Разработка сайтов! Качественно, недорого, быстро! Звоните - +375 (29) 8-404-100
Маладосць назад не вернеш в Поставах

Дзякуй чытачам, нераўнадушным да газеты. Вось і ў Груздава я прыехала па падказцы. Еўдакія Пятроўна Тараскевіч параіла сустрэцца з яе аднавяскоўцамі Альферамі, расказала пра іх шмат добрага.

Вуліца Лясная, 5. На будынку шыльда «Дом узорнага санітарнага парадку». Такая адзнака тым больш значная таму, што гаспадару ўжо 89, гаспадыні — 85. Вось дзе прыклад для некаторых намнога маладзейшых вяскоўцаў, якія не заўсёды і траву абкосяць ля сваіх падворкаў, не кажучы ўжо пра тое, каб пасадзіць кветкі. А ў Юліі Юльянаўны і Антона Сцяпанавіча іх шмат як у агародчыку, так і ў доме. Адмысловы парадак у двары і гаспадарчых пабудовах, чыста і акуратна ў пакоях.

— Дом будавалі сваімі рукамі, — успамінае гаспадар. — Калі пажаніліся, жылі з маімі бацькамі. У той час зямлі давалі толькі 30 сотак на сям’ю. Мы з бацькамі лічыліся адной. Вымушаны былі перасяліцца ў чужы дом, які пуставаў, каб атрымаць соткі. З нечага ж трэба было жыць, бо ў калгасе зараблялі слаба.

Самыя цяжкія ўспаміны для Антона Сцяпанавіча — дзяцінства. «І голы, і галодны хадзіў. З дзесяці гадоў пасвіў у аднаасобнікаў кароў. Вот жа наплакаўся! Зімамі хадзіў у школу. Давялося вучыцца і ў польскай, і ў беларускай, і ў нямецкай. А як хацелася пакатацца на лё­дзе, але не было абутку. Калі насупраць хаты замярзала вялізная лужына, выскокваў на яе пакоўзацца, а затым адаграваўся на печы. Раскажы цяпер такое унукам — не павераць».

— Каб цяперашнія маладыя ведалі, што мы перажылі, то, напэўна, не скардзіліся б на цяжкасці, — працягвае тэму Юлія Юльянаўна. — Мяне, маладзенькую дзяўчыну, старшыня калгаса прымусіў пайсці даяркай. У групе 25 кароў. Даілі ўручную, распухалі рукі. Калі выйшла замуж, і я, і муж працавалі на груздаўскай свінаферме. Ён у чатыры гадзіны раніцы ішоў варыць ім корм, я з шасці пачынала раздаваць яго. За хлебам хадзілі ў Дунілавічы. Бывала, пакуль выстаіш у чарзе, увесь раскупяць. Тады адпраўляліся ажно ў Варапаева.

Жылося цяжка, але людзі ўмелі і весяліцца. Як не ўзгадаць тагачасны Груздаўскі цымбальны аркестр, які выступаў нават у Маскве. Антон Альфер меў іншы талент — ­удзельнічаў у драматычным гуртку. І сёння памятае, як выступаў у галоўнай ролі Несцеркі ў аднайменнай п’есе, якую мясцовая моладзь ставіла не толькі ў Груздаве, але і ў іншых вёсках. Яшчэ ён авалодаў шавецкай справай, шыў і рамантаваў вяскоўцам абутак.

— А колькі мы перажылі ў вайну! — расказвалі Альферы (тыя ўспаміны вартыя асобнага артыкула, і я буду рыхтаваць яго для газеты крышку пазней — аўт.). — Зараз жыць добра. Атрымліваем пенсію, у вёсцы ёсць магазін і ФАП. Павыходзілі замуж і маюць свае сем’і дочкі. Васіліна жыве ў Вільнюсе, Люда — у Оршы, Марына — у Паставах. Маем 6 унукаў і 8 праўнукаў. Далейшым дабірацца да нас цяжэй, асабліва з Вільнюса, а пастаўскія прыязджаюць кожныя выхадныя, а то і неаднойчы на тыдзень, шмат дапамагаюць. Нам самім ужо не спра­віцца з тым жа агародам. Сышлі гады, здае здароўе. Але стараемся трымацца.

Трымайцеся, шаноўныя! Вы патрэбныя дзецям і ўнукам. Няхай яшчэ шмат гадоў вядуць іх адусюль дарогі да бацькоўскага дома. Так дорага, калі ў гэтым доме яшчэ гарыць святло.

Фаіна КасаткінаФота аўтара

Дата публикации: 22 Июня, 2018

Нет комментариев