Узнагароды і пашана перадавікам сельскай гаспадаркі в Поставах

У Мінску 9 лютага прайшло ўрачыстае ўшаноўванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу. Удзел у мерапрыемстве прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На ўрачыстую цырымонію былі запрошаны больш за 400 чалавек. Пастаўшчыну прадстаўляў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Хацілы-агра» Вячаслаў Іосіфавіч Крыштафовіч.

Галоўнымі ўдзельнікамі свята сталі менавіта тыя, хто непасрэдна кожны дзень заняты ў АПК — кіраўнікі гаспадарак, перапрацоўчых арганізацый і тых, што абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс, фермеры, перадавікі сельгасвытворчасці, заслужаныя работнікі гэтай сферы.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, Падзякі Прэзідэнта і падарачныя сертыфікаты лепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай галіны рэспублікі.

«Шмат гадоў мы падводзілі вынікі работы вяскоўцаў восенню, святкуючы «Дажынкі», — гаварыў Прэзідэнт. —  Гэта традыцыя ў крыху відазмененым, але вельмі карысным і прагматычным плане прадаўжаецца і цяпер. Мы ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў. Здаўна менавіта яны лічыліся галоўнымі карміцелямі свайго народа, таму і заставаліся адзінымі героямі гэтай урачыстасці да сённяшняга дня. Мы і ў далейшым будзем беражліва захоўваць гэту прыгожую традыцыю.  Але надышоў час пашырыць кола яго ўдзельнікаў і правесці больш маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя вынікам работы ўсіх сфер АПК».

«Люты выбраны не выпадкова. Да гэтага часу ўжо вядома, хто як спрацаваў у галіне ва ўсіх рэгіёнах. І самы час  рыхтавацца да веснавых палявых работ. У гарачую пару няма месца святам і выхадным. Зямлі трэба аддаць столькі часу і сіл, колькі яна запатрабуе. Іх не змераеш ні святлом дня, ні стомай. Зямля правярае кожнага, на што ён здольны. Забярэ ўсю ўвагу, але і аддасць больш, калі ставіцца да яе з клопатам. Чалавек, які вырас у вёсцы, сярод палёў, лясоў і рэк, ведае, якой сілай і энергіяй напаўняе прырода ўсіх, хто з ёю блізкі. Куды б потым ні закінуў лёс, ён пранясе гэту сувязь праз усё сваё жыццё. І Радзіма назаўсёды застанецца ў яго сэрцы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

2018-ы — Год малой радзімы

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. «Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых — кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. А для тых, хто паехаў шукаць шчасце ў іншыя краіны, малой радзі­май стала Беларусь», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі.

«Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай — хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі», — заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў працэсе добраўпарадкавання будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоў­ваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.

«І гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. І самае галоўнае — якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і сваёй краіне — тым мацнейшая дзяржава», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Мы павінны паказаць нашым дзецям, што, як ні склалася б іх жыццё ў будучым, у іх ёсць дом, ёсць малая радзіма, дзе яны заўсёды знойдуць суцяшэнне і адчуюць нябачную падтрымку ад гэтай зямлі. Мне не трэба вам расказваць, што такое малая радзіма, асабліва, што такое вёсачка, у якой, можа, ужо засталося тры-пяць дамоў. І мне не трэба вас пераконваць, што з гадамі цягне туды, дзе ты зрабіў першыя крокі. Пакуль у нас ёсць час і магчымасці, давайце выратуем гэтыя месцы», — заклікаў Прэзідэнт.

Каб вёскі моладзь вабілі

«Жыццё імкліва ідзе наперад. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі. Каму, як не моладзі, уключыцца ў гэты сучасны рабочы рытм? Пытанне прыцягнення ў сельскую мясцоваць маладых спецыялістаў на гэты момант адно з самых актуальных. Вырашаць яго неабходна як у вёсцы, так і ў гарадах. Думаю, каб дзейнічаць у гэтым напрамку больш эфектыўна, для пачатку трэба аб’ектыўна паглядзець на тое, што перашкаджае жыць і працаваць у вёсцы», — заявіў беларускі лідар.

«Трэба паставіць сябе на месца працаўнікоў вёскі, каб зразумець, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння ўмоў іх працы, жыцця і адпачынку. Не менш важна падумаць аб тым, чым можа быць прывабная сёння вёска для моладзі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час у Беларусі ўдзялілі шмат увагі гэтаму пытанню, узнялі на новы ўзровень амаль паўтары тысячы вёсак, ператварыўшы іх у сучасныя аграгарадкі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыгожыя і дагледжаныя вёскі і гарадкі, даступнасць для іх жыхароў элементарных даброт цывілізаванага свету — гэта паказчык узроўню культуры ўсёй нацыі.

Харчовая бяспека — аснова эканомікі

«Сёння ў гэтай зале сабраліся людзі, якія аддаюць сябе нашай зямлі і роднаму краю штодзённа і без астатку па прычыне сваёй прафесіі і прызвання. Хачу шчыра па­дзякаваць ад імя беларускага народа ўсім за цяжкую штодзённую працу. Усе вы не па чутках ведаеце, што лёгкага хлеба не бывае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мінулы год для аграрыяў у цэлым быў нядрэнны па выніках, хоць і прайшоў у няпростых кліматычных умовах».

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт выказаў лідарам года па зборы збожжавых. Імі сталі гаспадаркі Гродзенскай і Мінскай абласцей. Самая высокая ўра­джайнасць атрымана ў ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна (амаль 100 ц/га). Звыш 96 ц ураджайнасці збожжавых дасягнулі ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах Гродзенскага раёна імя Крамко і «Свіслач».

Парадавалі ў мінулым годзе і поспехі жывёлаводаў. Упершыню ў краіне сярэднегадавы ўдой малака дасягнуў гістарычных 5 тыс. кг. Аднак для многіх гаспадарак гэта даўно пройдзены рубеж. У лідарах — «Моладава-агра» Іванаўскага раёна, «Вітэкс» Уздзенскага раёна, СВК «Агракамбінат Сноў» Нясвіжскага раёна і «Ларынаўка» Аршанскага раёна. У кожным вырабляецца звыш 10 тыс. кг малака на карову ў год.

Усё гэта садзейнічае стварэнню трывалай сыравіннай базы для перапрацоўчай прамысловасці. Па выніках 2017 года вытворчасць прадуктаў харчавання павялічылася больш як на 3 працэнты. Вядучымі рэгіёнамі ў гэтай сферы з’яўляюцца Брэсцкая, Мінская і Гродзенская вобласці, якія ўзялі на сябе 60 працэнтаў ад гэтага аб’ёму.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным вырашэнне яшчэ адной праблемы — захавання ўраджаю. Была пабудавана дастатковая колькасць агароднінасховішчаў, дзякуючы якім экалагічна чыстая свежая агародніна і садавіна цяпер у продажы фактычна да сезона новага ўраджаю.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтак жа сур’ёзна трэба вырашыць праблему са стварэннем сховішчаў для кармоў.

Беларусь уваходзіць у першую групу краін з высокім узроўнем забяспечанасці прадуктамі харчавання насельніцтва. Гэта меркаванне міжнародных экспертаў, спецыялістаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН. Вытворчасць прадуктаў на душу насельніцтва ў рэспубліцы на гэты момант адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным тое, што, забяспечваючы патрэбнасці айчыннага рынку, беларускія прадпрыемствы захоўваюць і свае экспартныя пазіцыі як на постсавецкай прасторы, так і ў асобных дзяржавах Еўрасаюза, а таксама арабскага, азіяцкага, афрыканскага і лацінаамерыканскага рэгіёнаў. Гэта больш за 60 краін.

На думку Прэзідэнта, беларускія малочныя прадукты без перабольшання сталі адным з нацыянальных брэндаў. Краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў гэтай прадукцыі. Беларусь на чацвёртай пазіцыі ў свеце па экспарце сыроў і на пятай — па экспарце сухога абястлушчанага малака. Па гандлі сметанковым маслам — у тройцы сусветных лідараў. Дарэчы, на сённяшні дзень у асартыменце малочнай прамысловасці больш як 1,5 тыс. найменняў. І вырабляюцца гэтыя прадукты, у адрозненне ад замежных аналагаў, выключна з натуральнага малака.

Айчынныя сыраробы правялі паспяховую работу па імпартазамяшчэнні італьянскіх і французскіх брэндаў. Цвёрдыя, мяккія, з цвіллю сыры, зробленыя ў Беларусі, не ўступаюць па смакавых характарыстыках вядомым аналагам, але пры гэтым значна таннейшыя.

Агульнавядомая і высокая якасць айчыннай мясной прадукцыі. У Беларусі захавалі традыцыйныя тэхналогіі яе вырабу без дабавак — узмацняльнікаў смаку і кансервантаў, якія павялічваюць тэрмін годнасці прадукту, але не яго карысныя ўласцівасці.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на той факт, што Беларусь займае восьмае месца ў свеце сярод экспарцёраў ялавічыны і мяса птушкі. Геаграфія паставак налічвае больш за 20 краін.

Цяжкая, але і самая цікавая

«Мне пашчасціла нямала гадоў працаваць непасрэдна ў вёсцы. Я не скажу, што я выдатны аграрый, я — вясковы чалавек. Гэта значна шырэй, чым аграрый, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму што, калі мы гаворым аб вёсцы, аб укладзе вёскі, мы гаворым аб людзях, аб узаемаадносінах гэтых людзей, аб соцыуме ў вёсцы. Стаўшы Прэзі­дэнтам, і да гэтага я бачыў і паспрабаваў у сваім жыцці вельмі шмат. Але самыя цудоўныя мае гады — гэта работа ў вёсцы».

«Самая цудоўная і цікавая работа ў вас. Яна самая цяжкая. Але і вынікі гэтай работы вы бачыце амаль кожны дзень — надаіўшы, сабраўшы, атрымаўшы прыплод. Ні адна прафесія не дае такога шанцу — бачыць кожны дзень вынік працы. Трэба данесці гэта моладзі», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў неабходнасць быць гатовымі да трансфармацый, якія адбываюцца ў вёсцы, прыходу новых тэхналогій. Робаты ў сельскай гаспадарцы — гэта рэальнае жыццё ў многіх краінах. Ён нагадаў, што, пачынаючы сваё прафесійнае палітычнае жыццё, інтуітыўна прадбачыў: без вёскі няма краіны і дзяржавы.

«Вёску трэба берагчы як зрэнку вока. Таму што гэта аснова нашага жыцця. Вёска заўсёды не толькі карміла, але і ратавала нацыю ад выраджэння. Так было і ў Беларусі. Таму наша задача — захаваць вёску», — заявіў беларускі лідар.

 Грамнічная свечка — сімвалічны абярэг

Аляксандру Лукашэнку на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання перадавікоў агра­прамысловага комплексу падарылі памятны сувенір — Грамнічную свечку, якая лічыцца сімвалічным абярэгам беларусаў.

Грамніцы (Стрэчанне) — свята народнага календара, якое прыйшло з глыбокай старажытнасці і адзначаецца 15 лютага, знамянуе сустрэчу зімы з летам і пачатак новага сельскагаспадарчага года. На Малыя Грамніцы калісьці рыхтавалі вялікія васковыя свечкі, якія называліся «грамнічнымі» або «грамніцамі». Грамнічная свечка — сімвалічны абярэг, які дорыць людзям і жывёлам здароўе, зямлі ўрадлівасць, абу­джае прыроду да новага жыцця.

«Вы заўсёды мне дарылі сноп прыгожых каласоў, а гэта, напэўна, яшчэ каштоўней, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вялікае дзякуй, дарагія сябры! Тысячы ўжо, напэўна, узнагароджанняў за маё прэзідэнцкае жыццё. Але, калі я сустракаюся з вяскоўцамі, — гэта асабліва кранае сэрца і душу. Вы — сапраўдныя людзі. Вы прынеслі ў гэту залу сапраўдны дух творчасці і нашага жыцця. Я за гэта вам вельмі ўдзячны».

Грамнічныя свечкі традыцыйна вырабляюць з пчалінага воску, упрыгожваюць, асвячаюць у царкве і затым захоўваюць у доме на працягу ўсяго года як сямейны абярэг. Такая свечка запальвалася ў асабліва важных выпадках працоўнага і сямейнага жыцця, у тым ліку ў пачатку ворыва, сяўбы і жніва, пры першым выгане жывёлы на пашу, пры заручынах, нараджэнні дзіцяці.

Падораная Прэзідэнту свечка выканана ў традыцыйнай цыліндрычнай форме, што сімвалізуе накіраванасць да неба і святла. Яе кнот сплецены з 7 рознакаляровых нітак, якія ўвасабляюць 7 рэгіёнаў краіны — шэсць абласцей і горад Мінск. На свечцы змешчаны контур карты Беларусі і элементы арнаменту — вышыванкі, якія сімвалізуюць агонь (полымя Грамнічнай свечкі) і маладосць (адраджэнне зямлі да новага жыцця).

БЕЛТА

Дата публикации: 13 Февраля, 2018

Нет комментариев