за спрашчэнні ў вядзенні бізнесу ў сферы грамадскага харчавання. Адразу пасля выступленняў Аляксандр Лукашэнка даваў канкрэтныя даручэнні кампетэнтным асобам: кіраўніцтву Адміністрацыі, галін і ведамстваў. У заключэнне сустрэчы Прэзідэнт прадаставіў слова Старшыні Вышэйшага каардынацыйнага Савета Уладзіміру Карагіну. Ён звярнуў увагу на справядлівасць судовай сістэмы, карэнныя змены ў клімаце дзелавога асяроддзя. А ўвогуле сустрэча прайшла ў форме дыялогу бізнесу і ўлады.

—   Дзякуй за гутарку. І поспехаў.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Дата публикации: 12 Января, 2018

Нет комментариев