Падвялі вынікі, вызначылі задачы в Поставах

Выступае М. Г. Ратушняк. У прэзідыуме — В. А. Лушчык, А. Л. Чараваценка і Ю. М. Кісялёў.

6 лютага ў раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ адбыўся справаздачна-выбарны сход. Са справаздачай за пяцігодку выступіў яе старшыня В. А. Лушчык. На мерапрыемстве прысутнічалі члены савета арганізацыі, намеснікі старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў і абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ  М. Г. Ратушняк. 

 Менш навучэнцаў — менш даходаў

Як канстатаваў дакладчык, абазначаны перыяд быў складаным, бо знізілася колькасць жадаючых атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Для прыкладу, у 2014 годзе падрыхтавалі 416 вадзіцеляў, 2015-ым — 278, 2016-ым — 225, летась — 221. І прычын тут некалькі: невысокая заработная плата, меншая колькасць паставак аўтамабіляў з-за граніцы. Такая сітуацыя негатыўна адбілася на эканоміцы арганізацыі. Працаваць прыходзілася па прынцыпе: максімум задач — мінімальнымі затратамі. Удалося захаваць калектыў, развіць і ўдасканаліць вучэбна-матэрыяльную базу, набыць новую тэхніку.

— Для таго, каб траціць грошы, іх трэба найперш зарабіць, — гаварыў Валерый Антонавіч. — Галоўнай крыніцай папаўнення нашага бюджэту з’яўляюцца членскія ўзносы і плата за курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў. У сувязі са змяншэннем колькасці навучэнцаў зменшыліся і паступленні. Дадатковыя расходы патрабуюцца на праходжанне тэхнічнага агляду транспартных сродкаў. Цяпер аўтамабілі, якім больш за пяць гадоў, праходзяць яго два разы ў год замест аднаго, як было раней. Адпаведна і плаціць трэба двойчы. Толькі ў мінулым годзе арганізацыя зрасходавала на гэта 3174 рублі — суму, роўную аплаце за вучобу 7 чалавек.

За пяць мінулых гадоў пастаўскай раённай арганізацыйнай структурай ДТСААФ падрыхтавана больш за паўтары тысячы вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў, у тым ліку катэгорыю «В» атрымалі 987 чалавек, «С» — 124, «СЕ» — 415.

 І патрыятызму вучаць

Вялікая ўвага ўдзялялася і ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення, падрыхтоўцы юнакоў да службы ў арміі і працоўнай дзейнасці, развіццю тэхнічных і ваенна-прыкладных відаў спорту. Большасць мерапрыемстваў праводзілася сумесна з раённымі аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі, спорту і турызму, унутраных спраў, раённым камітэтам ГА «БРСМ».

Акрамя традыцыйных «Снежны снайпер», «Зарніца», карыстаецца папулярнасцю стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна ў ціры СШ № 1. Удзельнічаюць у іх школьнікі, прадстаўнікі сілавых структур. Трэба адзначыць, што апошнім часам значна ўмацаваліся шэфскія сувязі паміж школамі і воінскімі часцямі, іншымі сілавымі структурамі. Навучэнцы мераюцца сіламі з супрацоўнікамі РАУС, Пастаўскага аддзела Дэпартамента аховы, работ­нікамі РАНС. Раённая арганізацыйная структура ДТСААФ выступае спонсарам па набыцці прызоў.

Тры гады запар прадстаўнікі нашага раёна займалі прызавыя месцы на абласных спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Летась каманда стралкоў пад кіраўніцтвам выкладчыка фізічнай культуры каледжа Ю. Б. Трафімава паспрабавала свае сілы на рэспубліканскім узроўні і заняла пятае месца.

Новыя конкурсы — гэта цікава

Каб падняць прэстыж прафесіі вадзіцеля, адрадзілі спаборніцтвы паміж вадзіцелямі грузавых аўтамабіляў, а таксама паміж маладымі вадзіцелямі катэгорыі «В». Шмат станоўчых водгукаў было пасля новага для раёна конкурсу «Аўталэдзі». Падчас яго фігурнае ваджэнне аўтамабіля ў Паставах дэманстравалі жанчыны да 35 гадоў, у Лынтупах — пенсійнага ўзросту.

За акрэслены перыяд савет ДТСААФ актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі раённых праграм па павышэнні дарожна-транспартнай бяспекі, нармалізацыі крымінагеннай абстаноўкі. На вучэбнай базе сістэматычна праводзіліся заняткі з вучнямі рознага ўзросту, для іх дэманстраваліся фільмы пра бяспечны рух на дарогах. Дні ДТСААФ ладзіліся для тых, хто адпачываў у летніх лагерах. З удзелам прадстаўнікоў раённай арганізацыйнай структуры праводзяцца раённыя спартакіяды юных інспектараў дарожнага руху.

Развівацца, нягледзячы ні на што

Найважнейшай задачай, над якой працуе раённая арганізацыйная структура, з’яўляецца рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы развіцця рэспубліканскага аб’яднання ДТСААФ на 2014-2018 гады. Апошнім часам павялічылася колькасць членаў абароннага таварыства, створаны 7 пярвічных арганізацыйных структур ДТСААФ.

У справаздачным перыядзе развівалі і вучэбна-матэрыяльную базу: адрамантавалі клас для прафесійнай падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорый «С» і «СЕ», за ўласныя сродкі купілі аўтамабіль «Рэно-Сандэра». Пры падтрымцы абласнога савета ДТСААФ адрамантавалі гаражы. Набываліся і пастаянна абнаўляліся экзаменацыйныя камп’ютарныя праграмы.

Планы на 2018-ы сур’ёзныя. Калектыў нацэлены на далейшае ўдасканаленне вучэбнага працэсу, павышэнне якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў транспартных сродкаў. Будуць рабіцца захады па эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, зніжэнні затрат на абслугоўванне і рамонт тэхнікі. Трэба быць гатовымі працаваць ва ўмовах канкурэнцыі, бо падрыхтоўкай вадзіцеляў у нашым раёне займаюцца дзяржаўны каледж і Дунілавіцкая сярэдняя школа.

Савет ДТСААФ будзе стымуляваць моладзь да заняткаў стралковым спортам, ваенна-прыкладным мнагаборствам, аўтамотаспортам. Усю работу плануецца накіраваць на падрыхтоўку юнакоў да службы ў арміі, выхаванне маральна і фізічна здаровых маладых людзей.

Поспех залежыць ад людзей

У сваім выступленні В. А. Лушчык па­дзякаваў членам савета ДТСААФ, майстрам, выкладчыкам за іх прафесіяналізм і тую вялікую работу, якую яны праводзяць. Поспехі калектыву — заслуга выкладчыка А. Л. Чараваценкі, майстроў В. І. Спа­сібенкі, А. І. Лятко, М. М. Масінкевіча, А. С. Пашкевіча, галоўнага бухгалтара І. А. Януковіч. Актыўна і плённа развіваюць прыкладныя віды спорту актывісты абароннага таварыства А. Л. Вавінскі, Ю. Б. Трафімаў. Па-ваеннаму дакладна вырашае ўсе пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай і правядзеннем спаборніцтваў, С. Г. Сядых. Вялікую дапамогу ў арганізацыйна-масавай рабоце аказвае член савета А. І. Пешчаранкоў.  Апошнія чацвёра (на здымку) ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі структуры і грашовымі прэміямі. 

Заўсёды ўзаемаразуменне і падтрымку адчувае калектыў з боку абласной арганізацыйнай структуры на чале з В. В. Корабавым, раённага выканаўчага камітэта, асабіста намесніка старшыні Ю. М. Кісялёва, начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінскай, адукацыі, спорту і турызму — А. Я. Кашырына, першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» І. А. Каралёвай.

 Канструктыўная размова

Цікавым і эмацыянальным было абмеркаванне даклада. С. Г. Сядых расказаў пра работу ваенна-спартыўнага клуба «Азі­мут», засяродзіў увагу на дапрызыўнай падрыхтоўцы моладзі, выказаў прапанову ўнесці штосьці новае ў гульню «Зарніца».

Ю. Б. Трафімаў спыніўся на рабоце пярвічнай арганізацыйнай структуры ДТСААФ пры каледжы, ўдасканаленні падрыхтоўкі стралкоў з пнеўматычнай вінтоўкі.

Пра вучобу і адпачынак вучняў Камайскай сярэдняй школы расказаў выкладчык фізкультуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі М. М. Гірвель.

А. Л. Чараваценка займаецца прафе­сійным навучаннем вадзіцеляў катэгорыі «В» і перападрыхтоўкай з катэгорыі «В» на «С», «СЕ». Праблем хапае, бо ў навучэнцаў розныя здольнасці, узровень адукацыі. І выкладчыкам трэба прыкласці нямала намаганняў, каб яны засвоілі правілы дарожнага руху, навучыліся вадзіць аўтамабіль. Пра высокі ўзровень падрыхтоўкі сведчаць лічбы — 75 працэнтаў навучэнцаў экзамен у міжраённым рэгістрацыйна-экзаменацыйным аддзяленні дзярж­аўтаінспекцыі Глыбоцкага РАУС здаюць з першага разу. 

Праблемы ў рабоце гуртка картынгістаў закрануў яго кіраўнік Ю. Л. Дулінец. Адна з машын ужо сваё адслужыла. Трэніроўкі праводзяцца на тым карце, які некалі падарылі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў. Раённая арганізацыйная структура падавала заяўку ў цэнтральны савет ДТСААФ з просьбай набыць новую машыну, але пакуль справа не зрушылася з месца. Добра было б, каб знайшліся спонсары і дапамаглі ў набыцці машыны.

Высокую ацэнку рабоце раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ даў намеснік старшыні абласной структуры М. Г. Ратушняк. Ён адзначыў, што пастаўская  пастаянна знаходзіцца ў ліку найлепшых. Немалая заслуга ў гэтым ўсяго савета і асабіста старшыні Валерыя Антонавіча Лушчыка, які на гэтай пасадзе з 2000 года.

За прафесіяналізм, патрыятычнае выхаванне моладзі, удасканаленне работы падзякаваў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М.  Кісялёў.

Прысутныя выбралі членаў савета, кіраўніка і дэлегатаў на 22-ю справаздачна-выбарную канферэнцыю абласной структуры ДТСААФ. Права ўзначальваць калектыў адзнагалосна даверылі В. А. Лушчыку. А на абласны форум адправяцца В. А. Лушчык. І. А. Януковіч, Ю. Л. Дулінец і М. М. Масінкевіч.

 Запіс праз інтэрнэт

Пра гісторыю, матэрыяльна-тэхнічную базу, паслугі раённай арганізацыйнай структуры можна даведацца на сайце www.postavy.vitobldosaaf.by. Там жа змешчаны фотаздымкі з праводзімых мерапрыемстваў, наладжана зваротная сувязь з наведвальнікамі, а таксама вя­дзецца запіс на вадзіцельскія курсы.

Анна АНІШКЕВІЧФота аўтара

Дата публикации: 13 Февраля, 2018

Нет комментариев