Рубінавае вяселле. Горка! в Поставах

Заўтра многія жыхары раёна будуць адзначаць стары Новы год, а пастаўчане Людміла Іосіфаўна і Дзімітрый Дзімітравіч Міхневіч (на здымку) — рубінавае вяселле. За плячыма пары — сорак гадоў сумеснага жыцця, якія, па іх словах, праляцелі як адзін шчаслівы дзень.

Пазнаёміліся Людміла і Дзімітрый на вяселлі. У той час іх гулялі з размахам і запрашалі гасцей з усёй акругі. Кажуць, гэта было каханне з першага позірку. А тая іскра, што тады ўспыхнула паміж імі, сагравае сэрцы і сёння.

— Закахаліся адно ў аднаго без памяці, — успамінаюць муж і жонка. — Праз паўтара месяца пасля знаёмства падалі заяву ў ЗАГС, а яшчэ праз месяц пажаніліся. Урачыстая рэгістрацыя шлюбу праходзіла ў тагачасным раённым Доме культуры па вуліцы Чырвонаармейскай. Было вельмі хвалююча падымацца на сцэну пад мелодыю, якую спецыяльна з гэтай нагоды выконваў аркестр.

Праз год у сям’і нарадзілася дачушка Алена, затым сынок Аляксей. Людміла Іосіфаўна працавала загадчыцай гаспадарчай часткі ў дзіцячым садку, Дзімітрый Дзімітравіч — вадзіцелем у воінскай часці. Каб зрабіць фінансавае становішча яшчэ больш трывалым, падзараблялі ў калгасе: шчыравалі на бураках і льняных палетках. З гонарам расказваюць, што фактычна на ўласныя сродкі (крыху ўсё ж такі дапамаглі бацькі) і сваімі сіламі пабудавалі дом і дачу, купілі аўтамабіль. Зараз абое на пенсіі, але сядзець склаўшы рукі не ў іх характары. Людміла працуе поварам у СШ №3, Дзімітрый — качагарам у рэстаране.

Яшчэ большы гонар мужа і жонкі — дзеці. Яны ўжо даўно выраслі, маюць свае сем’і, але ў бацькоўскай хаце частыя госці, ахінаюць іх клопатам і любоўю. На рубінавае вяселле заказалі для таты і мамы імшу ў касцёле. Гэтак жа пяшчотна адносяцца да бабулі з дзядулем і ўнукі. Іх у Людмілы Іосіфаўны і Дзімітрыя Дзімітравіча пяцёра.

Прашу падзяліцца сакрэтам сямейнага шчасця з чытачамі раёнкі.

— Трэба ўмець саступаць адно другому, быць адкрытым для дыялогу, — упэўнена адказваюць Міхневічы. — Мы і самі заўсёды імкнуліся так рабіць, і дзяцей і ўнукаў вучым гэтай простай мудрасці.  

Вераніка ФІЛАНОВІЧ

Дата публикации: 12 Января, 2018

Нет комментариев