Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
З пчоламі клопатна, але цікава в Поставах

«Я адначасова навучыўся хадзіць, гаварыць і даглядаць пчол», — першае, што чую пры сустрэчы ад пастаўчаніна Аляксандра Еўдакімавіча Собаля, і не ведаю, як паставіцца да гэтых слоў.

«А вы не здзіўляйцеся, — развейвае мае сумненні жонка пчаляра Марына Уладзіміраўна. — Саша сапраўды вырас на пасецы. Захопленым пчаляром быў яго бацька Еўдакім Валяр’янавіч і з маленства прывучыў да сваёй любімай справы адзінага сына».

Пятнаццаць гадоў назад бацькі не стала. Прадчуваючы свой адыход з жыцця, наказваў родным: «Калі буду паміраць, незалежна ад пары года і часу сутак, ідзіце да вулляў і стукайце па іх — будзіце пчол. Гэтага патрабуе народнае павер’е. Інакш яны не будуць весціся».

Бацькаў наказ выканалі — традыцыю захавалі. Але галоўнае, што да таго часу Аляксандр не толькі дасканала авалодаў тэхналогіяй пчалярства, але і ўсёй душой прыкіпеў да яго. Разумеў, што працаваць на прадпрыемстве (ён па спецыяльнасці электрык) і паспяхова спраўляцца з пасекай не зможа, трэба выбіраць нешта адно. І ён звольніўся з работы на малочным заводзе і цалкам прысвяціў сябе пчалярству.

«Догляд пчол — справа вельмі клопатная, работы хапае заўсёды, — гаворыць, — але для мяне гэта вельмі цікава і захапляльна. Зараз на нашай пасецы, якая знаходзіцца ў вёсцы Мястэчка, 52 сям’і, летам будзе 80. Справіўся б і з большай колькасцю, але складана рэалізаваць прадукцыю. Калі ў краінах Еўропы дзяржаўная закупачная цана 14 еўра за кілаграм мёду, то ў нас — 4 рублі. Хто будзе здаваць па такой цане? Таму займаемся самарэалізацыяй. У гэтым мая незаменная памочніца — жонка».

Марына афармляе ўсю дакументацыю, вядзе тэлефонныя перамовы з кліентамі, расфасоўвае тавар, а гэта не толькі мёд, але і пропаліс, пярга, пчаліны падмор. А яшчэ яна вырабляе з воску вельмі прыгожыя дэкаратыўныя свечкі, званочкі, ружачкі і іншыя сувенірныя рэчы, якія таксама карыстаюцца попытам. Да нядаўняга часу працавала медсястрой у цэнтральнай раённай бальніцы, потым у «Ветразі», а сёлета звольнілася, каб таксама мець больш часу на сямейную справу.

Пра пчол муж і жонка могуць расказваць шмат і вельмі вобразна. Аляксандр Еўдакімавіч нават з лекцыямі выступае перад адпачывальнікамі ў нарачанскіх санаторыях. З заўзятымі пчалярамі размаўляе на роўных, іншых, хто пачынае разводзіць пчол або яшчэ толькі марыць пра гэта, знаёміць з азамі пчалярства. З’яўляецца членам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускія пчаляры». Пастаянна папаўняе свае веды — абменьваецца думкамі з калегамі, чытае спецыяльную літаратуру, чэрпае новыя звесткі ў інтэрнэце, дзяліўся сваім вопытам на старонках газеты «Чалавек і пчала».

Знялі Собалі і відэафільм пра сваю працу на пасецы. На адным кадры бачу, як руку Аляксандра Еўдакімавіча суцэльным покрывам абляпілі пчолы, і жахаюся: закусаюць жа да смерці! А ён смяецца з майго перапуду і тлумачыць: «Гэта пчолы пароды бакфаст. Яны не кусаюцца. Ну калі якая адна з сям’і ўджаліць, дык гэта дробязь. А бывала, што і па 20-30 за дзень кусалі. Прывык.

— Прывык то прывык, — працягвае жонка, — але за сезон ад пчаліных укусаў так разрэджвалася кроў, што на парэзах пры галенні твару цяжка было яе спыніць. А за зіму зноў прыходзі­ла ў норму.

Калі каму здаецца, што зімой пчаляры адпачываюць, то гэта памылковая думка. Па-першае, Собалі шмат часу затрачваюць на рэалізацыю прадукцыі. Па-другое, Марына Уладзіміраўна займаецца вырабам сувеніраў, а ў Аляксандра Еўдакімавіча кіпіць работа ў гарадской майстэрні: рамантуе старыя вуллі, вырабляе новыя, робіць рамкі, топіць воск, які абменьвае ў таварыстве пчалаводаў на вашчыну. Потым тоненькімі дроцікамі прымацоўваюць вашчыну да рамак. Ды шмат і іншай работы.

Даглядаюць пчол круглы год.

— Не абавязкова адкрываць вулей, каб зразумець, што адбываецца ў пчалінай сям’і, — расказваў мне. — Летам дастаткова ўважліва паназіраць за лятком, у іншую пару года — прыкласці вуха да сценкі вулея і прыслухацца. Здараюцца і хваробы, і гібель маткі, а зімой у домік могуць прабрацца мышы. Усё трэба прадбачыць і прыняць меры аховы.

— Колькі ж мёду дае адна сям’я? — цікаўлюся ў пчаляроў і чую ў адказ, што гэта залежыць і ад догляду, і ад надвор’я. Калі яно спрыяе, то ад 15 да 60 кілаграмаў за сезон. Некаторыя зайздросцяць Собалям, маўляў, столькі зарабляюць на пчолах! А хто перашкаджае зайздроснікам самім заняцца пчалярствам? Ахвотных мала. У нашым раёне пчаляроў можна пералі­чыць на пальцах.

— Так, мы з Сашам можам дазволіць сабе больш, чым з зарплаты, — дзялілася Марына Уладзіміраўна. — Напрыклад, пабывалі ў турыстычных паездках у Германіі, Чэхіі, Ізраілі, купаліся і загаралі на моры. Але праз два-тры дні адпачынку муж пачынаў хвалявацца, як там нашы пчолкі…

Аляксандру Еўдакімавічу вельмі хочацца прывіць сваю захопленасць пчалярствам дзецям. Але, на вялікае яго засмучэнне, ні сын, які, ажаніўшыся, жыве ў Санкт-Пецярбургу, ні дачка, якая выйшла замуж у Оршу, ні яе муж вялікай зацікаўленасці не праяўляюць. Уся надзея на ўнука Арцёмку (на здымку). Хаця яму яшчэ няма і пяці гадкоў, але ўжо вельмі любіць бываць з дзядулем на пасецы. Бабуля нават пашыла для яго пчалярскі касцюмчык. Ну павінны ж праявіцца гены!

 Фаіна Касаткіна

Дата публикации: 15 Мая, 2018

Нет комментариев