Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Пакарылі сэрцы «амуры» в Поставах

Кацярына Пякарская і Герман Вайцякян.

У мінулую нядзелю ў раённым Доме культуры гаспадарыў гарэзлівы бог кахання Амур, спрабуючы трапіць сваімі стрэламі ў сэрца кожнага, хто прыйшоў на маладзёжную конкурсную шоу-праграму «Неўтаймоўныя амуры».

Мерапрыемству, якое стала ўжо традыцыйным і праводзіцца на працягу апошніх пяці-шасці гадоў, папярэднічала акцыя, арганізаваная райкамам ГА «БРСМ» у фае ўстановы. Усім наведвальнікам Дома культуры актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі не толькі раздавалі паперкі з парадкавымі нумарамі пар — ­удзельніц шоу-праграмы — для наступнага глядацкага галасавання, але і прапаноўвалі напісаць на лістоўцы пажаданні кандыдатам у мясцовыя Саветы дэпутатаў і апусціць іх у спецыяльную скрыню. Таксама можна было ў пісьмовай форме пажадаць нешта добрае сваёй краіне, гораду або краю, кіраўніцтву раёна і прымацаваць сэрцайка з гэтымі пажаданнямі на вялікім сэрцы, якое будзе захоўвацца ў райкаме БРСМ.

Ахвотна адгукаючыся на маладзёжныя прапановы, пастаўчане спяшаліся заняць месцы ў глядзельнай зале, дзе неўзабаве не было куды яблыку ўпасці. І вось пачынаецца шоу-праграма. На сцэну выходзіць тэатр рук і з дапамогай складзеных слоў абвяшчае, што будзе адбывацца далей. Яго змяняюць артысты ўзорнай дзіцячай цыркавой студыі «Каскад», а затым вядучыя шоу — навучэнцы СШ №1 Яна Грахоўская і Данііл Гарошка.

Пад апладысменты прысутных яны па чарзе запрашаюць на сцэну пары канкурсантаў: Кацярыну Жук і Мікіту Якаўлева з першай гарадской школы, Яну Цапелік і Дані­іла Шылава, Таццяну Кусяк і Мікіту Ігнаткова з трэцяй школы, Кацярыну Пякарскую і Германа Вайцякяна, якія абаранялі гонар СШ №4, Кацярыну Дзяргач і Мікіту Семяніхіна з СШ №5 і Яну Падлецкую і Станіслава Цярэнцьева з гімназіі.

Усяго праз некалькі імгненняў са звычайных юнакоў і дзяўчат школьнікі пераўвасабляюцца ў зорак расійскай эстрады. А нагодай для гэтага паслужыў першы конкурс — «Зорны дуэт». Удзельнікі праграмы паўсталі перад гледачамі ў вобразах Анжалікі Варум і Леаніда Агуціна, Алы Пугачовай і Максіма Галкіна, Ірыны Круг і Віктара Кавалёва, Наргіз і Макса Фа­дзеева, Наташы Каралёвай і Тарзана, Патапа і Насці Каменскіх, капіруючы не толькі іх знешні выгляд, але і манеру выканання. Яшчэ больш акцёрскія здольнасці пар раскрыліся ў конкурсе «Прызнанне ў каханні», дзе ім было прапанавана пафантазіраваць і ўявіць, як могуць прызнавацца ў сваіх пачуццях прадстаўнікі розных прафесій. Героямі мініяцюр на гэту тэму сталі работнікі праваахоўных органаў, савецкія разведчыкі, аматары парашутнага спорту, медыцынскія работнікі, акцёры і ратаўнікі. У апошнім выпрабаванні пад назвай «Гарачыя рытмы» канкурсанты ў поўнай меры праявілі грацыёзнасць, пластыку і артыстызм, прадставіўшы гледачам індыйскі і сучасны танцы, бугі-вугі, рок-н-рол, кантры і вальс.

Кацярына Дзяргач і Мікіта Семяніхін.

Таццяна Кусяк і Мікіта Ігнаткоў.

Пакуль ішоў падлік галасоў — кожны прысутны ў зале мог аддаць яго за тую пару, якая спадабалася найбольш, — з невялікім канцэртам выступілі калектывы раённага Дома культуры. Цікавы мікс атрымаўся з нумароў груп «Тутэйшыя» і «Стрыт Дэнс», узорнай цыркавой студыі «Каскад» і яе салісткі Вікторыі Захарыч, Ганны Антух і ансамбля танца «Карамелькі».

Нарэшце ўсе галасы падлічаны. Для аб’яўлення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў на сцэну выходзяць дырэктар РДК Ала Чарнюк і другі сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. Ала Баляславаўна шчыра дзякуе за падоранае свята, якое з кожным годам становіцца ўсё лепш і ярчэй, і ўручае дыпломы ўдзельнікаў шоу канкурсантам, зазначаючы, што выбраць найлепшую пару — вельмі няпростая задача. Менавіта таму зрабіць гэта даручылі гледачам, якія асабліва актыўна прагаласавалі за навучэнцаў СШ №4 Кацярыну Пякарскую і Германа Вайцякяна. Разам з запрашальнымі білетамі на сеанс у кінатэатр пераможцы атрымалі ў падарунак флэшкі ад раённага камітэта БРСМ.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ

Яна Падлецкая і Станіслаў Цярэнцьеў.

Дата публикации: 13 Февраля, 2018

Нет комментариев