Стаўка – на індывідуальных забудоўшчыкаў в Поставах

У чацвёртым квартале мінулага года ў мікрараёне індывідуальнай забудовы па вуліцах Багдановіча і Міру пачалася пракладка інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Пабудаваны ўчастак газаправода сярэдняга ціску і кабельная каналізацыя для сетак сувязі. Сёлета работы прадаўжаюцца. Зараз спецыялісты завяршаюць узвя­дзенне лініі электраперадачы магутнасцю 0,4 кВ і падключэнне водаправода. На чарзе — тратуары і веладарожка.

— У другім квартале бягучага года плануем папоўніць спіс свабодных зямельных участкаў у гэтым мікрараёне. Іх будзе больш за дваццаць. Відавочны плюс участкаў у тым, што яны будуць мець усю неабходную інфраструктуру, — расказваў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Павел Радзівонавіч Станюш. — Тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і стаіць на адпаведнай чарзе, атрымаюць участкі бясплатна. Актывізацыі індывідуальнай забудовы павінен паспрыяць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240 ад 4 ліпеня 2017 года, дзякуючы якому ўдасканалены формы дзяржаўнай падтрымкі грамадзян пры будаўніцтве альбо рэканструкцыі жылых памяшканняў.

Наступнай пляцоўкай для індывідуальнага будаўніцтва стане мікрараён 6 гарадка. Тут побач з новымі шматкватэрнымі дамамі з’явяцца прыблізна 23 катэджы. Яны «вырастуць» уздоўж возера, паміж вуліцай Азёрнай і так званым хутарам Заготскот. Хутчэй за ўсё, зямельныя ўчасткі для іх будаўніцтва будуць рэалізоўвацца праз аўкцыён.

У больш далёкай перспектыве — асваенне пустуючай тэрыторыі ад запраўкі па вуліцы Савецкай да возера Задзеўскае (уздоўж вуліцы Стадыённай, завулка Сонечнага, водазабора). Гэта прадугле­джана генеральным планам забудовы Пастаў, які быў распрацаваны і зацверджаны ў 2016 годзе. У адпаведнасці з ім, на гэтай тэрыторыі павінен з’явіцца новы прыватны сектар. Пад індывідуальную забудову будзе выдзелена каля 80 гектараў зямлі. Зараз выдзелены грошы на распрацоўку праекта дэталёвага планавання. Ён папярэднічае любым праектным работам і прызваны пралічыць будучыя вуліцы, праезды да дамоў, камунікацыі і іншае.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ

Дата публикации: 9 Февраля, 2018

Нет комментариев