Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Школа музыкі, старт у прафесію в Поставах

Цяперашнія ўдзельнікі духавога аркестра і іх кіраўнік.

Сёння свой 25-гадовы юбілей адзначае ўзорны духавы аркестр Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. За чвэрць стагоддзя, што існуе калектыў, змянілася не толькі некалькі саставаў яго ўдзельнікаў, але і назва: раней гэта быў аркестр Пастаўскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Першыя крокі

— Неяк у 1993 годзе я сустрэў у горадзе тагачаснага дырэктара школы-інтэрната Анатолія Валянцінавіча Маласая, і ён запрасіў мяне да сябе на працу, — успамінае стваральнік і нязменны кіраўнік калектыву Леанід Уладзіміравіч Косаў. — На той час нашу ракетную дывізію, у якой іграў на ўдарных інструментах у ваенным аркестры, расфарміравалі, трэба было дзесьці шукаць работу. Таму, падумаўшы, вырашыў прыняць запрашэнне і паспрабаваць стварыць дзіцячы духавы аркестр. Апрануў ваенную форму, прайшоўся па ўсіх класах інтэрната і набраў каля 60 чалавек, жадаючых удзельнічаць у калектыве. Пачалі займацца — і праз два месяцы з іх засталося ўсяго васьмёра, астатнія адсеяліся самі сабой.

У красавіку 1994-га, усяго праз год пасля стварэння, аркестр даў дэбютны канцэрт у сваёй навучальнай установе. У чэрвені яго папоўнілі дзеці, якія прыбылі з наваполацкага прытулку. А ў снежні адбыўся першы выязны канцэрт, месцам правядзення якога стаў завод «Беліт». Амаль усіх удзельнікаў таго канцэрта Л. У. Косаў памятае пайменна. Гэта Каця Судніковіч, Яна Лушчук, Марына Сасянкова, Аня, Саша і Оля Усвайскія, Алёна Бандарэнка, Жанна Арлоўская, Оля Жарава, Ваня Мядзведзеў і Валера Толсцік. Яны і сталі першым саставам калектыву.

У 1995 годзе аркестр атрымаў званне ўзорнага. У 1996-ым выступаў на міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Тады ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча яго пачуў старшыня журы фестывалю, народны артыст Беларусі, прафесар М. А. Казінец.

— Хвілін 20 Міхаіл Антонавіч стаяў і слухаў, як мы граем, хоць самому трэба было ісці на чарговае мерапрыемства, — расказваў Л. У. Косаў. — А затым падышоў да мяне і, паказаўшы на Марыну Сасянкову, сказаў: «Вось гэту дзяўчынку забіраю ў Мінск». Тады я не аддаў яе, бо Марына — сірата, і невядома, як склаўся б яе лёс пасля адзінаццацігодкі пры акадэміі музыкі. Папрасіўшы прабачэння ў Казінца, патлумачыў, што дзяўчынка пойдзе ў музычнае вучылішча. Так і атрымалася. Пасля 9-ці класаў Марына паступіла ў музычны каледж у Наваполацку, які закончыла з чырвоным дыпломам па класе трамбона, затым — у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. На трэцім курсе акадэміі паехала на конкурс у Малдову, дзе яе заўважылі выкладчыкі з Расіі і прапанавалі перавесціся ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю. Закончыўшы яе, працавала ў оперным тэатры ў Мінску, выкладала ў акадэміі музыкі і гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. А. Ахрэмчыка. А ў 2016 го­дзе выйшла замуж і пераехала да мужа ў Салігорск, дзе працуе выкладчыкам у школе мастацтваў.

Справа даўжынёй у чвэрць стагоддзя

Гісторый лёсаў сваіх выхаванцаў Леанід Уладзіміравіч ведае нямала. Далёка не ўсе яны сталі прафесійнымі музыкантамі. Але ў тым, што ў аркестры загартавалі характар, навучыліся любіць і разумець сапраўдную музыку, можна не сумнявацца. На сённяшні дзень праз калектыў прайшлі дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак, змянілася пяць яго саставаў і «месца прапіскі». З 2006 года па прычыне закрыцця школы-інтэрната аркестр дзейнічае на базе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Граюць у ім не толькі навучэнцы гэтай установы, але і дзеці з розных школ горада з 3 па 11 клас — усяго 14 чалавек, як і было раней.

— Я вельмі ўдзячны за дапамогу ў час станаўлення калектыву былому старшыні райвыканкама Васілію Васільевічу Чэпіку і намесніку старшыні Але Эдмундаўне Кейзік, якая да выхаду на пенсію апякала нас, — гаварыў Л. У. Косаў. — Яна дабілася таго, каб пасля майго пераводу ў каледж і набору новага саставу аркестра захавалася яго званне «ўзорны». Таксама вельмі дапамаглі ў набыцці музычных інструментаў і канцэртных касцюмаў Эдуард Пятровіч Казура, Баляслаў Півусавіч Шылько, Віктар Сяргеевіч Гутараў.

Алена ШАПАВАЛАВАФота аўтара

(Працяг матэрыяла чытайце на 5-ай старонцы № 29 газеты “Пастаўскі край” ад 14 красавіка 2018 г.)

Дата публикации: 13 Апреля, 2018

Нет комментариев