
20 студзеня наша газета пісала пра лёс брата і сястрычкі, якія доўгі час знаходзіліся ў дзіцячым прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна. Тады быў кінуты кліч на пошук для іх прыёмных бацькоў.
— Званкоў было нямала, — расказвала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Серафімаўна Каспяровіч. — Але перавагу аддалі сям’і, якая ўжо выхоўвае прыёмную дзяўчынку. А тых, хто меў жаданне стаць прыёмнымі бацькамі, унеслі ў спіс кандыдатаў. Як толькі зноў узнікне патрэба, першынство будзе ў іх. Чаму дзетак адправілі менавіта ў гэту сям’ю? Час на афармленне дакументаў, вучобу прыёмных бацькоў быў абмежаваны. Цяпер у сям’і, куды перасяліліся Вова і Віка, дзве Вікторыі. Старэйшая — сямікласніца. Улічвалася і яе жаданне прыняць новых маленькіх членаў у вялікі дом.
Брацік і сястрычка зараз адаптуюцца на новым месцы. Іх наведваюць педагогі мясцовай школы. Малыя знайшлі агульную мову з усімі членамі сям’і, адчуваюць сябе камфортна, бавяцца з катом і сабачкам. Пажадаем ім шчасця.
Анна АНІШКЕВІЧ