Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Прымалі віншаванні і задавалі пытанні в Поставах

Бягучы тыдзень для прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці Віцебшчыны пачаўся з сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым. Нагода — прафесійнае свята. Акрамя таго, што работнікі пяра прымалі віншаванні, яны задавалі хвалюючыя пытанні кіраўніку рэгіёна.

Віншуючы прадстаўнікоў СМІ з прафесійным святам, кіраўнік вобласці падкрэсліў, што сёння становіцца запатрабаванай журналістыка з аўтарскай пазіцыяй і глыбокай аналітыкай: «Вы павінны ўнікаць у сутнасць усіх падзей, імкнуцца паказаць жыццё з розных бакоў, востра рэагаваць на недахопы і негатыўныя з’явы ў грамадстве». Таксама ён звярнуў увагу на імклівае развіццё сеткавых і лічбавых тэхналогій і камунікацый, разам з якімі адпаведна павінны змяняцца і СМІ.

Тым, хто сёлета лепш за іншых праявіў сябе ў інфармацыйнай прасторы Віцебшчыны, Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды абласнога конкурсу друкаваных СМІ на прэмію імя Францыска Скарыны і электронных — на прэмію «Віцязь». Лепшымі газетамі прызнаныя «Родныя вытокі» (Докшыцы) і «Веснік Глыбоччыны» (Глыбокае), лепшы інтэрнэт-рэсурс друкаваных СМІ — сайт газеты «Витебские вести». Сярод электронных СМІ адзначаны наваполацкі «Вектор ТВ» і радыёпраграма «Утро Придвинья» ТРК «Витебск». Акрамя рэдакцый, былі адзначаны і асобныя журналісты.

Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод пераможцам Мікалай Шарснёў правёў прэс-канферэнцыю. Пытанні былі розныя, закраналі ўсе асноўныя напрамкі развіцця Прыдзвінскага краю. Журналісты цікавіліся, якія захады робяцца па падтрымцы прадпрымальнікаў на Віцебшчыне, як ідзе работа па падрыхтоўцы кадраў, пыталіся пра развіццё турыстычнай сферы ў паўночным рэгіёне. Адказаў кіраўнік рэгіёна і на асабістае пытанне, якое тычылася яго заняткаў спортам. Падкрэсліў, што падтрымліваць фізічную форму лічыць сваім абавязкам, каб быць прыкладам для іншых. 

Набалелае пытанне — дарогі. Старшыня аблвыканкама канстатаваў, што за апошнія дзесяцігоддзі сур’ёзных праектаў па будаўніцтве дарог у вобласці не было, таму многія з іх не адпавядаюць сучасным патрабаванням. А да 2021 года плануецца адрамантаваць каля 1 тысячы кіламетраў дарог. Разам з тым сур’ёзная праблема — фінансаванне. 

Падрабязна Мікалай Шарснёў спыніўся на сельскай гаспадарцы. З яго слоў, работа аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці будзе сур’ёзна перабудавана. У прыватнасці, гэта тычыцца стварэння аграхолдынгаў. У цяперашні час у рэгіёне паспяхова функцыянуюць 4 буйныя інтэграцыйныя структуры (у Віцебску, Оршы, Глыбокім і Полацку), якія аб’ядноўваюць перапрацоўчыя прадпрыемствы і гаспадаркі. Сёння ў гэтых структурах ужо больш за 70 тысяч гектараў раллі ў кожнай, а спачатку было толькі каля 10 тысяч. За I квартал гэтага года агульны тэмп росту выручкі ад рэалізацыі па аграхолдынгах склаў 139,5%. Улічваючы эфектыўнасць такога падыходу, работа па стварэнні аграхолдынгаў у вобласці будзе працягвацца. «Узбуйненне дазваляе павялічваць аб’ёмы перапрацоўкі, змяншаць кошт прадукцыі і павышаць яе канкурэнтаздольнасць. Шляхам інтэграцыі сёння ідуць ва ўсім свеце, гэта агульнапрынятая практыка», — рэзюмаваў старшыня аблвыканкама.

Таксама ён звярнуў увагу журналістаў на перагляд у вобласці структуры севазвароту з павелічэннем плошчаў пад кармавыя культуры і чаргаваннем іх высеву з зерневымі. На думку Мікалая Шарснёва, гэты прыём дазволіць атрымаць ад зямлі зусім іншую аддачу. У планах павелічэнне ўраджайнасці як мінімум на 20%. Акрамя таго, па шэрагу пазіцый скароцяцца затраты.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

Дата публикации: 11 Мая, 2018

Нет комментариев