Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
БРАВА! в Поставах

Гэтым воклічам, а таксама гучнымі апладысментамі гледачы пасля кожнага нумара праводзілі са сцэны ўдзельнікаў святочнай праграмы «Любімыя мелодыі экрана», якая адбылася 8 сакавіка ў канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай.

Не сакрэт, што кінафільмы многія любяць не толькі за кранальныя і жыццёвыя сюжэты, яркую ігру акцёраў, але і за песні, што ў іх гучаць. Напэўна, таму, што музычныя кампазіцыі, якія нам падарыў экран, спалучаюць у сабе запамінальныя мелодыі і словы, іх лёгка ўзгадаць можа, бадай, кожны. Ведаючы гэта, работнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна пранавалі пастаўчанам, як кажуць, з галавой акунуцца ў чароўны свет кінамузыкі.

Пачаўся канцэрт з… сюрпрыза: толькі з дынамікаў загучалі першыя акорды ўступнай песні, як у залу ўвайшлі ўсе ўдзельнікі святочнай праграмы з рознакаляровымі паветранымі шарамі, якія адразу ж раздалі гледачам. Створаны такім чынам цудоўны настрой з кожным музычным нумарам толькі ўмацоўваўся — ад прыгожых галасоў, артыстычнасці, цікавых вобразаў. Выступленні суправаджаліся відэарадам, які дэманстраваўся на экране праектара.

Сваім талентам з прысутнымі дзяліліся Дзіяна Дзяменцьева, Марыя Шаура, Вера Іванова, Лада Аляксеева, Кацярына Жук, Яўгенія Бяляўцава, Вольга Нікалаева, Ксенія Розман, удзельнікі груп «Класная кампанія», «Вяснушкі», «Пацеркі», «Фантазія», «Дзяўчаты». Усе — выхаванцы эстраднай студыі «Славія» (кіраўнік — Аксана Анатольеўна Нікалаева). У іх выкананні прагучалі песні з мульт­фільмаў і кінафільмаў. Рэпертуар — ад вядомых не аднаму пакаленню «Непрыемнасць гэту мы перажывём», «Усмешка», «Песенька маманцёнка», «Крылатыя арэлі», «Вясна ідзе», «Смуглянка», «Звініць студзеньская завіруха», «Белай акацыі гронкі духмяныя», «Эй, марак» да сучасных — «Фарбамі рознымі» («Іван-царэвіч і шэры воўк»), «Дружба» («Маша і мядзведзь»), «Бачу цябе» («Не нарадзіся прыгожай»), «Адліга» з аднайменнага серыяла.

Яшчэ адна асаблівасць песень з мультфільмаў і кінафільмаў заключаецца ў тым, што нават не ведаючы іх цалкам, ужо не кажучы пра аўтараў слоў і кампазітараў, варта пачуць «візітную» фразу, як адразу ўзгадваецца назва кінастужкі. Гэта выдатна прадэманстравалі вядучыя мерапрыемства Таццяна Карпава і Дзмітрый Мельнікаў, якія прапанавалі прысутным паўдзельнічаць у своеасаблівай віктарыне. І на ўсе пытанні атрымалі правільныя адказы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

Дата публикации: 9 Марта, 2018

Нет комментариев