Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Трыумф любові, радасці святло падарыла ўсім Раство в Поставах

У рамках месячніка духоўна-маральнага выхавання “Спяшайцеся ра­біць дабро” ў студзені ў сярэдняй школе №3 адбыўся святочны канцэрт для навучэнцаў малодшых класаў, прымеркаваны да Нараджэння Хрыстова. Ён падарыў адчуванне светлай радасці і запаліў у сэрцах агеньчыкі дабрыні і любові.

Вядучыя мерапрыемства — навучэнкі 9 “А” класа Святлана Грэська і Аляксандра Жыльцова — пазнаёмілі прысутных з гісторыяй свята, легендамі і традыцыямі. Ну а малодшыя школь­нікі ўслаўлялі Нараджэнне Хрыстова ў вершах, песнях, танцах. І трэба адзначыць, некаторыя з іх былі настолькі запальнымі, што падчас іх выканання ў глядзельнай зале не шкадавалі апладысментаў для самадзейных артыстаў. Што ўтойваць — я і сама з задавальненнем прытанцоўвала і пляскала ў далоні. А каб даведацца, наколькі ўважліва хлопчыкі і дзяўчынкі сачылі за тым, што адбывалася на сцэне, напрыканцы канцэрта вядучыя прапанавалі ім адгадаць загадкі. Што дзеці з задавальненнем і рабілі.

Падмацаваў і паглыбіў атрыманыя падчас мерапрыемства веды протаіерэй храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца айцец Валерый.

— Віншую са святам! Жадаю, каб кожны з вас меў такое ж добрае сэрца, як пастухі, якія прыйшлі пакланіцца маленькаму Ісусу. А Віфлеемская зорка, якая прывяла да яго ўсходніх вешчуноў, асвятляла ваш зямны шлях і вяла насустрач Богу, — гаварыў айцец Валерый. — Чыніце добрыя справы, старанна вучыцеся, дапамагайце бацькам, імкніцеся жыць па законе Божым — законе любові.

Завяршыўся канцэрт прыемным сюрпрызам — усім яго ўдзельнікам калядоўшчыкі раздалі цукеркі. Пра тое, каб свята атрымалася душэўным і запамінальным, паклапаціліся намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Філіпаўна Крук (сцэнарый), настаўнік музыкі Алена Эдвардаўна Грывусевіч (музычнае суправаджэнне) і настаўнік працоўнага абслугоўвання Марына Эдуардаўна Баразна (афармленне сцэны).

Падчас месячніка духоўна-маральнага выхавання ў СШ №3 працавалі кніжная выстава і выстава малюнкаў, прайшлі інфармацыйныя і класныя гадзіны, канцэрты і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. 

 Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Дата публикации: 6 Февраля, 2018

Нет комментариев