Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Роднаму краю – талент і творчасць в Поставах

Успамінамі пра Ніну Маркаўну Захарэвіч дзеліцца дачка Людміла Курыловіч. Да матулінага юбілею яна намалявала партрэт.

Так называлася літаратурнае свята, якое адкрыла першы фестывальны дзень

Адметнасцю мерапрыемства з’яўляецца тое, што асобная яго старонка прысвячаецца яркай зорцы на небасхіле пастаўскай паэзіі, светламу, добраму чалавеку — вядомай паэтэсе Ніне Маркаўне Захарэвіч, — гаварыў, адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — У маі Ніне Маркаўне споўнілася б 85 гадоў. Яна любіла і шанавала родную мову, у яе была правільная і моцная жыццёвая пазіцыя, яна шмат зрабіла ў плане выхавання падрастаючага пакалення. Зорка Ніны Маркаўны не згасла, яна свеціць нам яе вершамі.

Н. М. Захарэвіч нарадзілася ў Мядзельскім раёне, вучылася ў Валкалацкай і Будслаўскай школах. Закончыла фізіка-матэматычны факультэт Маладзечанскага настаўніцкага інстытута і Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Працавала ў сістэме адукацыі Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў. Была дырэктарам СШ №1, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі. Паэзіяй занялася актыўна, калі пайшла на заслужаны адпачынак. Яе вершы друкаваліся ў нашай раённай газеце, а таксама ў абласных і рэспубліканскіх. Выдала зборнікі вершаў «Дарыце маці кветкі», «Жнівеньскі вецер», «Бэзавы цвет», «Расінка на дрэве», «Светлая радасць душы». Лаўрэат фестывалю гумару ў Аўцюках, пераможца розных творчых конкурсаў.

Зямны шлях паэтэсы закончыўся 13 гадоў назад, але памяць пра яе жыве, гучыць яе напеўнае паэтычнае слова. І на свяце былі прачытаны некаторыя вершы, прагучала песня, напісаная на словы Ніны Маркаўны. Дачка Людміла Курыловіч адкрыла шмат цікавых яе захапленняў, прачытала першы верш і самыя любімыя.

Перагарнуўшы наступную старонку свята, прысутныя пазнаёміліся з новымі кнігамі Ігара Пракаповіча: «Пісьменнікі Пастаўшчыны» і «Там, дзе душа. Вершы пра Пастаўшчыну». Першую аўтар падрыхтаваў сумесна са сваёй вучаніцай Крысцінай Клянтак — натурай творчай і таленавітай. Падчас прэзентацыі Крысціна праспявала песню і прачытала верш. Пазнаёмілі са сваёй творчасцю і паэты, вершы якіх увайшлі ў кнігу «Там, дзе душа». Гэта  Люцыян Каранеўскі, Валянціна Гучык, Наталія Карнілава, Віктар Кейзік.

Гётэ некалі сказаў: «Каб пазнаць паэта, трэба ісці на яго радзіму». А наш зямляк Янусь Малец, які нарадзіўся ў вёсцы Хрыстова Валкоўскага сельсавета, сам завітаў на свята. Паэт расказаў пра сябе, прачытаў свае творы.

Зборнік песень «Мелодыі Паазерскага краю», які выйшаў напярэдадні фестывалю, прэзентавала супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна Людміла Чатовіч. Прагучалі песні са зборніка ў выкананні Людмілы Логінавай, Часлава Машніча, выхаванцаў дзіцячага садка «Спадарожнік».

Падчас адкрыцця памятнага знака.

Затым творчая інтэлігенцыя накіравалася да вёскі Агароднікі — радзімы выдатнага паэта, сапраўднага класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Дубоўкі. Тут адбылося адкрыццё памятнага знака, прысвечанага знакамітаму земляку. Акрамя ўдзельнікаў літаратурнага свята, на гэтай значнай падзеі прысутнічалі члены Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, галоўнага дырыжора Міхаіла Казінца.

— Складаны лёс выпаў на долю Уладзіміра Дубоўкі, — гаварыў, вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Хоць амаль усё жыццё ён пражыў за межамі Беларусі, але не забываў роднай мовы, усім сэрцам любіў сваю малую радзіму, апяваў яе ў вершах. Шмат пісаў для дзяцей. Памяць пра нашага земляка жыве на Пастаўшчыне. Яго імя прысвоена раённай дзіцячай бібліятэцы. У анімацыйнай праграме, якая рэалізуецца на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», галоўным героем з’яўляецца Дзед Бай — персанаж, прыдуманы менавіта Ула­дзімірам Дубоўкам.

Адкрыццё памятнага знака адбылося дзякуючы намаганням зямляцтва з Мінска, асабіста старшыні Беларускага фонду культуры, дацэнту кафедры сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Тадэвушу Стружэцкаму, ураджэнцу вёскі Шкіралі Камайскага сельсавета, які падкрэсліў важнасць ушанавання памяці знакамітых землякоў. «Быў час, калі камяні раскідвалі, — гаварыў ён, — настаў час іх збіраць. Некалькі гадоў таму падчас фестывалю нарадзілася ідэя іх стварэння. Прайшлі пленэры, і цяпер у Паставах ёсць некалькі арыгінальных каменных экспазіцый, якія адлюстроўваюць час, эпоху, з’яўляюцца архітэктурнай адметнасцю райцэнтра. Дзякуй мясцовай уладзе за падтрымку грамадскай ініцыятывы».

Аўтарам праекта выступіў Аляксандр Фінскі. Памятны знак выраблены на прадпрыемстве «ПастКамень» пад кіраўніцтвам Сяргея Попраўкі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Дата публикации: 12 Июня, 2018

Нет комментариев