Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100

Для католікаў Пастаў 8 красавіка стаў адметным днём — да іх завітаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Спачатку ён цэлебраваў Імшу ў касцёле Святога Антонія Падуанскага, а затым у парафіі Езуса Міласэрнага. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Юрый Кісялёвым, ксёндз-дэкан Павел Самсонаў, пробашч суседняй парафіі Вадзім Прасяной, дырэктар дабрачыннага таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі Андрэй Аніскевіч, шмат парафіян, гасцей, дабра­дзеяў.

Біскуп прывёз важны дакумент — свой Дэкрэт, згодна з якім акрэслены новыя межы парафій. З гэтага часу католікі не толькі мікрараёна 5 гарадка, навакольных вёсак, але і вуліцы Юбілейнай належаць да парафіі Езуса Міласэрнага.

— Трэба радавацца, што маеце магчымасць выбраць зручны для сябе час для ўдзелу ў Імшы, — сказаў біскуп. — Вы можаце хадзіць і ў касцёл Антонія Падуанскага, і ў 5 гарадок. Але справы, якія датычаць хросту дзіцяці, шлюбу, пахавання, трэба вырашаць са сваім пробашчам. Сёння асвячаем зямлю пад будаўніцтва новага храма. Наперадзе — узвя­дзенне святыні. Гэта будзе каштаваць немалых сіл, працы і ахвяр. Але з Божай дапамогай усё магчыма. У мікрараёнах 5 гарадка і вуліцы Юбілейнай у апошні час пабудавана шмат жылля, тут жывуць маладыя сем’і, якія і з’яўляюцца актыўнымі парафіянамі.

Парафія Езуса Міласэрнага зарэгістравана 17 снежня 2014 года. З 26 снежня 2015-га па 19 сту­дзеня 2016-га праходзіла грамадскае абмеркаванне будаўніцтва касцёла па вуліцы Касманаўтаў. Новы храм стане тым месцам, дзе людзі будуць слухаць Евангелле, адчуваць моц і любоў Бога ў святых сакрамантах, вучыцца бачыць Хрыста ў іншым чалавеку, дапамагаць яму, дзяліцца радасцю веры. Касцёл стане і ўпрыгажэннем мікрараёна.

Парафія хоць і маладая, але з глыбокімі каранямі. Вера тут шанавалася стагоддзямі, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Таму шмат дзетак наведваюць урокі рэлігіі, удзельнічаюць у святой Імшы. Вось і ў той дзень яны спявалі, а моладзь падрыхтавала сцэнку на тэму Божай міласэрнасці. Закладваюцца і новыя традыцыі. У прыватнасці, пры парафіі створана дабрачынная арганізацыя “Карытас”, якая бу­дзе аказваць дапамогу ўсім, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Анна АНІШКЕВІЧФота Антона ЧАЛЯЯ

Дата публикации: 13 Апреля, 2018

Нет комментариев