Карысны дыялог в Поставах

На мінулым тыдні кіраўніцтва раёна сустрэлася з жыхарамі Лынтуп, каб абмеркаваць пытанне змены статусу гэтага гарадскога пасёлка на сельскі населены пункт.  Папярэдне многія лынтупчане выказаліся не супраць прапанаванай раённай уладай ініцыятывы. Яна ўзнікла ў сувязі з тым, што, па-першае, колькасць насельніцтва ў Лынтупах ужо не адпавядае патрабаванням Закона «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным упарадкаванні Рэспублікі Беларусь». А па-другое, мясцовыя жыхары разам са зменай статусу атрымалі б шэраг пераваг. Расказаць пра іх падрабязней прыехалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, яго намеснік Юрый Кісялёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, а таксама кіраўнікі ўсіх асноўных раённых службаў і ведамстваў.

Кожны з іх па сваім напрамку канкрэтызаваў магчымыя новаўвядзенні. У прыватнасці, ад змены статусу ў плане фінансавання выйгралі б установы сацыяльнай сферы. Так, на 20% большую зарплату, чым у гора­дзе, маглі б атрымліваць сельскія педагогі, медыкі, работнікі культуры. Акрамя таго, на сяле забяспечваюцца бясплатным харчаваннем усе школьнікі (ад 1 да 11 класаў), у адрозненне ад гарадскога населенага пункта, дзе такая магчымасць прадастаўляецца толькі навучэнцам малодшых класаў. З 2019 года сістэма адукацыі ў краіне пераводзіцца на падушавое фінансаванне. Калі б Лынтупская школа стала сельскай, то на яе раз­віццё з бюджэту дадаткова ўдалося б прыцягнуць больш за 200 тысяч рублёў. 

Пэўнай катэгорыі мясцовых жыхароў (па падліках інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Пастаўскім раёне гэта каля 300 чалавек) змена статусу Лынтуп дазволіла б скарыстацца льготамі па плаце падаткаў на нерухомасць. Ёсць таксама ў вяскоўцаў перавагі і пры атрыманні субсідый на будаўніцтва жылля. Да прыкладу, у гора­дзе субсідзіруецца 20 метраў квадратных на 1 чалавека, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У сельскай мясцовасці — 30 метраў, да таго ж 20% ад каштарыснага кошту крэдытуецца будаўніцтва гаспадарчых пабудоў.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта СЯРГЕЙ ЧЭПІК:Гэту сустрэчу лічу надзвычай карыснай. Яна дапамагла выявіць шэраг надзённых для людзей праблем. Зразумела, стварэнне працоўных месцаў у пасёлку — задача не аднаго дня, хаця над яе вырашэннем мы актыўна працуем. Аднак ёсць і тыя пытанні, што не патрабуюць ні вялікіх матэрыяльных затрат, ні шмат часу. Вось менавіта іх у бліжэйшы час нам і трэба будзе вырашыць. А такія сустрэчы з насельніцтвам неабходна правесці ва ўсіх буйных населеных пунктах раёна. 

Сёння Лынтупы перажываюць не лепшыя часы. У сувязі з закрыццём спіртзавода і банкруцтвам мясцовага сельгас­прадпрыемства самая вострая праблема для мясцовых жыхароў — працаўладкаванне. Тыя, хто прыйшоў на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, эмацыянальна расказвалі пра гэту і іншыя на­дзённыя праблемы. А што да пытання змены статусу Лынтуп, то ў асноўным яны выказалі пажаданне ўсё пакінуць як ёсць, хвалюючыся, што разам з гэтым жыццё ў пасёлку пагоршыцца.

Асабіста я так і не зразумела, чаму некаторыя мясцовыя жыхары не прымаюць да ўвагі магчымыя перавагі такіх перамен. Складана назваць важкімі аргументы асобных выступоўцаў, маўляў, «асабіста мяне яны не датычацца». А як жа іншыя?..

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

Дата публикации: 13 Апреля, 2018

Нет комментариев