Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Гаспадыня і дома, і ў лесе в Поставах

Гэта пра лесніка Пастаўскага лясніцтва Алену Альбінаўну Кірплюк.

— Лесніком працаваў муж, які з лесам быў, як кажуць, на ты, — расказвала. — Нярэдка браў з сабой і мяне. Аб’язджалі і абыходзілі ўладанні, ён апавядаў пра дрэвы, расліннасць, вучыў арыентавацца на мясцовасці. Мне цікава было ўсё, запамінала метады работы. Потым некаторы час была занятая ў гадавальніку. А калі муж, ваенны пенсіянер, вырашыў перайсці на спакайнейшую работу, замяніць Валеру прапанавалі мне.

Так нечакана нават для сябе Лена стала лесніком (у Пастаўскім лясніцтве на такой пасадзе працуе яшчэ Юлія Ліпніцкая). З абавязкамі спраўляецца не горш за калег-мужчын. Клопатаў хапае круглы год. Але з усіх пор года, як прызнаецца, найбольш любіць восень.

— Лес становіцца рознаколерным і надзвычай прыгожым, — дзеліцца ўражаннямі. — Дыхаецца лёгка, бо спадае гарачыня, менш становіцца рознай машкары. А найгарачэй, у прамым сэнсе слова, летам:  тэмпература паветра высокая, і ўзгаранні могуць здарацца. Галоўнае — своечасова іх заўважыць. Лесніку гэтым часам трэба быць вельмі пільным.

— Люблю садзіць лес, — працягвала Алена Альбінаўна. — Кожны год маладыя саджанцы ў маіх уладаннях займаюць па некалькі гектараў. Атрымліваю вялікае задавальненне, калі з году ў год бачу, як растуць маладзенькія дрэўцы. Лес для мяне — эмацыянальная разгрузка, хаджу па ім і не стамляюся, не заўважаю пройдзенай адлегласці, праведзенага тут часу. На свежым паветры выпрацоўваюцца гармоны радасці, настрой паляпшаецца.

Але, акрамя рамантыкі, хапае і цяжкасцей. Прыходзіцца абараняць лес ад браканьераў, незаконных высечак, прабірацца ў асобныя месцы праз балоты і бураломы, зімой — праз снежныя заносы, сустракацца з ляснымі жыхарамі. На строгім кантролі лесніка — законнасць лесанарыхтовак.   Важнымі з’яўляюцца мерапрыемствы па ахове лясных насаджэнняў ад захворванняў і шкоднікаў, правядзенне лесагаспадарчых работ.

За А. А. Кірплюк замацавана больш за 2500 гектараў лесу, якія трэба рэгулярна абыходзіць і кантраляваць, запрыкмеціўшы парушэнні, неадклана паведамляць у лясніцтва. Ляснік вызначае дзялянкі для высечкі сухастою, прарэджвае пасадкі. Пры з’яўленні на падведамнай тэрыторыі людзей, якія жадаюць папаляваць або нарыхтаваць дроў, правярае дакументы, якія даюць на гэта права. Зімой асноўны занятак — нарыхтоўка драўніны і шышак. Цяпер збіраюць насенне вольхі, якое пасеюць у гадавальніку. Праз пару гадоў маладыя саджанцы высадзяць на дзялянку, і толькі праз 50 гадоў з маленькага зярнатка вырасце магутнае дрэва.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Дата публикации: 6 Марта, 2018

Нет комментариев