Што мы найчасцей чуем пра жыццё ў вёсцы? Цяжка, бедна, бесперспектыўна. Святлана і Аляксандр Шчогалевы з Вярэнек пераканалі мяне ў тым, што хаця і нялёгка працуюць, але жывуць у дастатку і бачаць перспектыву, а яшчэ бясконца любяць родныя мясціны і не збіраюцца іх пакідаць.

Зрэшты, Саша нарадзіўся і вырас у Казахстане, куды на асваенне цалінных зямель прыехалі яго мама-беларуска і тата-расіянін і дзе стварылі сям’ю. У Свіранах жыла яго бабуля. Да яе і прыехаў юнак, адсюль пайшоў на тэрміновую службу ў армію, сюды вярнуўся. На танцах у Вярэнькаўскім клубе пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай. Сталі сустракацца, і зарадзілася каханне. Сёлета спаўняецца 22 гады, як пажаніліся. Пачыналі сямейнае жыццё ў яе бацькоў, але не прайшло і года, як перасяліліся ў дзедаў дом — жадалі самастойнасці.

— Гэтаму дому 60 гадоў, — расказвала Святлана. — Дзед будаваў яго сваімі рукамі. На той час бабуля і дзядуля былі людзьмі адукаванымі — умелі чытаць і пісаць — і вельмі працавітымі, гаспадарлівымі. Шмат гадоў дзядуля жыў адзін. Яму было ўжо за 80, а яшчэ трымаў карову, дзвюх цялушак, каня, сам нарыхтоўваў для іх сена. 40 гадоў адпрацаваў у калгасе тата, мама таксама была калгасніцай. Так што ў мяне тут глыбокія карані.

Дом Святланінага дзядулі Уладзіслава Міхайлавіча Памецькі хоць і быў дыхтоўным, але ўжо не адпавядаў густу маладых гаспадароў. Перш чым перайсці ў яго, зрабілі касметычны рамонт, а з цягам часу перараблялі пакой за пакоем ды яшчэ два дабудавалі. Немагчыма перадаць словамі, як прасторна, прыгожа і ўтульна тут цяпер. Усё зроблена сваімі рукамі.

— Унутры ўсё давялі так, як хацелі, — казаў Аляксандр. — Цяпер думаю над тым, якую знешнюю аддзелку дома зрабіць. Ёсць розныя варыянты, пакуль выбіраю. Хочацца, каб было сучасна і прыгожа.

Дадаюць сядзібе прыгажосці выкладзеныя з камення дарожкі і агароджа (камяні збіраюць на палях усёй сям’ёй). Летам зелянеюць вакол дома газоны, цвітуць ружы. А якая прастора наўкол! Праўда, зараз яна бязмоўная, засыпаная снегам ды скаваная маразамі. Але ж неўзабаве пачнецца ў прыродзе абуджэнне…       

Фаіна Касаткіна

(Працяг матэрыяла чытайце на 4-ай старонцы № 20 газеты “Пастаўскі край” ад 14 сакавіка 2018 г.)

Дата публикации: 13 Марта, 2018

Нет комментариев