Не толькі дае веды, але і вучыць жыццю в Поставах

Якая ўсё-такі асалода гутарыць на роднай, беларускай, мове з чалавекам, які дасканала яе ведае. І не проста ведае, а любіць усім сэрцам і прывівае любоў сваім вучням.

Увесь гонар настаўніка — у вучнях, у росце пасеянага ім насення».  Д. Мендзялееў

Такую гутарку я мела на днях з выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры Пастаўскай гімназіі Нінай Дзмітрыеўнай Субач. Нагодай для сустрэчы стала перамога па названых прадметах у абласной алімпіядзе яе вучаніцы Лады Аляксеевай. Але і раней чула пра педагога найлепшыя водгукі.

— Мне самой любоў да рускай і беларускай мовы і літаратуры прывілі настаўнікі Дунілавіцкай школы Павел Паўлавіч і Соф’я Іг­нацьеўна Мышко, — успамі­нае Ніна Дзмітрыеўна. — А класным кіраўніком быў Васілій Аляксандравіч Бульбяноў, які толькі прыйшоў у школу пасля інстытута. Вельмі насычаным і цікавым было жыццё класа, дзе толькі ні пабывалі ў паходах!

Зразумела, што яркі прыклад настаўнікаў паўплываў і на выбар прафесіі. Пасля заканчэння філфака Белдзяржуніверсітэта Ніна Дзмітрыеўна працавала ў дзіцячым садку ў мікрараёне будаўнікоў у райцэнтры, затым — у СШ №5. Калі ў 2006 годзе ў Паставах адкрывалася гімназія, атрымала запрашэнне на працу туды.

— Згадзілася не адразу, — узгадвае той час. — У пятай школе ўсё было блізкае, знаёмае, добры калектыў, прывыкла да вучняў, ды і дом знаходзіўся, лічы, побач са школай. Але ўсё-такі рашылася на новае. Сям’я падтрымала.

Ніхто не стане аспрэчваць, што ўзровень гімназістаў вышэйшы, чым большасці звычайных школьнікаў. Яны творчыя, разумныя, актыўныя, жадаюць пазнаваць нешта новае. З такімі цікава і працаваць. І Ніна Дзмітрыеўна Субач працуе так, што дзеці ўлюбляюцца ў прадметы, якія яна выкладае. У СШ №5 і ў гімназіі падрыхтавала дзясяткі алімпіяднікаў, і штогод у іх ліку — прызёры. У раённай алімпіядзе, што прахо­дзіла ў лістападзе мінулага года, удзельнічала ажно дзевяць яе вучняў. Пяці з іх прысуджаны прызавыя месцы. Лада Аляксеева (9 клас) і Лена Шаўчэнка (11-ы) атрымалі дыпломы першай ступені, Каця Семянас (8-ы) і Насця Крывенька (10-ы) — другой, Каця Вярбіцкая (11-ы) — трэцяй. За ўсім гэтым — вялізныя намаганні як саміх гімназістаў, так і іх настаўніцы, якая ўмее ўбачыць патэнцыял вучняў і развіць яго.

А колькі працы было падчас падрыхтоўкі Лады Аляксеевай да абласной алімпіяды па беларускай мове і літаратуры! У ёй удзельнічала 36 вучняў з усёй вобласці, з нашага раёна — толькі яна адна. «Малайчына! — радуецца за вучаніцу настаўніца. — Пацвердзіла свае выдатныя веды і атрымала дыплом першай ступені. Акрамя таго, выступіла ў канцэрце, прысвечаным завяршэнню алімпіяды, — цудоўна выканала песню. Вельмі разумная, таленавітая, мэтанакіраваная і працавітая дзяўчынка».

 Фаіна КасаткінаФота Веранікі Філановіч

(Працяг матэрыяла чытайце на 4-ай старонцы  № 10 газеты “Пастаўскі край” ад 7-га лютага 2018 г.)

Дата публикации: 6 Февраля, 2018

Нет комментариев