Фестываль звінеў, спяваў ды народы яднаў в Поставах

На тры дні, з 8 па 10 чэрвеня, Паставы ў чарговы раз ператварыліся не толькі ў творчую лабараторыю Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», але і ў суцэльную канцэртную пляцоўку, дзе баль правілі непаўторнае хараство, самабытнасць нацыянальных культур і талент удзельнікаў музычнага свята.

За гісторыю існавання ў фестывалі прынялі ўдзел 21 краіна, больш за 600 творчых калектываў і каля 500 выканаўцаў. З размахам прайшоў і сёлетні музычны форум. Ён сабраў разам лепшых выканаўцаў, даследчыкаў і аматараў народнага музычнага мастацтва, адкрыў новыя таленты, унёс у гісторыю фестывальнага руху яскравую старонку, прысвечаную самаму дэмакратычнаму і зразумеламу віду мастацтва.

На розных пляцоўках раёна адбыліся традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?», тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб», выступленні замежных творчых калектываў у аграгарадках раёна, адкрыццё галерэі здымкаў былых кіраўнікоў Пастаўшчыны, творчая лабараторыя «Дуда — покліч часу», сустрэчы з паэтамі, пісьменнікамі, навукоўцамі, выставы работ народных умельцаў, агляд-конкурс сельскіх падворкаў, іншыя мерапрыемствы. Разбягаліся вочы ад мноства атракцыёнаў для дзяцей, упершыню працавала паштовая лаўка, дзе прапаноўвалася адправіць вестачку з фестывалю.

Адчуванне значнасці падзеі, асалоду ад маштабных мастацкіх нумароў і ўзнёслы настрой падарыла ўрачыстае адкрыццё фестывалю, якое адбылося ў суботу на цэнтральнай плошчы райцэнтра. У свяце прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, а таксама замежныя госці з Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Індыі. Гучнымі апладысментамі віталі гледачы творчыя калектывы і афіцыйныя дэлегацыі, якія ўрачыста прайшлі па плошчы. У знак дружбы ганаровыя госці фестывалю, а таксама тыя, хто завітаў на яго ўпершыню, атрымалі фестывальныя шалікі. Наладжванне мастоў сяброўства працягнуў традыцыйны абрад кумлення. Падчас яго ў цэнтры зялёнага вянка, сплеценага з бярозавых галінак, кіраўнікі калектываў абменьваліся падарункамі ды пацалункамі.

— Перш чым атрымаць пастаянную прапіску на Пастаўшчыне, фестываль качаваў па розных гарадах Беларусі. У тым, што ён прыжыўся менавіта тут, вялікая заслуга былога старшыні райвыканкама Васілія Чэпіка, які, нягледзячы на панаваўшае ў той час у рэгіёне беспрацоўе, цяжкае эканамічнае становішча, паверыў у фестываль, змог ацаніць усю глыбіню навукова-творчага праекта па адра­джэнні і папулярызацыі нацыянальных музычных традыцый, — гаварыў, адкрываючы фестываль, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — У далейшым яго энтузіязм падхапілі і падтрымалі паслядоўнікі Ванда Януковіч, Эдуард Казура, Віктар Гутараў, а зараз і Сяргей Чэпік. Дзякуючы ім і іншым апантаным людзям, фестываль не проста жыве, а развіваецца, ён унікальны і ўсімі любімы. А пра яго ўзровень сведчыць прадстаўнічае журы на чале з Міхаілам Казінцом. Бо ў склад судзейскай калегіі ўваходзяць сапраўдныя мэтры, якія з’яўляюцца мастацкім і эстэтычным скарбам і гонарам нашай краіны.

Прывітальны ліст Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь зачытаў начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы гэтага ведамства Васілій Чэрнік. У прыватнасці, у ім гаварылася, што нацыянальны каларыт, шчырасць, душэўнасць і цяпло, яскравы тэмперамент кожнага ўдзельніка і мэтанакіраваная работа арганізатараў ствараюць у гэтыя дні сапраўднае свята народнай музыкі, дзе розныя віды і жанры мастацтва зіхацяць на працягу ўсіх фестывальных дзён. Васілій Мечыслававіч падзякаваў усім за шчодрасць і адданасць народным традыцыям, захаванне і развіццё спадчыны продкаў, пажадаў натхнення і радасных пачуццяў.

Пра тое, што фестываль з кожным годам удасканальваецца, пашыраюцца творчы дыяпазон і геаграфія яго ўдзельнікаў, гаварыў у сваім выступленні і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён падзякаваў усім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення ўнікальнага, самабытнага свята, пастаўчанам — за ветлівасць і гасціннасць, з якімі яны сустракаюць удзельнікаў фестывалю.

— Фестываль заўсёды дорыць нам незабыўнае свята сяброўства, творчасці і натхнення, бо мастацтва аб’ядноўвае самых розных людзей, а саюз сэрцаў мацнейшы за любыя палітычныя і эканамічныя альянсы, — падсумаваў Сяргей Васільевіч.

Незабыўныя ўражанні ад судакранання са скарбам нацыянальных традыцый розных краін пакінула ўсімі любімае музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Пастаўскі баль». Яго адкрыла выступленне камернага аркестра Віцебскага музычнага каледжа. Потым баляванне прадоўжылі заслужаны аматарскі калектыў Беларусі фальклорны ансамбль «Паазер’е», фальклорны ансамбль «Зейля» (Латвія), народны фальклорны калектыў «Азерыца» (Віцебская вобласць), народныя ансамблі народнай музыкі «Заранка» (Варапаева) і «Явар» (Гродзенская вобласць), ансамбль народнай музыкі з г. Пушкіна (Расія), аркестры народных інструментаў «Скарбніца» (Салігорск) і «Акорд» (Мінск), народная музычная капэла «Жэймена» (Літва). Заліхвацкія мелодыі ў іх выкананні закружылі пастаўчан і гасцей свята ў суцэльным карагодзе. На імправізаванай танцпляцоўцы ля галоўнай сцэны яны з імпэтам танцавалі польку, падэспань, вальс, кракавяк.

Непадробнае захапленне засталося ў гледачоў ад харэаграфічных нумароў народнага ансамля танца «На ростанях» Віцебскага вучылішча культуры і мастацтваў і танцавальнага ансамбля «Таміку» (Эстонія). Ну а сапраўдны фурор выклікала экзатычная іскрынка фестывалю — танцавальны калектыў мультыкультурнага цэнтра Shrustii г. Дэлі (Індыя). На працягу ўсіх фестывальных дзён людзі выстройваліся ў чэргі, каб сфатаграфавацца з яго ўдзельнікамі. А тыя з задавальненнем пазіравалі, рабілі сэлфі з новымі знаёмымі, радавалі добразычлівасцю.

— За мяжой мы выступалі неаднойчы, у Беларусі — упершыню. Вельмі ўдзячныя за запрашэнне на фестываль, для нас гэта бясцэнны вопыт. Мы ў захапленні ад людзей, прыроды, такога цёплага прыёму. Спадабаліся выступленні ўсіх калектываў, зычым ­удзельнікам перамог! — дзяліўся ўражаннямі дырэктар цэнтра Венкатэсвар Рао Карумуры.

З надыходам прыцемак ва ўсіх сэнсах слова яскравым атрымалася вогненнае шоу «Алхімік» групы SKY FIRE з Віцебска. Затым фестывальную плошчу напоўнілі прыгожыя і таямнічыя мелодыі часоў сярэднявечча, насычаныя сілай і энергетыкай сучаснага электроннага гучання, у выкананні мінскага фолк-гурта Pawa. Завяршыўся другі фестывальны дзень маляў­нічым феерверкам і забаўляльнай праграмай для моладзі з ­удзелам лепшых дзіджэяў вобласці.

Фінальны акорд трохдзённага музычнага калейдаскопа народных талентаў прагучаў у ня­дзелю. Апошні фестывальны дзень распачаўся канцэртам беларускай класічнай музыкі ў касцёле. Крыху пазней на плошчы Леніна сваім выступленнем парадаваў ваенны духавы аркестр Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Затым ­удзельнікі і госці фестывалю святочнай калонай накіраваліся ў гарадскі парк. Тут у летнім амфітэатры адбыліся заключны гала-канцэрт і падвядзенне вынікаў конкурсу «Хто каго?». Сёлета за папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю «Лаўрэат І ступені» і каштоўным прызам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў намінацыі «Індывідуальны выканаўца» ўзнагароджаны мастацкі кіраўнік народнага ансамбля «Жывіца» Борскага сельскага Дома культуры (Пухавіцкі раён) Юрый Крывашэй, а ў намінацыі «Настаўнік-вучань» — ансамбаль народных духавых інструментаў «Дударыкі» Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Фестываль адзвінеў, адспяваў, адыграў, надоўга пакінуўшы шматлікім яго гасцям зарад бадзёрасці, энергіі, творчасці і натхнення.

Вераніка ФІЛАНОВІЧФота Сяргея ВШЫЎКАВА

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

ВКонтакте

Дата публикации: 12 Июня, 2018

Нет комментариев